«Гэта ўсё было нечакана». Сына берасцейскага актывіста Мазько адпусцілі з ізалятару, але выклікаюць на допыт


Дзяніс Мазько, сын берасцейскага актывіста Майсея Мазько, выйшаў на волю з ізалятару ўвечары 7 красавіка. Ягоны цяперашні статус – падазраваны паводле ч. 2 арт. 295 КК («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі»). Сёння, 8 красавіка, у другой палове дня Дзяніса выклікаюць на допыт.

Рэпрэсіі супраць праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці цягнуцца даўно: цягам году іх штрафавалі і адпраўлялі на «содні». Аднак гэтай вясной улады пачалі заводзіць на актывістаў крымінальныя справы.

3 красавіка міліцыя затрымала 62-гадовага Майсея Мазько, які рэгулярна ўдзельнічаў у пратэсце: у ягонай машыне супрацоўнікі ДАІ знайшлі патроны і выбухоўку. Яму абвесцілі пра падазрэнне ў «незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў». Мазько правёў за кратамі 3 дні – 6 красавіка яго адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

Hавiны
Майсей Мазько, у якога міліцыянты знайшлі патроны і выбухоўку, выйшаў на волю
2019.04.06 12:30

Днём раней па тым жа падазрэнні затрымалі і сына Майсея – Дзяніса Мазько. Ён выйшаў на волю позна ўвечары 7 красавіка. Крымінальныя справы супраць абодвух працягваюцца, яны цяпер у статусе падазраваных і пад падпіскай аб нявыездзе.

«У ізалятары са мной абыходзіліся даволі ветліва, ніякіх нараканняў да гэтых міліцыянтаў не маю. Мой удзел у пратэсце супраць заводу не такі, як у бацькі, але пераслед я звязваю менавіта з гэтым. Ніякіх іншых нагодаў, нейкіх нядобразычліўцаў у маім жыцці не было. Як пайшла гісторыя з заводам – фарбы пачалі згушчацца…», – сказаў Дзяніс у каментары belsat.eu.

Паводле словаў Мазько-малодшага, падчас знаходжання пад вартай у яго бралі мазкі для геномнай экспертызы. Звычайна яна робіцца, каб усталяваць біялагічную роднасць асобаў.

На допыт Дзяніса выклікаюць сёння пасля абеду. Цяпер ён знаходзіцца на працы. Мазько займае пасаду галоўнага інжынера ў Свята-Раство-Багародзіцкім жаночым манастыры ў Берасці.

«Канешне, гэта ўсё было нечакана для мяне. Я не думаў, што за мной прыйдуць, быў моцна заняты па працы… Сярод калегаў, дарэчы, негатыўнага стаўлення не сустрэў, наадварот – паставіліся з разуменнем», – гаворыць Дзяніс.

Не толькі сям’я Мазько звязвае крымінальны пераслед са сваім удзелам у пратэсце супраць будаўніцтва заводу АКБ, што трывае ўжо больш за год. На думку праваабаронцы Рамана Кісляка, гэта палітычна матываваная справа. Знойдзеныя ў аўта Майсея патроны і выбухоўку Кісляк лічыць «правакацыяй» і сцвярджае, што іх, хутчэй за ўсё, падкінулі самі міліцыянты. Раней Майсей Мазько скардзіўся, што за ім сочаць невядомыя. Падчас вобшукаў у доме Мазько нічога падазронага міліцыя не знайшла, нічога не канфіскавалі.

Праваабаронца адзначае: улады сур’ёзна ўспрынялі пратэст берасцейцаў і вырашылі ўжыць такія ж рэпрэсіўныя метады, як звычайна ўжываюць супраць апазіцыянераў.

Гэтак, 5 красавіка міліцыя спрабавала затрымаць актывістку Таццяну Фесікаву, якая выступіла ў абарону Майсея Мазько, але ейныя паплечнікі адстаялі жанчыну. Увечары таго дня Фесікава адчула сябе блага і была шпіталізаваная ў кардыялагічнае аддзяленне Берасцейскай абласной лякарні.

7 красавіка, у нядзелю, берасцейцы традыцыйна выйшлі на пратэст супраць заводу, у цэнтры гораду сабраліся больш за 300 чалавек.

КА belsat.eu

Стужка навінаў