«Гэта не выпадковы збег абставінаў». Ці звязаныя смерці Патаповіча і ягонага аднакурсніка з Берасця?


У верасні 2018 года ў лесе пад Берасцем знайшлі цела 21-гадовага лейтэнанта крымінальнага вышуку Валерыя Калькіса. Паводле афіцыйнай версіі, міліцыянт застрэліўся. Аднак сям’я дасюль не верыць, што гэта было самазабойства. Калькіс вучыўся на адным курсе з лейтэнантам ДАІ з Магілёва Яўгенам Патаповічам, які загіне праз 8 месяцаў – 16 траўня 2019 года. Belsat.eu пагутарыў з сябрамі ды блізкімі Калькіса наконт абставінаў леташняй трагедыі ў кантэксце загадкавай смерці ў Магілёве.

І Калькіс, і Патаповіч, паводле афіцыйнай версіі, застрэліліся з табельнай зброі. Іх трупы знайшлі ў лесе – пад Берасцем і пад Магілёвам адпаведна. Перадсмяротных запісак хлопцы не пакінулі.

Пра тое, што два міліцыянта разам вучыліся ў Магілеўскім інстытуце МУС першым паведаміў блогер NEXTA. Пазней гэтую інфармацыю пацвердзілі сваякі лейтэнанта ДАІ. Маці Патаповіча Вольга Паўлаўна, у прыватнасці, распавяла ў інтэрв’ю belsat.eu:

«Летась у яго адзін з лепшых сяброў загінуў, Валера Калькіс, застрэліўся ў лесе пад Берасцем пасля спрэчкі з дзяўчынай. Ён Жэню як брат быў… Яны ўсе былі даішнікі (гэта памылка, насамрэч Калькіс працаваў у крымінальным вышуку – заўв. belsat.eu), вучыліся разам. Пасля Жэня прыйшоў да мяне і засумняваўся: «Мама, можа быць гэтак, што ён праз дзяўчыну страляўся?» Не, кажу, не думаю. Адчула нешта няладнае і пытаюся: «Куды вы ўлезлі, дзеці?» А ён адразу замітусіўся: «Нікуды, мама, нікуды». А потым сказаў: «Я за свайго брата адпомшчу». Магчыма, гэта ўсё нейкі ланцужок».

Маці Патаповіча рабіла акцэнт на блізкіх сяброўскіх стасунках Яўгена і Валеры. Ці сапраўды яны былі найлепшымі сябрамі – сказаць цяжка. Сваякі і знаёмыя, з якімі гутарыў belsat.eu, прызнаюць, што яны разам вучыліся, але пра самога Патаповіча ад Калькіса амаль не чулі і асабіста яго не ведалі. Аднак смерці двух маладых міліцыянтаў сапраўды лічаць вельмі падазронымі.

«Мы спрабуем даказаць, што гэта быў не суіцыд»

В. Калькіс. Здымкі blest.eu прадстаўленыя сябрамі

Выпускны ў Магілёўскім інстытуце МУС у Калькіса прайшоў у ліпені 2018 года. У жніўні пачалася ягоная служба ў крымінальным вышуку Маскоўскага РАУС Берасця. Аднак праслужыў у міліцыі ён трохі больш за месяц: увечары 11 верасня Калькіс не прыйшоў дадому з працы і перастаў адказваць на званкі (тэлефон быў выключаны). На наступны дзень цела лейтэнанта знайшлі ў лесе пад Берасцем. Следства прыйшло да высновы, што крымінальнага следу ў трагедыі няма.

Сваякі не вераць у версію пра самазабойства. «Мы спрабуем даказаць ужо столькі часу, што гэта быў не суіцыд. Мы ў чарговы раз пішам паперы, пра тое што не згодныя з суіцыдам. Зараз ідзе яшчэ адна праверка па справе», – кажа сваячка Калькіса (свае імя яна папрасіла не агучваць пакуль новая праверка не скончаная).

Блізкія сцвярджаюць, што нічога падазронага ў паводзінах Валерыя перад смерцю не заўважалі. Яны таксама адмаўляюць, што ў хлопца былі нейкія праблемы – з грашыма або з дзяўчынай. Дзяўчыны ў лейтэнанта на той момант наагул не было, а жыў ён разам з бацькамі. У дзень знікнення пасля абеду гутарыў па тэлефоне з маці і быў у добрым настроі. Нічога пра намер здзейсніць суіцыд не казалася і ў перапісцы хлопца ў мэсэнджарах.

«Потым мы глядзелі тэлефон, а там усе запыты ў Google былі выдалены. І нехта адмыслова пакінуў ва ўкладках сайт пра суіцыд», – кажа наша суразмоўца.

Што насамрэч здарылася з Валерыем – блізкія не ведаюць. Але лічаць дзіўнымі дзве смерці міліцыянтаў у Берасці і Магілёве.

Hавiны
Прадстаўніца Следчага камітэту: Яўген Патаповіч інсцэнаваў уласнае забойства
2019.05.20 16:48

«Ён трохі нерваваўся, але спрабаваў гэта схаваць»

Сяброўка Калькіса Наталля распавяла: дзён за 10 да смерці яны стэлефаноўваліся праз адзін з мэсэнджараў і Валерый казаў што ў яго ёсць нейкая праблема.

«Я спытала: якая? А ён кажа: ды забей, усё нармальна. Сказаў – «невялікая праблемка». Якая праблема і з чым яна звязаная – не ведаю. Калі ён мне тэлефанаваў, ён трохі нерваваўся, але спрабаваў гэта схаваць», – распавядае Наталля.

На пытанне, ці магла быць праблема звязаная з працай, сяброўка кажа: магчыма. «Ён мне хацеў нешта сказаць, але не мог, бо сець магла праслухоўвацца», – дадае яна.

«Мае меркаванне: Валера нешта даведаўся, што не мусіў ведаць. І магчыма распавёў сябру. Гэта (смерці Патаповіча і Калькіса – заўв. belsat.eu) не выпадковы збег абставінаў, сувязь есць адназначна. Значыць яны абодва нешта ведалі і камусьці было трэба, каб іх прыбралі… І другі варыянт: следства проста не магло раскрыць забойства і вырашыла спісаць усе на суіцыд», – адзначыла сяброўка берасцейскага міліцыянта.

«Яго пастаянна прыніжалі і абражалі»

Ілюстратыўнае фота, Ірына Арахоўская / «Белсат»

Belsat.eu таксама пагутарыў з калегам Калькіса – дзейным працаўніком органаў унутраных справаў. Андрэй (імя зменена з меркаванняў бяспекі) вінаваціць у смерці Калькіса міліцэйскае кіраўніцтва.

«Валера быў ветлівым, прыязным. Тое, што потым пісалі ў інтэрнэце – маўляў, замкнёны быў, на сваёй хвалі – гэта ўсё няпраўда. Што стала прычынай ягонай гібелі? Думаю, выключна пазіцыя нашага кіраўніцтва, свінскае стаўленне да людзей. Валера быў малады супрацоўнік, недасведчаны. У яго не атрымлівалася праца. Яму даюць заданне – ён ідзе і робіць як яго вучылі ў інстытуце. А яго начальства пачынае брудам паліваць. Замест таго, каб неяк навучаць, распавядаць, вучыць працаваць – Валеру пастаянна прыніжалі і абражалі. Маўляў, дурань, ты не ведаеш, не разумееш… Такое стаўленне да ўсіх маладых супрацоўнікаў», – распавядае Андрэй.

Што Калькіс знік стала вядома ўвечары, але да наступнага дня кіраўніцтва РАУС хавала гэты факт, сцвярджае суразмоўца. 12 верасня асабісты склад паднялі па трывозе і пачаўся пошук. Паводле Андрэя, побач з целам Калькіса знайшлі нейкія дакументы і матэрыялы, звязаныя з міліцэйскай працай – малады лейтэнант спрабаваў іх спаліць. Вынікі праверкі па факце смерці Калькіса кіраўніцтва хавала ад шараговых працаўнікоў.

«У нас усе вельмі скрытна. Калі толькі знайшлі цела, першай рэакцыяй начальнік крымінальнага вышуку была – хутка правярайце свае кабінеты, каб быў парадак, бо зараз прыедуць з праверкай. То бок настолькі баяцца за свае шкуры», – успамінае Андрэй.

Яўгена Патаповіча наш суразмоўца не ведаў і на пахаванні Калькіса яго не бачыў. Пра абставіны ягонай гібелі нічога не ведае. Але ў афіцыйную версію не верыць.

«Усе ж бачылі фатаграфіі. Кроў унізе жывата… Кажуць – накапала з галавы. Ну як гэта? Там падобна была рана ў пахвіне… Канешне, ніхто нічога канкрэтна не ведае, але супрацоўнікі смяюцца – ну што гэта за трызненне? Атрымліваецца, паехаў у лес, сам сябе зашпіліў кайданкі, зняў штаны і застрэліўся? Глупства», – каментуе Андрэй.

Кадр з відэпрэзентацыі СК па справе Яўгена Патаповіча на брыфінгу ў Менску 20 траўня 2019 года

***

  • Цела лейтэнанта міліцыі Яўгена Патаповіча знайшлі 16 траўня каля 20:45 у лясным масіве ў Магілёўскім раёне. Міліцыянт быў у кайданках і без штаноў. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле арт. 362 (забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў пры выкананні службовых абавязкаў).
  • Спачатку меркавалася, што да смерці Патаповіча могуць быць датычныя ромы. Перад знікненнем міліцыянт даслаў калегам паведамленне ў Viber. У ноч з 16 на 17 траўня ў пасёлках Чапаеўка і Грабянёва АМАП правёў рэйд і затрымаў некалькі дзясякаў ромаў. Ромы скардзіліся на збіццё і абразы. Міністр Шуневіч вырашыў не прыносіць прабачэнняў за брутальныя дзеянні міліцыі.
  • Раніцай 20 траўня прадстаўнікі Следчага камітэту і Міністэрства ўнутраных справаў правялі брыфінг, на якім заявілі пра тое, што асноўная версія прычыны смерці міліцыянта Яўгена Патаповіча – суіцыд.
  • Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Юлія Ганчарова патлумачыла дзіўныя акалічнасці смерці інспектара ДАІ з Магілёва Яўгена Патаповіча тым, што ён нібыта інсцэнаваў уласнае забойства. У СК адзначылі, што штаноў на інспектары ДАІ не было, бо загінулы наўмысна спаліў іх з дапамогай вадкасці для распальвання. Таксама Патаповіч нібыта не меў ніякіх раненняў у вобласці пахвіны: кроў на бялізне, паводле СК, аказалася там праз позу цела загінулага.

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў