Генпракуратура пагражае стваральнікам платформы «Голас» адміністратыўнай адказнасцю


Генпракуратура заяўляе, што онлайн-платформы «Голос» і Zubr.in не атрымалі акрэдытацыю на збор сацыялагічнай інфармацыі і таму іх стваральнікаў могуць прыцягнуць да адказнасці.

Генпракуратура спасылаецца на ч.1 арт.9.28 КаАП, паводле якой правядзенне даследаванняў і апублікаванне вынікаў апытанняў грамадскай думкі без атрымання адпаведнай акрэдытацыі цягнуць накладанне штрафу ў памеры да дваццаці базавых велічыняў, а на юрыдычную асобу – да ста базавых велічыняў. У онлайн-платформы «Голос» і Zubr.in акрэдытацыі няма, падкрэсліваюць у ведамстве.

«Пры высвятленні фактаў правядзення грамадзянамі, назіральнікамі неправамерных апытанняў грамадскай думкі, якія адносяцца да грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, без атрымання адпаведнай акрэдытацыі маюцца падставы для прыцягнення іх да адміністратыўнай адказнасці па арт.9.28 КаАП», – адзначаецца ў паведамленні Генпракуратуры.

Учора, 6 жніўня, Аляксандр Лукашэнка даручыў праваахоўным органам даць ацэнку законнасці альтэрнатыўнага падліку галасоў. «Яшчэ адна тэма, якая ўсплыла, гэта альтэрнатыўны падлік галасоў у дзень выбараў. І Генеральнай пракуратуры, і судам варта даць ацэнку законнасці падобных ініцыятыў. У судах, калі такія звароты туды паступяць», – сказаў ён.

Аб’яднаны штаб на чале са Святланай Ціханоўскай прапануе выкарыстоўваць платформу «Голас» для абароны галасоў беларусаў на выбарах 9 жніўня 2020 года. Кожны ахвочы можа далучыцца да пляцоўкі праз чат-бот у Telegram або Viber. Беларусам прапануецца дасылаць фота свайго бюлетэня на выбарах. Затым усе бюлетэні плануецца апрацаваць і такім чынам правесці альтэрнатыўны падлік галасоў.«У дзень галасавання зрабіце фота бюлетэня з выбарам і адпраўце ў чат з ботам (гэта можна зрабіць і пасля 9 жніўня). Сістэма падлічыць вынікі па кожным участку. Яны будуць апублікаваны пасля афіцыйных вынікаў выбараў». – адзначаецца на сайце платформы.

На раніцу 7 жніўня на платформе «Голас» зарэгістраваліся ўжо больш за 902 тысячы выбарцаў.

Hавiны
Лідзія Ярмошына назвала платформу «Голас» «злачынным праектам»
2020.08.07 11:44

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў