Фанат-антыфашыст Вадзім Бойка: Мне проста выразалі 4 гады з жыцця


Belsat.eu паразмаўляў з Вадзімам Бойкам праз пару дзён пасля ягонага вызвалення з турмы – пра жыццё за кратамі, адаптацыю на волі ды ціск на сям’ю.

16 красавіка на волю выйшаў Вадзім Бойка – антыфашыст, якога ў сакавіку 2017 года пакаралі 4 гадамі пазбаўлення волі. Асуджаны ён быў разам са сваімі паплечнікамі, фанатамі ФК «Партызан» за бойку з заўзятарамі ФК «Тарпеда Менск», што адбылася яшчэ ў 2014-м годзе ў тралейбусе. За той выпадак 6 фанатаў ФК «Партызан» па выніку атрымалі ад 4-х да 12-ці год пакарання.

Вадзім пагадзіўся сустрэцца з Belsat.eu і распавесці, якімі сталіся для яго гэтыя 4 гады за кратамі.

Вадзім Бойка.
Фота: Belsat.eu

– Якім чынам на вас паўплывала калонія?

– Можна сказаць, што я стаў больш спакойным. Я пачаў шмат што лепш разумець, і калі раней мог да некаторых сітуацыяў ставіцца больш катэгарычна, то цяпер я пачаў разумець людзей з іхнымі «тараканамі». Але і злосць з’явілася да гэтай дзяржавы, да крымінальнай сістэмы. Калі я выйшаў, я быў шакаваны, што за гэтыя гады адбылося з краінай, да чаго яна прыйшла, і выйсця з гэтага я пакуль не бачу.

– Ці ёсць для вас хоць нешта пазітыўнае ў гэтым тэрміне?

– Цяжка сказаць адназначна, бо гэта адначасова сумна і весела. Пазітыўна з пункту гледжання нейкіх новых ведаў: там я пазнаёміўся са шматлікімі цікавымі людзьмі, літаратурай, з нашай сістэмай знутры, даведаўся, што сапраўды адбываецца ў нашай дзяржаве, бо раней на гэта не звяртаў увагі.

– Шмат згубілі за гэты час?

– Згубіў вельмі шмат часу. У суседзяў, сяброў шматлікія перамены, многа чаго зʼявілася. Мне проста выразалі 4 гады з жыцця, і зараз мне прыйдзецца даганяць гэты час. Ты будаваў па каменьчыках сваё жыццё, свой уласны свет, а пасля нехта прыехаў і зруйнаваў гэта ўсё экскаватарам, і вось сядзіш на гэтых руінах і не ведаеш, што рабіць. Хаця мне яшчэ не гэтак шмат дасталася. Нават узяць бы Іллю Валавіка, якому прысудзілі 10 год па сфабрыкаванай справе са сведчаннямі пацярпелых пад прымусам. Я пазнаёміўся ў Шклове з адным чалавекам, які сядзеў на Валадарцы з Іллём. І ён распавядаў, як там здзекаваліся над хлапцом: не давалі есці, білі, «вазілі» па сценках. Алена Валавік (жонка) на той момант яшчэ была цяжарная, а Іллю падвозілі пад сцены больніцы і пагражалі, што яна можа нарадзіць на зоне, калі той не дасць паказанні супраць сябе.

Hавiны
Абвінавачаны па справе фанатаў: аператыўнікі пагражалі, што мая жонка будзе нараджаць у турме
2017.02.15 11:25

– Вы лічыце сябе палітзняволеным?

– Пасля Майданаў ва Украіне было відавочна, што і нашая дзяржава вырашыла «пачысціць» нязгодных людзей якімі заўгодна спосабамі. Лічу, што гэта сапраўдны страх перад тымі, хто можа нешта рабіць, вырашаць… ды проста думаць! І канешне, палітычнасць справы тут прасочваецца. Калі за такую ж сітуацыю фанатаў з правымі поглядамі ледзьве не апраўдваюць, і толькі аднаму з іх прысуджаюць смешны тэрмін, а праз год ён выходзіць на свабоду [бойка фанатаў ФК «Слуцк» з фанатамі ФК «Гарадзея» у 2016 годзе. – Belsat.eu]. Што гэта, калі не палітыка? Асуджаныя, калі даведваліся пра нашую справу, вельмі падтрымлівалі, называлі палітзэкамі, хоць афіцыйна нас такімі ніхто так і не прызнаў.

– А ці адчувалі на сябе ціск непасрэдна ў калоніі?

– Пастаянна. Антыфашыст – гэта кляймо, якое вешаецца ад самага пачатку. Разам з тваім прыбыццём з табой прылятае і спецыяльная папера, каб адміністрацыя паставіла на прафілактычны ўлік. Ніхто не звяртае ўвагі на тое, які ты чалавек. Калі ты на волі займаўся спортам, праводзіў трэніроўкі, то ты аўтаматычна рыхтуеш пераварот. А на ўсе дабрачынныя акцыі, напрыклад зборы сродкаў і падарункаў у дзіцячыя дамы, ніхто не звяртае ўвагі. З цябе проста робяць ворага народа.

Увага з цябе не сыходзіць: ты заўсёды стаіш у першым шэрагу, спіш толькі на верхніх ярусах, з бацькамі атрымаць спатканне значна цяжэй, усе тэлефанаванні праслухоўваюцца і кантралююцца. Пры гэтым ціск працягваецца і на тваіх родных: суседзям супрацоўнікі ГУБАЗ столькі ўсяго нагаварылі пра мяне, што яны хіба год не размаўлялі з маімі бацькамі. Вось прыклад, які адбыўся за 13 дзён да выхаду на волю. На выхадзе са стадыёну супрацоўнік адміністрацыі кажа мне, што я лаяўся матам, а яшчэ і не голены належным чынам. Хоць правілы дазвалялі мне той выгляд, ды і ішоў я ў лазню з мэтай пагаліцца. Але не дайшоў. На 10 дзён мяне адправілі ў ШЫЗА нават без нейкай прафілактычнай размовы. А пасля яшчэ 3 дні накінулі да канца тэрміну. І на ўсе мае пытанні адказ адзін: ты сам усё разумееш. Тое ж было і з рукой, на якую мне зрабілі аперацыю яшчэ перад тэрмінам. На мае скаргі проста не звярталі ўвагі і нават смяяліся, што палец – не адное месца, не адваліцца.

Hавiны
Падпіска аб нявыездзе ўзамен на паказанні супраць сябра. Працягваецца суд над футбольнымі фанатамі
2017.02.13 18:29

– Як зараз праходзіць перыяд адаптацыі? Ці складана ўлівацца ў жыццё?

– Гэта не тое, што адаптавацца ў калоніі. Сябры і паплечнікі пісалі мне ўвесь тэрмін лісты, фінансава падтрымлівалі мяне і сямʼю. Зараз мне дапамаглі з працай, на якой я ўжо нават адпрацаваў некалькі дзён. Перыяд акліматызацыі праходзіць значна лягчэй, чым у звычайных зэкаў.

– Ці адчуваеце сябе сёння сапраўды свабодным чалавекам?

– Якое там! Нават маё вызваленне здымалі на камеру. Гэта чарговы раз даказвае, што свабоды тут няма ніякай, гэта проста спроба запалохаць чалавека і нагадаць пра адсутнасць у яго правоў, падавіць погляды, нязгоду з тым, што адбываецца навокал. Я нават не выключаю моманту, што пасля нашай размовы да мяне нехта можа прыйсці. Але цяпер я ўпэўнены, што маўчаць не трэба, на ўсе несправядлівыя дзеянні варта пісаць скаргі і дамагацца праўды, няхай гэта і не заўсёды спрацоўвае.

Марыя Арцыбашава, фота аўтара Belsat.eu

Стужка навінаў