Абвінавачаны па справе фанатаў: аператыўнікі пагражалі, што мая жонка будзе нараджаць у турме


«Яны паклалі на стол справу, заведзеную на жонку. Казалі, калі мае паказанні разыдуцца з іх версіяй, то мая жонка апынецца ў гэтых сценах і народзіць тут». Абвінавачаны Ілля Валавік у судзе заявіў, што на яго ціснулі ў галоўным упраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю.

14 лютага ў судзе дапыталі абвінавачанага Іллю Валавіка і чатырох пацярпелых. Шасцярым прыхільнікам клубу «Партызан»: Іллю Валавіку, Вадзіму Бойка, Дзмітрыю Цехановічу, Філіпу Іванову, Арцёму Краўчанку, Андрэю Чартовічу інкрымінуецца ўдзел у бойцы 29 чэрвеня 2014 году.

Шантажавалі цяжарнай жонкай

«Скажыце, калі ласка, з агалошаных раней паказанняў, у 23 томе ад 24 сакавіка 2016 году, вы сказалі, што ў паказаннях вамі зроблена выснова пра тое, што Краўчанка зняў токапрыёмнікі тралейбуса. Вы патлумачылі, што лічылі, гэты факт ужо вядомым і сказалі, што вы «бачылі» гэта для таго, каб вам гэту інфармацыю залічылі. Што гэта значыць? Хто яе павінен быць улічыць? Чаму вы давалі такія паказанні, калі не бачылі, што гэта зрабіў Краўчанка?» – спыталася адвакат Іллі Валавіка Ганна Бахціна ў канцы другой гадзіны допыту свайго падабароннага.

«З моманту майго затрымання, 22 сакавіка 2016 году, са мной пастаянна працавалі супрацоўнікі ГУБАЗ. Яны карэктавалі мае паказанні, прыходзілі за дзень да следчага і казалі, што ведаюць, што я павінен сказаць, – прызнаўся Ілля Валавік. – У момант затрымання цяжарная жонка трапіла ў шпіталь. Яны паклалі на стол справу, заведзеную на жонку. Казалі, калі мае паказанні разыдуцца з іх версіяй, то мая жонка апынецца ў гэтых сценах і народзіць тут».

Паводле словаў Іллі, адвакат не паведаміў яму адразу, што з жонкай Аленай усё ў парадку, яна нарадзіла і выпісалася.

«Я баяўся нават пісаць заяву, каб мяне не дапытвалі без прысутнасці адваката. Цяпер я даў поўныя паказанні, – патлумачыў Валавік. – Тыя недакладнасці ў паказаннях звязаны з тым, што яны хацелі сутыкнуць нас ілбамі з маймі сябрамі».

Паміж фанатамі адбылася сутычка перад інцыдэнтам 29 чэрвеня

Абвінавачаны распавёў, што з’яўляўся ўдзельнікам групоўкі «New School Band», якая ўмоўна адносілася да Першамайскага раёну Менску. Ён сам ходзіць на стадыён заўзець за клуб «Партызан» з 2009 году. Там і пазнаёміўся з іншымі фанатамі.

«Унутранай структуры не было. Ідэалогіі не было. У кожнага сваё меркаванне. Аб’ядноўваў толькі футбол», – патлумачыў Ілля пра погляды фанатаў.

Таксама ён расказаў, што не быў трэнерам па тайскім боксе, але час ад часу замяняў інструктара ў залі. Ілля Валавік займаецца рознымі відамі адзінаборстваў даўно. Ён выйграваў нават чэмпіянат рэспублікі і кубкі Еўропы.

Ілля Валавік распавёў адзін эпізод, пра які не вядзецца ў матэрыялах крымінальнай справы, але пралівае святло, чаму заўзятары «Партызана» вырашылі высветляць стасункі з заўзятарамі «Тарпеда».

Улетку 2014-га, напярэдадні 29 чэрвеня ў фанатаў «Партызана» быў «выезд» у Воршу на матч. Туды паехалі некалькі чалавек з клубу «Тарпеда» ды збілі Дзмітрыя Янушка. Той трапіў у шпіталь. Валавіка тады ў Оршы не было.

«У сувязі з чым была агрэсія «Тарпеда»?» – спытаўся пракурор.

«Каб паказаць сваю значнасць» – адказаў Ілля.

27-28 чэрвеня Дзмітрый Янушка прапанаваў Валавіку сустрэцца з фанатамі «Тарпеда» 29-га, калі была гульня іх каманды. Янушка фігураваў у крымінальнай справе як сведка. Вядома, што ён з’ехаў за мяжу.

Валавік сведчыў, што не арганізоўваў «хуліганскія дзеянні» 29 чэрвеня і не ведаў, што ў тралейбусе былі «цывільныя асобы».

Пацярпелыя просяць не караць строга

Сярод пацярпелых – кіроўца тралейбуса ды пасажырка, якая аказалася дыспетчаркай у «Менсктрансе».

У той вечар жанчына вярталася дахаты з працы. Яна распавяла, што «усё адбылося вельмі хутка, за 1,5-2 хвіліны». Яна зазначыла, групу хлопцаў, што наляцелі на тралейбус, не цікавілі пасажыры. Іх увага была скіраваная на кампанію маладых людзей на задняй пляцоўцы.

Як і кіроўца тралейбуса, яна не лічыць сябе пацярпелай: па медычную дапамогу не звярталася, матэрыяльнай ці маральнай шкоды не адчула. На пытанне пра пакаранне для падсудных, яна адказала: «максімум – штраф».

Пацярпелыя ў крымінальнай справе – фанаты клубу «Тарпеда», якія 29 чэрвеня ехалі на стадыён.

Былы футбаліст каманды «Тарпеда» Гайкоў засведчыў, што да распыленага газу ў тралейбусе «было балюча расплюшваць вочы». Ён адмовіўся адказваць на пытанні абароны падсудных пра аб’яднанні сярод фанатаў «Партызана», скарыстаўшыся правам не сведчыць супраць сябе.

Пацярпеламу заўзятару Бондару ў бойцы адарвалі капюшон, а ад газу засталася пляма на майцы. Пасля пляму ён адмыў, а што да пашкоджанай курткі, то ў матэрыяльнай справе фігуруе шкода на 60 рублёў, якую яму не сплацілі.

У яго адвакаты таксама пыталіся пра ідэалагічную варожасць паміж заўзятарамі.

«Без паняцця», – адказаў Бондар.

Працэс працягваецца 15 лютага, дапытваюцца іншыя сведкі.

Х.М., belsat.eu

Стужка навінаў