Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэёў не прыляціць у Менск 4 студзеня


Анансаваны на 4 студзеня візіт у Беларусь Дзяржсакратара ЗША Майка Пампэёў адкладваецца. Прычынаю таму сталі напады на амбасаду Злучаных Штатаў у Іраку. На сайце Дзярждэпартаменту ЗША паведамляецца, што Пампэёў адмяніў замежную паездку ва Украіну, Беларусь, Казахстан, Узбекістан і Кіпр.

Першапачаткова пра перанос візіту Дзяржсакратара Майка Пампэёў паведаміла Міністэрства замежных справаў Узбекістану. Міністэрскую сустрэчу «Цэнтральнай Азія – ЗША» перанеслі з 5- 6 студзеня 2020 года на пазнейшы тэрмін.

Пра тое, што пераносіцца візіт Дзяржсакратара ЗША ў Беларусь, TUT.BY паведамілі ў МЗС Беларусі.

«У сувязі з сітуацыяй з пасольствам ЗША ў Іраку дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэёў у бліжэйшы час вымушаны знаходзіцца ў Вашынгтоне. У гэтай сувязі рэалізацыя шэрагу мерапрыемстваў, у тым ліку планаваны на 4 студзеня візіт у Беларусь, пераносіцца на іншыя тэрміны», – распавёў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

Канкрэтныя тэрміны, на якія пераносіцца візіт, у вонкавапалітычным ведамстве пакуль не называюць, магчымыя даты ўзгадняюцца з амерыканскім бокам.

Напярэдадні, 31 снежня, у Багдадзе адбыліся акцыі пратэсту супраць атакі ЗША па шыіцкіх аб’ектах у памежным з Сірыяй горадзе Эль-Каім. У выніку авіяўдару па базе загінулі па меншай меры 25 чалавек, яшчэ 55 атрымалі раненні.

Пра тое, што Беларусь з афіцыйным візітам наведае Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэёў, 26 снежня 2019 году паведаміла выданне Foreign Policy. Пазней Дзяржсакратар ў сваім Twitter напісаў, што чакае гэтага візіту.

«У прадчуванні паездкі ва Украіну, Беларусь, Казахстан, Узбекістан і Кіпр у новым годзе, каб сустрэцца з калегамі і пацвердзіць прыярытэты ЗША ў Еўропе і Паўднёвай Цэнтральнай Азіі», – напісаў Майк Пампэёў у сваім Twitter.

У выніку ж візіт адклалі.

29 жніўня 2019 года Беларусь з афіцыйным візітам наведваў цяпер ужо былы дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан. У Менску ён сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Размова кіраўніка Беларусі і дарадцы прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы доўжылася больш за дзве гадзіны. Болтан назваў сустрэчу «вельмі важнай», хоць яны з Лукашэнкам «і не прыйшлі да нейкіх канкрэтных рашэнняў».

Аб’ектыў
Менск шукае абароны ў ЗША
2019.12.26 22:04

СК belsat.eu

Стужка навінаў