Менск шукае абароны ў ЗША


Як стала вядома журналістам, праз некалькі дзён з афіцыйным візітам Менск наведае дзяржсакратар ЗША Майкл Пампэёў. З чым можа быць звязаная змена стаўлення Вашынгтону да ўладаў Беларусі, і пры чым тут Расея?

Дзяржсакратар ЗША прыедзе ў Менск упершыню за ўсю гісторыю беларуска-амерыканскіх дачыненняў. Пра візіт у нашую краіну, чыё кіраўніцтва ўжо 13 гадоў застаецца пад амерыканскімі санкцыямі, паведаміў часопіс «Foreign Policy».

«Чакаецца, што Злучаныя Штаты адновяць дыпламатычныя дачыненні з Беларуссю, адправіўшы амбасадара ў Менск упершыню за больш як дзесяцігоддзе: нават не зважаючы на тое, што прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін спрабуе падпарадкаваць гэтую краіну сабе», – піша амерыканскае выданне.

У Беларусь Майкл Пампэёў можа прыехаць 4 студзеня – адразу пасля візіту ва Украіну.

«Беларускі бок занепакоены ўзмацненнем вайсковай прысутнасці NATO на мяжы Літвы і Беларусі. Так што хутчэй за ўсё, будуць абмяркоўваць праблемы бяспекі. Другой найбольш верагоднай тэмай можа стаць саюзная інтэграцыя, паколькі гэтае пытанне прыцягвае зараз шмат увагі», – мяркуе аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў BISS Кацярына Шмаціна.

Масква настойвае, што дзеля атрымання таннага газу і кампенсацыі за падаражэнне расейскай нафты, Беларусь павінна ўніфікаваць законы з расейскімі. Абмяркоўваюць тры дзясяткі дарожных мапаў. У іх прапісана, як аб’яднаць мытную і гандлёвую палітыку, правілы працы фірмаў, падаткі. Ёсць і 31-ая карта – палітычная.

«Гэта план будаўніцтва наднацыянальных органаў. Парламент, магчыма, прэзідэнт будзе, і г.д. Мы наагул на гэтую тэму дамовіліся не гаварыць з Пуціным», – заявіў у інтэрвʼю «Эху Москвы» Аляксандр Лукашэнка.

Пасля ўніфікацыі законаў, паводле якіх працуюць эканомікі, дыктаваць правілы Менску стане Крэмль, і не толькі ў эканамічнай сферы, што не аднойчы падкрэслівалі беларускія палітолагі. Чым кіраўніцтву Беларусі могуць дапамагчы ЗША?

«Мы пакуль абмежаваныя ў формах і абʼёмах гэтага падтрымання, але на пэўныя саступкі, звязаныя з санкцыйных рэжым, Злучаныя Штаты пойдуць», – заявіў у інтэрвʼю «Эху Москвы» кіраўнік Беларусі.

Каб прадэманстраваць падтрыманне беларускай незалежнасці, у Менск ужо прыязджаў дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан. У верасні вяртанне паслоў з Аляксандрам Лукашэнкам абмеркаваў намеснік дзяржсакратара ЗША Дэйвід Гэйл. На думку палітолага Дзмітрыя Арэшкіна, Крэмль бачыць у гэтых візітах пагрозу, але змяніць курс Аляксандра Лукашэнкі не зможа.

«Сілай яго не выкалупаць, дзвярную ручку нашмараваць складанымі хлорарганічнымі злучэннямі наўрад ці ўдасца, эканамічная блакада выкліча жорсткае супрацьстаянне – прыкладна такое ж, як паміж Расеяй і Украінай», – мяркуе маскоўскі эксперт.

Аляксандр Лукашэнка спадзяецца калі не на эканамічную, то на палітычную падтрымку Захаду. У інтэрв’ю «Эху Москвы» кіраўнік Беларусі намякнуў, што калі Расея парушыць беларускі суверэнітэт – то ёй давядзецца ваяваць.

«Гэтага ўжо Захад і NATO не вытрываюць. Таму што яны палічаць гэта за пагрозу ім. У гэтым сэнсе яны ў чымсьці маюць рацыю», – заявіў Лукашэнка.

Аляксандр Папко belsat.eu

Фота: Samantha Zucchi / Backgrid UK / Forum