Дармаеды будуць аплочваць поўныя жыроўкі з сакавіка, а не з лютага


Беларусы, на якіх распаўсюджваецца дзеянне дэкрэту № 1, і якія маюць пры гэтым ва ўласнасці кватэры, атрымаюць поўныя жыроўкі за гарачую ваду ў сакавіку. Раней планавалася, што гэта адбудзецца ўжо ў лютым. Урад вырашыў такім чынам даць людзям час, каб пацвердзіць сваю занятасць.

«Ва ўрадзе прынята рашэнне аб дадатковым інфармаванні грамадзянаў аб уключэнні іх у спісы плацельшчыкаў ЖК- паслуг, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных выдаткаў на іх аказанне», – паведамілі ў Мінпрацы.

Паведамляць пра ўключэнне ў базу будуць на жыроўках, якія беларусы атрымаюць у лютым. Пры гэтым налічаць плацяжы за гарачую ваду па поўным тарыфе за студзень не будуць.

«Рашэнне прынята дзеля таго, каб грамадзяне, якія трапілі ў спісы, мелі дадатковую магчымасць пацвердзіць сваю занятасць ці цяжкую жыццёвую сітуацыю яшчэ і ў лютым 2019 года», – удакладнілі ў Мінпрацы.

Марш абураных беларусаў, 2017 год

Але тыя, хто трапіў у базу і не зможа цягам месяцу пацвердзіць сваю занятасць ці наяўнасць цяжкай жыццёвай сітуацыі, у сакавіку атрымаюць жыроўкі з плацяжамі за гарачую ваду па поўных тарыфах. Пры гэтым за студзень таксама пералічаць плацяжы па эканамічна абгрунтаваных тарыфах (суму пераразліку ўключаць у жыроўку за люты).

Даведацца, ці трэба вам будзе аплачваць гарачую ваду па поўных тарыфах, можна наступным чынам:

  • пры аплаце ЖКП праз сістэму разліку АРІП;
  • на сайце дзяржпаслуг, выкарыстоўваючы электронны лічбавы подпіс або ўнікальны ідэнтыфікатар – лагін і пароль
Hавiны
Дармаедскі кўэст, або Як прайсці ў «асабісты кабінет карыстальніка»?
2018.12.07 10:21

Раней чыноўнікі анансавалі, што да 1 лютага складуць першыя спісы працаздольных грамадзянаў, якія не занятыя ў эканоміцы. Меркавалася, што тыя, хто трапіў пад абноўлены «дармаедскі», пры гэтым мае ва ўласнасці кватэру, павінен будзе аплачваць па поўных тарыфах гарачае водазабеспячэнне са студзеня, а з 1 кастрычніка 2019 году – газазабеспячэнне і цеплазабеспячэнне.

На дадзены момант у базу такіх грамадзянаў уключаныя каля 500 тысяч чалавек, аднак спісы пастаянна ўдакладняюцца. Пакуль што там сябе праверылі прыкладна 1500 асобаў. Міністр працы Ірына Касцевіч назвала базу дармаедаў «істотным дакументам», бо ён нібыта дазваляе атрымаць уяўленне пра сітуацыю на рыку працы.

Разам з тым, шэраг экспертаў лічаць, што нават пасля зменаў у адпаведны дэкрэт, пад яго падпадаюць найбольш неабароненыя сацыяльныя групы беларусаў.

«Сацыяльная дзяржава павінная падтрымліваць тыя групы насельніцтва, якія не могуць зарабіць сабе на жыццё. Мне падаецца, што гэта вынік ініцыятывы прыцягнуць да парадку ўсіх, хто, на думку дзяржавы, не робіць свайго ўнёску ў эканоміку краіны. У першую чаргу гаворка, думаю, ішла пра працоўных мігрантаў. Але калі выдалі дэкрэт нумар адзін аказалася, што ў тыя катэгорыі, якія лічацца дармаедамі, сапраўды трапляюць самыя неабароненыя групы», – мяркуе Алена Арцёменка, аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў.

Марыя Тарасенка з Гомля вядзе хатнюю гаспадарку, на жыццё сям’і хапае заробку мужа. Аднак жанчына валодае двухпакаёвай кватэрай і трапіла ў базу незанятых у эканоміцы. На яе думку, адтэрміноўка плацяжу за гарачую ваду на месяц не паляпшае сітуацыю.

«У выніку гэтага пераносу проста збіраецца запазычанасць – у сакавіку давядзецца плаціць за два месяцы адразу. Гэта прыкладна 50 рублёў, немаленькая для нас сума. Калі ў кастрычніку пачнуць налічваць яшчэ за газ і ацяпленне – атрымаецца парадку 100 долараў», – кажа Марыя.

Паводле словаў хатняй гаспадыні, дзяржава пазбавіла яе права выбару.

«Чамусьці лічыцца, што калі ты працуеш дома – значыць, незанятая ў эканоміцы. А мне працы на ўвесь дзень – гатаваць, прыбірацца, шыць і яшчэ шмат чаго. Я ж не сяджу, склаўшы рукі!», – абураецца яна.

Пры дапамозе юрыстаў з незалежнага прафсаюзу РЭП яна склала скаргу і накіравала яе 25 студзеня ў раённую адміністрацыю і Гомельскі абласны выканкам. Цяпер Марыя чакае адказу ўладаў і спадзяецца, што рашэнне залічыць яе ў «дармаеды» будзе перагледжанае.

  • Першапачаткова дэкрэт аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства Лукашэнка падпісаў у красавіку 2015-га года. Паводле яго, беспрацоўныя грамадзяне мусілі працаўладкавацца або сплаціць падатак дзяржаве, што супярэчыла гарантаванаму Канстытуцыяй Беларусі праву на працу. Пасля таго, як на вуліцы па ўсёй краіне выйшлі незадаволеныя «дармаеды», дэкрэт перагледзелі.
  • У красавіку 2018 года Саўмін зацвердзіў новы Дэкрэт №1, паводле якога незанятыя ў эканоміцы грамадзяне павінны па поўным тарыфе плаціць за жыллёва-камунальныя паслугі і за карыстанне жылымі памяшканнямі. Пры гэтым з ліку такіх грамадзянаў выключаюцца тыя, чыя занятасць па аб’ектыўных прычынах немагчымая.
  • У базу «дармаедаў» дзяржава залічвае людзей аўтаматычна, на падставе ўласных звестак.

КА belsat.eu

Стужка навінаў