Дармаедскі кўэст, або Як прайсці ў «асабісты кабінет карыстальніка»?


Мы пастанавілі завітаць у службу «аднаго вакна», каб даведацца пра сваю «занятасць у эканоміцы» з дапамогаю логіна і пароля.

Ад 1 снежня ў Беларусі пачала працаваць база так названых дармаедаў. То бок тых, хто не сплочвае падаткі ў бюджэт краіны. Для таго, каб даведацца, ці «дармаед» ты, трэба прыйсці ў мясцовую адміністрацыю, узяць логін, пароль і ўвесці іх на адмысловым сайце. Карэспандэнт Belsat.eu паспрабаваў прайсці гэты кўэст. І вось, што з гэтага атрымалася.

«Адно акно», якое працуе ад 11-й

Этап першы – дабрацца да адміністрацыі і знайсці там патрэбнае «адно акно». Зранку, каля 10-й, з чатырох прапанаваных вокнаў працуюць толькі два. Там кажуць, што па пытаннях спісаў занятых і незанятых грамадзянаў зусім не да іх, а ў вакно, схаванае пад бранёю жалюзі. «Дармаедскае вакно» працуе з 11-й гадзіны. Сапраўды, навошта беспрацоўным падымацца з самага ранку?

Каля 11-й у акенцы з’яўляецца не надта ўсмешлівая бялявая дзяўчына.

– Добрага ранку, я наконт…

– Пашпарт, – дзяўчына ўжо ведае, з якой нагоды да яе завіталі.

У акенцы пераносяць пашпартныя дадзеныя ў кампутар, але потым усё адно іх трэба заносіць у бланк ад рукі

Апынулася, што пашпарт патрэбны, каб запоўніць заяву на атрыманне свайго персанальнага логіна і пароля. То бок у акенцы не даведаешся, дармаед ты ці не – табе могуць адно даць ключык да сайту, а там ужо ўсё самае цікавае.

Хвілін 10 дзяўчына пераносіць некуды дадзеныя з пашпарту.

Спачатку трэба запоўніць бланк

– А можна за гэты час заяву запоўніць?

– Не, заява выйдзе з кампутара! – не адрываючы вачэй ад манітора абрубае бландзінка.

Нарэшце, паперка з заявай выпаўзае з кампутара. Гэта аркуш, куды трэба… ад рукі ўносіць свае пашпартныя дадзеныя! Куды іх прапісвала дзяўчына і чаму нельга было прадубляваць адразу ў бланк заявы – таямніца.

Запоўніць некалькі папераў, каб потым спраўдзіць у базе, ці «дармаед» ты

Далей, аддаўшы гэтую паперку, ты атрымліваеш новую – ужо на двух аркушах. Гэта «Паведамленне аб прысваенні логіна і фармаванні першаснага паролю». У прынцыпе, уся карысная інфармацыя тут складае два радкі – гэта логін і пароль. Увесь астатні тэкст – шэдэўральная мешаніна з бюракратычнай і кампутарнай тэрміналогіі з лёгкімі дадаткамі са сферы юрыспрудэнцыі, маўляў, хто за што нясе адказнасць, што можна, а што нельга рабіць са сваім паролем – напрыклад, распавесці пра яго іншым.

Уся працэдура, якая заняла каля паўгадзіны, – бясплатная. Плаціць давядзецца адно калі хочаш даведацца ўсю інфармацыю не выходзячы з дому. Чэргаў няма. За паўгадзіны ніводзін новы «дармаед» так і не падышоў, каб пагрукацца ў «адно акно».

Партал, на якім можна спраўдзіць, ці «дармаед» ты

Далей – самы адказны крок – увайсці ў «асабісты кабінет карыстальніка», які месціцца на «Адзіным партале электронных паслугаў». Агулам, сайт зроблены няблага, хоць над шрыфтамі можна было б і папрацаваць. Прадугледжаныя і моманты бяспекі інфармацыі – адначасова ты не можаш увесці свой логін і пароль, напрыклад, з тэлефона і кампутара – выдае памылку.

Зразумела, што не ўвесь партал прысвечаны дармаедам, таму давядзецца пашукаць менавіта патрэбную вам паслугу. Пасля некалькіх праверак і пацверджанняў – доўгачаканы адказ: «Вы не аднесеныя да незанятых у эканоміцы». І ўсё – фініш!

«Адно акно», якое працуе ад 11-й

P.S.

Варта адзначыць, што інфармацыю на сайце можна атрымаць выключна пра сябе самога – то бок гэта не адкрытая база ўсіх 500 000 «дармаедаў» Беларусі ці нейкага канкрэтнага гораду.

Агулам, «бюракратычны лабірынт» не столькі складаны і заблытаны, колькі характэрны для сучаснай Беларусі «франкенштэйн» – мікс кампутарных тэхналогіяў са старымі бюракратычнымі прыёмамі і ворахам папераў, заяваў, дазволаў, без якіх, здаецца, мы ўжо і не можам уявіць нашу любую ІТ-краіну.

Аб’ектыў
Як даведацца, што ты «дармаед»? Гайд па базе беспрацоўных
2018.12.01 19:13

АК, фота Васіль Малчанаў/Belsat.eu

Стужка навінаў