Чыноўнікі адказалі на інтэрнэт-петыцыю: гошчаўская школа застанецца беларускамоўнай


Управа адукацыі Берасцейскага аблвыканкаму адрэагавала на петыцыю аб захаванні беларускай мовы навучання ў Гошчаўскай сярэдняй школе. Чыноўнікі адзначылі, што школа была і будзе беларускамоўнай.

Раней Юлія Папко, жыхарка вёскі, якая закончыла факультэт беларускай мовы і літаратуры Менскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту, распачала збор подпісаў бацькоў, каб перавесці навучанне на расейскую мову.

Чытайце таксама >>> Як настаўніца беларускай мовы робіць беларускую школу ў Берасцейскай вобласці расейскай

З гэтай нагоды на сайце petitions.by з’явілася петыцыя з патрабаваннем захаваць беларускую мову. Пад зваротам подпісы паставілі 72 асобы. Дакумэнт даслалі ў Міністэрства адукацыі.

У адказе гаворыцца, што аддзел адукацыі, спорту і турызму Івацэвіцкага райвыканкаму не прасіў пераводзіць школу на расейскую мову і прасіць не забіраецца. Адміністрацыя і большасць настаўнікаў школы выступаюць супраць пераводу навучання на расейскую мову. Гэтае пытанне разглядалася ў калектыве і ў вёсцы – большасць бацькоў першакласнікаў жадаюць, каб школа заставалася беларускамоўнаю.

Ва ўправе спасылаюцца на статут школы, паводле якога мова навучання – беларуская. Нязменна, ад моманту заснавання ў 1965 году.

ЮВ, belsat.eu, паводле svaboda.org

Стужка навінаў