Чаму Зяленскі выбірае новага прэм'ера з палітыкаў часоў Януковіча?

Украінскія СМІ сцвярджаюць, што пытанне аб прызначэнні новым украінскім прэм’ер-міністрам вядомага бізнесмэна і палітыка часоў Віктара Януковіча – Сяргея Цігіпкі – практычна ўзгодненае і ў хуткім часе кіраўнік урада Аляксей Ганчарук сыдзе ў адстаўку, а парламент зацвердзіць прапанаваную прэзідэнтам кандыдатуру.

Фота – president.gov.ua

Зрэшты, цалкам магчыма, што гэта ўсяго толькі інфармацыйны шум, які закліканы перашкодзіць Сяргею Цігіпку ўзначаліць ўкраінскі ўрад. У прэсе называюць і іншых прэтэндэнтаў. Сярод іх іншы вядомы бізнесмэн і палітык эпохі Віктара Януковіча Валерый Харашкоўскі, які можа быць зацікаўлены ва ўцечцы інфармацыі.

Але, у любым выпадку, практычна ніхто не адмаўляе таго факту, што ў офісе прэзідэнта ідзе працэс пошуку кандыдата на прэм’ерскую пасаду. Пакуль на чале офіса знаходзіліся Андрэй Богдан, які, уласна, і прапанаваў Уладзіміру Зяленскаму зрабіць прэм’ерам свайго намесніка Аляксея Ганчарука, гэты працэс яшчэ можна было нейк тармазіць. Але новы кіраўнік офіса Андрэй Ярмак не зацікаўлены ў захаванні ўрада і можа разкмець наступствы гэтага захавання.

Прадчуванне краху

Уласна, тое, што мы зараз назіраем вакол прызначэння новага ўкраінскага прэм’ера, цалкам прадказальна. Пасля абрання прэзідэнтам былы тэлевізійны комік Уладзімір Зяленскі апынуўся ў поўным сэнсе слова без кваліфікаваных кадраў, без разумення, што такое кваліфікаваныя кадры і дзе гэтыя кадры браць. Затое з абяцаннем «перазагрузіць» уладу – гэта значыць фактычна адмовіцца ад людзей, якія на працягу пяці гадоў пасля Майдана 2013-2014 гадоў ажыццяўлялі (нярэдка нават і не па сваёй волі, а пад ціскам Захаду) першыя сапраўдныя рэформы ў гісторыі краіны.

Папулізм і адмова ад рэфарматараў прывялі да таго, што ўрад апынуўся сфармаваным у літаральным сэнсе слова з выпадковых людзей, якія не вельмі зразумелі, куды патрапілі. Адзіныя сферы, у якіх Зяленскі пабаяўся рызыкаваць – МУС і міністэрства фінансаў. І ў выніку менавіта гэтыя ведамствы апынуліся сілавой і эканамічнай апорай яго ўлады ва ўмовах няўмольнага спаўзання краіны да палітычнага і эканамічнага крызісу. Аднак гэтага спаўзання – як і паступовай страты структурамі ўлады і самім прэзідэнтам даверу ў грамадстве – у офісе прэзідэнта не могуць не заўважаць. І імкненне сфарміраваць урад, які выправіць памылкі і ўратуе прэзідэнта – цалкам натуральная рэакцыя на прадчуванне краху.

Галоўныя патрабаванні да новага прэм’ера

У гэтай сітуацыі Зяленскі звяртаецца да паслуг тых, хто яму зразумелы і каму ён можа хаця б адносна давяраць. Зяленскі ўспрымаецца як чалавек з будучыні менавіта таму, што ён – з дамайданнага мінулага, якое ўжо паспела забыцца. З Валерыем Харашкоўскім, кіраўніком Службы бяспекі Украіны пры Януковічу і ўладальнікам тэлеканала «Інтэр», ён актыўна супрацоўнічаў, быў нават генеральным прадзюсарам гэтага тэлеканала.

Валерый Харашкоўскі і Віктар Януковіч. 19 сакавіка 2012 года. Фота – PhotoXpress / Zuma Press / Forum

Палітычная актыўнасць Цігіпкі, які быў кіраўніком штаба Януковіча яшчэ на выбарах 2004 года, а пасля ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2010 года стаў віцэ-прэм’ерам пры Януковічу-пераможцы, таксама з той эпохі. І пры гэтым і Цігіпка, і ў меншай ступені Харашкоўскі адказваюць важным патрабаванням: яны з мінулага, але не выглядаюць адыёзна ні для большасці украінцаў, ні для заходніх крэдытораў. Іх прызначэнне не прывядзе ні да рэвалюцыі, ні да зрыву перамоваў з крэдыторамі.

Сяргей Цігіпка падчас з’езду «Маладых рэгіёнаў» у 2012 годзе. Крыніца фота – https://www.facebook.com/Tigipko/

Зяленскі нагуляўся ва ўладу

Затое такая змена прэм’ера будзе азначаць пачатак добраахвотнай адмовы прэзідэнта ад рэальнай улады – што, уласна таксама можна было прадказаць і што планавалі алігархі, якія дапамаглі Зяленскаму стаць прэзідэнтам. Пра тое, што былы артыст «пагуляе» ва ўладу, спалохаецца яе і будзе шукаць абароны ў «дарослых» прыкладна праз год, казалі літаральна на наступны дзень пасля перамогі Зяленскага на выбарах. Прэзідэнт пратрымаўся дзевяць месяцаў.

Іншая справа, што і «дарослы» кіраўнік урада не зможа вырашыць праблем краіны. Больш за тое, ён будзе яшчэ больш цесна супрацоўнічаць з алігархамі, якія самі па сабе і ёсць праблема. А Зяленскаму застанецца шукаць паразумення з Уладзімірам Пуціным, пры тым што Пуцін сам па сабе – і ёсць праблема.

І мы яшчэ не ведаем, каго ўкраінскае грамадства палічыць адказным за тое, што праблемы ўсё роўна не вырашаюцца і крызіс працягваецца – прэзідэнта, які ад рэальнай улады адмовіцца, або новага прэм’ера, які рэальную ўладу набудзе.

Віталь Портнікаў/АА для belsat.eu

Іншыя тэксты аўтара чытайце ў рубрыцы «Меркаванні»

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў