Больш за $ 3000 штрафаў, і гэта не канец. У Берасці судзяць праціўнікаў акумулятарнага заводу


Праціўнікі акумулятарнага заводу у судзе над паплечнікамі.
Фота: «Белсат»

Затрыманні, арышты і новыя штрафы праціўнікам акумулятарнага заводу – адбываліся чарговы дзень, 13 траўня. У судзе Ленінскага раёну Берасця судзілі актывістаў Дзяніса Малышэнка і Канстанціна Астапука, затрыманых у пятніцу, 8 траўня.

Дзяніс Малышэнка ўжо другі раз атрымаў штраф у памеры 30 базавых велічыняў (Br 810) і быў зноў затрыманы ў залі суда. Першы штраф у тым самым памеры Малышэнка атрымаў 11 траўня.

Канстанціну Астапуку сёння прысудзілі тыя ж Br 810 і адпусцілі ў судовай залі. Як паведаміў Belsat.eu Астапук, у ізалятары ўвесь гэты час ён трымаў галадоўку. Судзілі яго адразу паводле трох пратаколаў: за сустрэчу з блогерам Ціханоўскім і дзве нядзельныя акцыі пратэсту супраць акумулятарнага заводу.

За кратамі берасцейскага ІЧУ застаюцца праваабаронцы Раман Кісляк і Уладзімір Вялічкін, актывісты Уладзімір Мароз, Юрый Калько, Віталь Казак, Валерый Фамінскі. А блогер Сяргей Пятрухін, які мае адбыць 15 содняў арышту, знаходзіцца ў Цэнтральнай гарадской больніцы.

Абноўлена
Штрафы, содні ды каронавірус – пакаранне за грамадскую актыўнасць у Берасці
2020.05.12 15:12

«Тое што зараз адбываецца ў Берасці – гэта парушэнне адміністратыўнага заканадаўства, а па сутнасці – парушэнне правоў чалавека і гэта парушэнне права на свабоду мірных сходаў. Людзей прыцягваюць да адказнасці толькі за тое, што яны рэалізавалі права, якое ім гарантуе Канстытуцыя Беларусі і міжнародныя дакументы. Таму паводле ўсіх крытэраў затрыманыя за акцыі ў Берасці трапляюць пад статус палітвязняў на перыяд іх ізаляцыі», – сказаў у размове з «Белсатам» прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Новая хваля пераследу праціўнікаў акумулятарнага заводу пачалася пасля 12 красавіка, калі людзі выйшлі з традыцыйным пратэстам на цэнтральную плошчу Берасця. Пасля гэтага Аляксандр Кабанаў, Зміцер Андрасюк і Зміцер Бекалюк атрымалі па 15 содняў арышту, а пазней актывіст Андрэй Неўдах атрымаў штраф 30 базавых велічыняў.

Міліцыянты ў Ленінскім судзе Берасця пад час працэсу над праціўнікамі заводу АйПауэр.
Фота: «Белсат»

Але самая вялікая хваля затрыманняў і прысудаў абрынулася на актывістаў і праваабаронцаў з 8 па 13 траўня. Цягам гэтых шасці дзён слугі дзяржавы затрымалі прынамсі 11 асобаў. У апошнія тры дні Ленінскі суд Берасця налічыў грамадскім актывістам 300 базавых велічыняў штрафаў. Гэта Br 8100, і гэта яшчэ не канец судовага канвееру.

АС Belsat.eu

Стужка навінаў