Беларусы дапамагаюць украінцам незаконна ўвозіць аўта на еўрапейскіх нумарах, – «Схемы»


Ілюстратыўнае фота

Журналісты праекту «Схемы» выкрылі, якім чынам украінцы ўвозяць машыны на еўрапейскіх нумарах. Высветлілася, што дзеля гэтага жыхары Украіны плацяць жыхарам памежных раёнаў Беларусі па 20 долараў.

Схема выглядае гэтак: аўтамабіль перасякае мяжу з Еўразвязам у рэжыме транзіту. У транзітным статусе ён можа знаходзіцца ва Украіне не больш за 10 дзён. За гэты час транспартны сродак едзе на іншы пункт пропуску на мяжы з Беларуссю. У нейтральнай зоне ў яго садзіцца беларус з паўнамоцтвам ад уладальніка аўто і вяртаецца ва Украіну. Пасля гэтага ён выходзіць з машыны і, часам пешшу, вяртаецца назад у Беларусь. Аўтамабіль жа застаецца ў карыстальніка-ўкраінца які таксама атрымлівае даверанасць ад уласніка.

Пасля гэтага аўтамабіль можа знаходзіцца ва Украіне год. Такім чынам прадаўцы і пакупнікі пазбягаюць выплаты мытных плацяжоў.

У сюжэце «Схемаў» адзін з жыхароў вёскі на украінска-беларускай мяжы распавёў, што за такую перавозку яму заплацілі 20 долараў.

Таксама адзін з «прадаўцоў» машын распавёў, што праз год гэтую схему паўтараюць, але гэта будзе каштаваць 400 долараў.

«Ёсць «решалы», якія гэта робяць. Людзі, якія атрымліваюць за гэта пэўныя сродкі, якія ўносяць туды, куды трэба, гэтых 400 долараў, плацяць беларусу і ўсім астатнім», – заявіў прадавец, не ўдакладняючы больш нічога.

За травень 2018 года праз мытны пост «Даманава» Валынскай вобласці ва Украіну ўехала амаль 3000 аўтамабіляў з еўрапейскай рэгістрацыяй у абход мытнага плацяжу, за стырном якіх былі менавіта грамадзяне Беларусі.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары