Беларускія святары пра Пуціна і «мошчы Леніна»: Бальшавізм – атрутны грыб


Культ Леніна не мае нічога агульнага з хрысціянствам, кажуць беларускія праваслаўныя святары, каментуючы апошнія заявы прэзідэнта Расеі Уладзімера Пуціна, які параўнаў маўзалей лідара расейскіх камуністаў Уладзімера Леніна з мошчамі хрысціянскіх святых.

Ніякія вонкавыя эпізадычныя падабенствы з хрысціянствам не могуць служыць апраўданнем таталітарызму, прапагандзе класавай варожасці, нянавісці, ганенняў на вернікаў ды іншадумцаў, генацыду ўласнага народу, лічыць афіцыйны прадстаўнік БПЦ протаіерэй Сяргей Лепін.

Прэс-сакратар БПЦ: Бальшавізм – стварэнне ненавіснікаў хрысціянства

Айцец Сяргей Лепін. Фота sobor.by

Часам марксізм-ленінізм і некаторыя іншыя роднасныя ідэалогіі адносяць да свецкіх формаў рэлігійнасці, якія маюць пэўныя рысы сапраўдных рэлігіяў – сваё «святое пісанне» і традыцыі ягонага тлумачэння, свае «ерэтыкі» і «раскольнікі», «святыя месцы», «жрацы» абрады, працэсіі і святы, адзначае прэс-сакратар Беларускай Праваслаўнай Царквы айцец Сяргей Лепін у сваім блогу.

«Намаганні ўпадабення муміі Ільіча да мошчаў хрысціянскіх святых фармальна (НЕ сутнасна!), мабыць, не так ужо і бессэнсоўныя… Спробы зрабіць з Хрыста «першага камуніста» былі дастаткова даўно. Спакусу марксізмам прайшлі вельмі многія рэлігійныя філосафы (у тым ліку і расейскія)», – заявіў святар у каментары праз інтэрнэт.

Па-сутнасці камуністы ў СССР часта свядома замяшчалі хрысціянства новым вучэннем, аднак пры гэтым сутнасць з’яваў была радыкальна рознай.

«З майго пункту гледжання, падабенства ў некаторых пытаннях бальшавізму да хрысціянства ніколькі не робіць яго, бальшавізм, «больш сапраўдным» і вартым даверу – гэтак жа як вялікае падабенства атрутнага і ядомага грыбоў ня робіць атрутны грыб «больш ядомым». Наадварот, чым больш атрутны грыб падобны на ядомы, тым больш ён небяспечны. Сёння можна сустрэць «абразы» і з Леніным, і са Сталіным – настойліва заклікаю не блытаць усё гэта з царкоўным вучэннем. Гэта – не рэлігія праваслаўных хрысціянаў», – заключыў святар.

А. Аляксандр Шрамко: Крэмль бачыў у хрысціянстве сродак маніпулявання

Святар Аляксандр Шрамко. Фота religia.by

«Даўно гаворыцца, што камуністычная сістэма грунтавалася на квазірэлігійных падставах, яна паразітавала на прыроджаным рэлігійным пачуцці чалавека, шмат у чым парадыруючы і вонкавыя формы рэлігійнасці. Вось толькі хрысціянскі светапогляд супрацьпастаўляе ня атэізм і веру, а веру сапраўдную і веру ілжывую», – лічыць менскі праваслаўны святар айцец Аляксандр Шрамко.

«Але чаму ж менавіта цяпер усплыла гэтая паралель камунізму з хрысціянствам? На жаль, гэта дрэнны знак для сучаснага хрысціянства. Гэта значыць, што ўлада ўсё больш бачыць у хрысціянстве ідэалагічную сістэму, аналагічную таму ж камунізму, і разглядае яго як зручны сродак маніпулявання і кіравання людзьмі», – піша святар Свята-Міхайлаўскага прыходу БПЦ.

«Хрысціянская мараль» па-пуцінску

«Свабода, роўнасць, братэрства, справядлівасць – гэта ўсё закладзена ў святым пісанні, гэта ўсё там ёсць. А кодэкс будаўніка камунізму? Гэта сублімацыя, гэта проста такая прымітыўная вытрымка з Бібліі, нічога новага не прыдумалі », – заявіў Пуцін на выходных.

У Маральным кодэксе будаўніка камунізму, які быў складзены толькі ў 1960-я гады, ужо ў перыяд паступовага змякчэння савецкай палітыкі, першай «запаведдзю» была «адданасць справе камунізму».

Андрэй Кміціц, belsat.eu

Стужка навінаў