Пуцін параўнаў маўзалей Леніна з мошчамі святых


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін параўнаў маўзалей Леніна з мошчамі хрысціянскіх святых. Такое меркаванне ён выказаў у інтэрв’ю для фільма «Валаам», фрагмент якога паказалі па тэлеканале «Расія 1».

«Вось глядзіце, Леніна паклалі ў маўзалей. Чым гэта адрозніваецца ад мошчаў святых для праваслаўных, ды проста для хрысціян? Калі мне кажуць, што няма, у хрысціянстве няма такой традыцыі, ну як жа няма, у Афон едзьце, паглядзіце там, мошчы святыя ёсць, ды і ў нас вось тут таксама святыя мошчы », – цытуюць Пуціна РИА Новости.

Ён дадаў, што ідэалогія камунізму, якую будавалі ў СССР, «вельмі падобна хрысціянству».

«Свабода, роўнасць, братэрства, справядлівасць – гэта ўсё закладзена ў святым пісанні, гэта ўсё там ёсць. А кодэкс будаўніка камунізму? Гэта сублімацыя, гэта проста такая прымітыўная вытрымка з Бібліі, нічога новага не прыдумалі », – падкрэсліў Пуцін.

Таксама Пуцін адзначыў, што гэтыя яго словы «камусьці могуць і не спадабацца».

Фільм «Валаам» зняў тэлевядоўца і журналіст Андрэй Кандрашоў. Раней ён зняў фільм «Крым. Путь на Родину», які выйшаў у 2015 годзе. 11 студзеня 2018 года стала вядома, што Кандрашоў зняў фільм пра Пуціна, які пакажуць да выбараў прэзідэнта. Дата выхаду фільма і яго назва пакуль невядомыя.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў