Беларускі доктар у Саудаўскай Аравіі: Нам тут вельмі камфортна, а дзеці растуць больш адкрытымі


Аляксандр Вечар шэсць гадоў таму вырашыў кардынальна змяніць сваё жыццё, адгукнуўшыся разам з жонкай на прапанову працы ў Саудаўскай Аравіі. Сёння ён абсалютна не шкадуе пра зроблены выбар. Пра пераезд, умовы працы і жыцця ў матэрыяле карэспандэнта belsat.eu Івана Лысюка.

Мянчук Аляксандр Вечар шэсць гадоў таму разам з сям’ёй пераехаў у Саудаўскую Аравію. Цяпер ён жыве ў Эр-Рыядзе і працуе ў прыватнай клініцы артапедам.

Аляксандр Вечар

– Я карэнны мянчук, – пачынае размову Аляксандр. – У 2006 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны медычны ўніверсітэт, потым – інтэрнатура па артапедыі і траўме, два гады працы ў адной са сталічных паліклінік і год у шпіталі хуткай медычнай дапамогі ў прыёмным аддзяленні. Але ж, зразумела, жыў не толькі гэтым. Шмат розных падпрацовак было, бо грошы ж патрэбныя – спачатку на ўласныя інтарэсы, пасля заканчэння ўніверу сям’я з’явілася. Карацей, заўсёды актыўны быў.

Аляксандр яшчэ з дзяцінства быў заўзяты падарожнік, шукаў сапраўдных выклікаў, і адзін з такіх без ваганняў прыняў у 2013 годзе, калі даведаўся пра магчымасць атрымаць працу ў Каралеўстве Саудаўскай Аравіі (КСА).

На шляху ў Мекку. Дарэчы Мекка застаецца закрытым горадам для наведвання тым, хто не зʼяўляецца мусульманскім вернікам.
Фота: Bruno Hadjih / Anzenberger / Forum

– Як усё атрымалася? Ды даволі проста. У інтэрнэце вакансію пабачыў. Надта доўга з жонкай не думалі (яна ў мяне, дарэчы, таксама доктар). Сумоўе ў Менску адбылося – трэба было ведаць англійскую мову, з якой мы даволі добра сябравалі. Карацей, узялі нас. Спачатку я сам паляцеў у Саудаўскай Аравію, а праз восем месяцаў да мяне далучылася сям’я.

Саудаўскай Аравія – больш не экзотыка?

– Кажаш, Саудаўскай Аравія – экзотыка? – Аляксандр не да канца пагаджаецца з такім гледзішчам. – На мой погляд, сёння ў свеце экзатычных, малавядомых месцаў амаль не засталося. Вось у тыя ж Гімалаі штогод тысячы турыстаў спяшаюцца. КСА ж нядаўна шырока расчыніла свае брамы перад турыстамі. Шмат еўрапейцаў прыязджае. У вялікіх гарадах гэта кідаецца ў вочы. Плюс працаваць сюды едуць. Краіна ж вялікая, дынамічна развіваецца, сваіх кваліфікаваных працаўнікоў не заўсёды хапае. Асабліва там, дзе патрэбныя спецыялізаваныя веды.

Клініка дзе працуе Аляксандр

Аляксандр – акурат той, чые прафесійныя навыкі тут вельмі запатрабаваныя. Попыт на добрых медыкаў заўсёды высокі. Цяпер ён працуе ў сталічным філіяле сеці прыватных шпіталяў. Спецыфіка саудаўскай медыцыны палягае на тым, што ў каралеўстве шпіталь – гэта адначасова і паліклініка, і стацыянар. Адзін-два дні на тыдні – гэта аперацыі, а ў іншыя доктар прымае пацыентаў у кабінеце. Аднак здараюцца і надзвычайныя выпадкі, калі прыходзіцца кідаць усё і спяшацца ў аперацыйны пакой.

– Абсталяванне клінік, аперацыйных, інтэр’ер, сістэмы кандыцыянавання, вентыляцыі – усё гэта на найвышэйшым узроўні. Цяжка параўноўваць з Беларуссю, дзе раней мне даводзілася працаваць узімку ў куртцы, а ў летнюю спёку няспынна выціраць пот. Памятаю, як, бывала, проста голымі рукамі прыходзілася з пацыента гіпс здзіраць. Сумняваюся, што шмат чаго змянілася з той пары.

З 2019-га году Саудаўская Аравія пачала выдаваць турыстычныя візы. Да мінулага году патрапіць у Каралеўства было вельмі складана

Калі я тут першы кантракт адпрацоўваў, быў уражаны, што на Рамадан дактарам проста ў кабінеты прыносілі гарбату і каву. Не магу сказаць, што адміністрацыя заўсёды пазітыўна ставіцца да лекараў, але, калі робіш сваю працу сумленна і якасна, пытанняў амаль няма. Высокія стандарты, але і стаўленне да працаўнікоў іншае.

Патрабаванні да дактароў у прыватных клініках даволі высокія, адміністрацыя ледзь не пад мікраскопам адсочвае якасць іх працы, падтрымлівае высокі ўзровень канкурэнцыі, што часам стварае даволі нервовую абстаноўку. Усё гэта, паводле суразмоўцы, кампенсуецца добрым заробкам.

Hавiны
Саудаўская Аравія адкрылася для ўсіх суседзяў Беларусі, але не для беларусаў
2019.09.27 19:52

– Тут такая рэч: няма дакладна акрэсленых крытэрыяў вызначэння зарплаты таму ці іншаму доктару. Але нацыянальнасць, кваліфікацыя, досвед, нават пол – усё гэта можа мець значэнне. Каб знайсці добрую працу, трэба мець сувязі, ведаць рынак працы, але дзеля гэтага трэба быць тут.

Аксана Вечар, яна таксама працуе доктарам

Вось прыклады. Калегі з Грэцыі і Польшчы, якія працуюць кансультантамі, зарабляюць штомесяц 12–15 тысяч долараў. Кампенсуюцца пражыванне, страхоўка, нават пералёт дадому і назад. Я рэзідэнт, выконваю абавязкі спецыяліста – з гледзішча іерархіі, гэта ніжэй за кансультанта – таму зарабляю менш, – распавядае Аляксандр.

Можна прыехаць на заробкі, а можна проста з камфортам жыць

Аляксандр кажа, што жыццё ў заможных краінах Блізкага Усходу – даволі дарагое, калі не адмаўляць сабе ў маленькіх жыццёвых радасцях і не эканоміць на камфорце.

Жанчына працуе ў кол-цэнтры ў Саудаўскай Аравіі.
Фота: Suhaib Salem / Reuters / Forum

– Усё залежыць толькі ад вашых жаданняў. Хочаце прыехаць на пару гадоў, каб максімальна зарабіць, – будзеце эканоміць. Але мы сабе такой мэты не ставілі. Сямейныя, усё ж такі, людзі, жывем тут ужо шэсць гадоў, сын ходзіць у брытанскую школу. Пакуль знайшлі аптымальнага варыянту жытла, змянілі шэсць кватэраў. Цяпер жывем у своеасаблівай вёсцы (гэтак званы кампаўнд) з рэстаранам, басейнамі, спартовай залай ды іншымі прыемнымі дадаткамі.

Hавiны
У Саудаўскай Аравіі жанчыны ўпершыню атрымалі права кіраваць аўтамабілем
2018.06.24 09:33

Праца блізка, школа – яшчэ бліжэй, да якой сын Аляксандра ездзіць на ровары. З улікам таго, што жонка таксама працуе, з маленькай дачкой сядзіць няня-філіпінка. Нягледзячы на тое, што працадаўцы часткова аплачваюць жытло, на яго (а таксама на няньку і школу) сыходзіць большая частка выдаткаў. Хоць можна было і ашчаджаць, пагадзіцца на жытло ад шпіталю: «Але нам захацелася жыць у больш зручным месцы».

+ 50 на вуліцы і адсутнасць тратуараў

Аляксандр згадвае: спачатку было адчуванне, што прыляцелі на Марс. Бо і прырода, і адзенне, і ежа, і нават жытло – усё было іншым, чым у Беларусі. Але потым сям’я перабралася жыць і працаваць у сталіцу.

Фота: Tu Yifan / Zuma Press / Forum

– У Эр-Рыядзе ўсё інакш. Гэта сучасны мегаполіс, у якім усё зразумела, але толькі не для пешахода. Нягледзячы на мадэрнізацыю, тут шмат дзе няма тратуараў, машыны пад’язджаюць проста да дзвярэй крамаў. Тлумачыцца ўсё спёкай: тэмпература дасягае +50 градусаў і робіць пешыя прагулкі тым яшчэ выпрабаваннем.

Ці ёсць яшчэ беларусы ў Саудаўскай Аравіі, Аляксандр не ведае. Аднойчы такое ж пытанне – ці шмат тут беларусаў – задаў пацыент з Іярданіі.

– Я кажу: не, няма беларусаў. А ён мне: «Не можа быць. Я яшчэ аднаго доктара-беларуса ведаю». Аказалася, што ён меў на ўвазе маю жонку.

Аляксандр і Аксана

У Беларусі нашым дзецям прыйдзецца адаптавацца

Вяртацца ў Беларусь Аляксандр з сям’ёй пакуль што не збіраецца. Тут, у Саудаўскай Аравіі, яны пачуваюцца камфортна і ўпэўнена.

– Сумуем, канечне, па доме. Але дзеці большую частку свайго жыцця правялі тут, а ў Беларусі ім прыйдзецца адаптавацца. І нам здаецца, што яны растуць трошкі іншымі, чым мы, – больш адкрытымі, напэўна, незалежнымі.

Напрыканцы Аляксандр кажа, што з пераездам іхнае жыццё моцна змянілася ў лепшы бок – нягледзячы на выклікі, з якімі давялося сутыкнуцца.

– Я наагул чалавек вельмі пазітыўны, імкнуся паўсюль і ў кожным бачыць толькі добрае. А інакш і быць не можа, бо жыццё – цудоўная рэч, а разам са мною любімая сям’я! Ды і адпачынак хутка ўжо! – кажа Аляксандр.

  • Паводле дадзеных агульнарэспубліканскага банку вакансіяў на канец 2019 года ў Беларусі не хапае каля 2,9 тыс лекараў і амаль 3 тыс медсясцёр. Сярэдні заробак доктара ў Беларусі складае каля 1,5 тыс рублёў.

Іван Лысюк belsat.eu

Стужка навінаў