Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя заклікала беларусаў абмежаваць запуск геліевых паветраных шароў падчас святаў. Зварот пра гэта змешчаны на афіцыйным сайце ведамства.
У міністэрстве адзначылі, што ў Беларусі ўсё часцей запускаюць у паветра геліевыя шары падчас святаў, канцэртаў, апошніх званкоў або выпускных у школах і дзіцячых садках. Але запускаць паветраныя шары ў паветра вельмі шкодна і небяспечна для навакольнага асяроддзя і жывёл, гаворыцца ў звароце.
У Мінпрыроды падкрэслілі, што паветраныя шары могуць пераадолець тысячы кіламетраў, забруджваючы самыя аддаленыя і некранутыя куткі планеты. Пасля падзення на зямлю або ў ваду, іх латэксныя абалонкі і поліэтыленавыя вяроўкі вылучаюць таксічныя рэчывы. Больш за тое, з’еўшы іх, могуць памерці жывёлы, якія не здольныя адрозніць ежу ад смецця. Таксама яны могуць заблытацца ў стужках і нітках ад шарыкаў і таксама памерці.
Замест запуску паветраных шарыкаў міністэрства прапануе пасадзіць кветкі ці дрэвы, а побач з дрэвам павесіць шыльду з годам выпуску ці класам.
МГ belsat.eu