Кожны год беларусы выкідваюць 4 000 тонаў пластыкавых закрутак ад бутэлек з-пад напояў, бытавой парфумерыі ды хіміі. Агульны кошт гэтай другаснай сыравіны складае каля 800 000 $. Пры гэтым у краіне 565 000 дзяцей і дарослых з інваліднасцю на іх лячэнне і рэабілітацыю дзяржаўных сродкаў не хапае.
Каб вырашыць гэтую праблему і дапамагчы хворым дзецям, Наталля Кунцэвіч з Ліды запусціла дабрачынную акцыю «Новае жыццё ў абмен на закруткі».
Разам з камандаю яна арганізавала пункты збору пластыкавых закрутак па ўсёй Беларусі. Да акцыі далучылася 50 школаў.
Пункты збору закрутак.
Арганізатары акцыі і часопіс imenamag.by цяпер збіраюць грошы на вытворчасць 68 пластыкавых кантэйнераў для закрутак, каб павялічыць колькасць пунктаў збору другаснай сыравіны. Ахвяраваць грошы на кантэйнеры, якія будуць усталяваныя ў гандлёвых кропках Менску, можна тут.
Праект плануе сабраць 480 тонаў закрутак, выручка ад здачы якіх на перапрацоўчы завод у Маскве складзе $ 232 500. Грошы будуць накіраваныя на дапамогу цяжкахворым дзецям.
ЮВ, belsat.eu