Беларусь ва ўкраінскім 2004-м

Адзін з прадстаўнікоў беларускай апазіцыі Валерый Цапкала заявіў, што ў яго краіне не хочуць рэалізоўваць украінскі сцэнар, бо там «адбылася рэвалюцыя па-за электаральным цыклам». Але гэтая заўвага незарэгістраванага кандыдата на пасаду прэзідэнта Беларусі тычыцца выключна Майдана 2013-2014 гадоў, калі ўкраінцы паўсталі пасля адмовы ўлады ад курсу на еўрапейскую інтэграцыю краіны і збіцця студэнтаў. А Беларусь цяпер знаходзіцца не ва ўкраінскім 2013 годзе, а ва ўкраінскім 2004-м – дзіўна, што ні сам Цапкала, ні іншыя беларускія апазіцыянеры не хочуць гэтага заўважаць.

Тады, 16 гадоў таму, ва Украіне прайшлі выбары, вельмі падобныя на беларускае галасаванне ў 2020 годзе. Так, тагачасны прэзідэнт Леанід Кучма не збіраўся балатавацца на новы тэрмін. Аднак ён высунуў пераемніка – кіраўніка ўрада і адначасова прадстаўніка ўплывовага Данецкага клану Віктара Януковіча. І кандыдатура Януковіча была ўзгодненая з Крамлём.

Для падтрымкі кандыдата на пасаду прэзідэнта ва ўкраінскую сталіцу прыязджаў сам Уладзімір Пуцін. Крамлёўскі штаб Януковіча ўзначаліў будучы прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў. З пункту гледжання ўкраінскай улады і Крамля ў апазіцыйнага кандыдата Віктара Юшчанкі не было ніякіх шанцаў перамагчы. Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Леаніда Кучмы, лабіст расейскіх інтарэсаў ва ўкраінскім кіраўніцтве Віктар Медведчук заявіў, што Юшчанка ніколі не будзе прэзідэнтам Украіны.

Людзі стаяць у ланцугу пакаяння ў Менску, які пачынаецца пад Цэнтрам ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна і заканчваецца ў лясным масіве Курапаты, дзе ў 1937-1939 гг. былі масавыя расстрэлы. Беларусь. 21 жніўня 2020 г. фота: TК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Рэвалюцыя ў рамках электаральнага цыклу

Януковічу ўдалося атрымаць перамогу толькі з прычыны масіраваных фальсыфікацый у другім туры прэзідэнцкіх выбараў. А потым пачаўся Першы ўкраінскі Майдан – «Аранжавая рэвалюцыя». Як раз рэвалюцыя ў рамках электаральнага цыклу. І ў падтрымку кандыдатуры Юшчанка выказваліся ўсе ўплывовыя апазіцыйныя палітыкі. Як тыя, хто былі непасрэднымі ўдзельнікамі выбараў кіраўніка дзяржавы, так і тыя, хто падтрымліваў Юшчанку з пачатку яго прэзідэнцкай кампаніі.

Аднак тады ўкраінскія палітыкі і ўкраінскія выбаршчыкі паводзілі сябе інакш, чым беларусы сёння. Менавіта тады, падчас гэтай рэвалюцыі пасля электаральнага цыкла і паўстаў феномен украінскага Майдана. Менавіта тады ўкраінцы тлумачылі свой пратэст тым, што яны ведалі імя пераможцы прэзідэнцкіх выбараў. І гэта быў не Віктар Януковіч. Гэта быў Віктар Юшчанка. Аднак менавіта для таго, каб прымусіць уладу пагадзіцца з гэтай пазіцыяй, удзельнікі пратэстаў засталіся на галоўнай плошчы ўкраінскай сталіцы. І да іх далучыліся жыхары многіх іншых украінскіх гарадоў, якія патрабавалі сумленных выбараў.

Першы ўкраінскі Майдан – «Аранжавая рэвалюцыя», Кіеў, 2004 год.
Фота: Wikipedia

Апазіцыянерам Беларусі не варта баяцца ўкраінскага досведу

Украінцы не сыходзілі з плошчы да таго моманту, пакуль прадстаўнікі ўлады, апазіцыі і міжнароднай супольнасці не дасягнулі пагаднення аб правядзенні дадатковага тура прэзідэнцкіх выбараў. І зразумела, падчас гэтага дадатковага тура перамогу атрымаў Віктар Юшчанка. Таму што ў Віктара Януковіча, пераемніка адыёзнага Леаніда Кучмы, не было ніякіх шанцаў перамагчы на сумленных выбарах. Бо ўкраінцы выступалі не проста супраць самога Януковіча, а супраць працягу алігархічнага рэжыму Леаніда Кучмы.

Аднак узнікае пытанне: а ці дамагліся б украінцы саступак ад уладаў, калі б яны проста выходзілі на мітынгі пратэсту і арганізоўвалі забастоўкі? Ці прымусілі б яны Леаніда Кучму і Віктара Януковіча пагадзіцца з правядзеннем і рашэннямі «круглага стала» ў Марыінскім палацы ўкраінскай сталіцы? Цалкам магчыма, што Віктар Януковіч стаў бы прэзідэнтам Украіны яшчэ ў 2004-м годзе – ды так і заставаўся б украінскім кіраўніком да сённяшняга дня.

Феномен украінскага Майдана не ў яго назве, а ў тым, што арганізаваны лагер на цэнтральнай плошчы сталіцы краіны прымушае ўладу лічыцца з сабой. Ігнараваць Майдан значна цяжэй, чым дэманстрацыі і забастоўкі. Менавіта таму беларускім апазіцыянерам не варта баяцца ўкраінскага досведу, а варта задумацца над тым, як яго правільна выкарыстоўваць.

Віталь Портнікаў /АА для Vot-tak.tv

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў