БДУ дагнаў Варшаўскі ўніверсітэт – у коштах за навучанне


З наступнага месяца БДУ павялічвае кошты за навучанне на платнай форме першай ступені вышэйшай адукацыі. У тых, хто не прайшоў на бюджэтнае месца, з’явілася яшчэ адна нагода задумацца пра вучобу за мяжой: якасць адукацыі там вышэйшая, а вучыцца можна танней, чымся ў Менску. На прыкладзе трох спецыяльнасцяў мы параўналі кошты ў БДУ і ВНУ нашых суседзяў, якія займаюць першыя месцы ў нацыянальных рэйтынгах.

З 1 сакавіка, згодна з загадам рэктара БДУ Андрэя Караля, кошты за навучанне на бакалаўрыяце ў галоўнай вучэльні Беларусі вырастуць у сярэднім на 12 % – то бок, прыкладна на Br 400500. Мы вырашылі праверыць, на колькі цяпер будзе адрознівацца кошт на вучобу для беларуса ў галоўных вучэльнях Беларусі і яе суседзяў на прыкладзе трох спецыяльнасцяў – інфарматыкі, міжнародных дачыненняў і філасофіі. Першая – адна з самых запатрабаваных на рынку працы, другая – традыцыйна папулярная ў абітурыентаў, трэцяя – ну, бо цяжка знайсці вакансію штатнага філосафа.

Hавiны
Услед за БДУ кошты на навучанне падымаюць і іншыя ўніверсітэты
2020.02.19 12:19

Навучанне для платніка на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі будзе каштаваць Br 3420 на 13 курсах і Br 2736 – на чацвёртым.

Столькі ж каштуе вучоба на спецыяльнасці «Філасофія».

Навучанне на спецыяльнасці «Міжнародныя дачыненні» абыйдзецца платніку даражэй. Да трэцяга курса трэба будзе плаціць штогод Br 4570, на чацвёртым – Br 3656.

У пераразліку на еўра навучанне будзе каштаваць прыкладна столькі:

  • Інфарматыка – 1440 еўраў (1150 на апошнім курсе).
  • Міжнародныя дачыненні – 1925 еўраў (1538 на апошнім курсе).
  • Філасофія – 1440 еўраў (1150 на апошнім курсе).

Паводле ўніверсітэту, кошты падвышаюць, каб «прывесці цэны на навучанне ў адпаведнасці з выдаткамі на яго». Разбежка ў коштах на дзве апошнія спецыяльнасці, навучанне на якіх не патрабуе дарагога абсталявання і лабараторыяў, звязаная выключна з эканамічным разлікам, тлумачыць «Белсату» кандыдатка педагагічных навук Святланы Мацкевіч, незалежная экспертка ў галіне адукацыі.

«Асноўная задача любога ўніверсітэту – праз аплату навучання пакрыць выдаткі на зарплату выкладчыкаў, персаналу і гэтак далей. Якасць адукацыі абсалютна не бярэцца пад увагу. Пад увагу прымаецца толькі кан’юнктура спецыяльнасцяў: карыстаецца ці не карыстаецца яна попытам», – кажа Святлана Мацкевіч.

Разбежка ў аплаце за навучанне на вышэйпералічаных спецыяльнасцях у галоўным універсітэце Польшчы, Варшаўскім, больш наглядна дэманструе запатрабаванасць гэтых спецыялістаў на рынку:

  • Інфарматыка – 3300 еўраў.
  • Міжнародныя дачыненні – 3000 еўраў.
  • Філасофія – 1500 еўраў.
Інаўгурацыя акадэмічнага году ў Варшаўскім універсітэце. 1 кастрычніка 2019 года. Фота Mateusz Wlodarczyk / Forum

Латвійскі ўніверсітэт, першы ў рэйтынгу вучэльняў нашых паўночных суседзяў, ужо апублікаваў кошты навучання на наступны навучальны год. Беларусы, якія абяруць англамоўныя праграмы па інфарматыцы або міжнароднай эканоміцы і камерцыйнай дыпламатыі, заплацяць 2200 і 3080 еўраў адпаведна.

Год навучання на спецыяльнасці «Філасофія» каштуе 2100 еўраў, але, у адрозненні ад дзвюх папярэдніх праграмаў, выкладаюць на ёй толькі па-латышску.

Разбежка паміж коштамі навучання ў Літве нашмат большая, чымся ў Беларусі, і залежыць ад універсітэту, спецыяльнасці і этапу навучання. Цана за курс на бакалаўрыяце пачынаецца ад 1300, але ў галоўным – і найстарэйшым – універсітэце краіны, Віленскім, найтанней абыдзецца навучанне на спецыяльнасці «Ангельская і расейская мова» – 2175 еўраў.

Набор англамоўных праграмаў у гэтай вучэльні абмежаваны: з прадметаў, найбольш набліжаных да нашай тройкі тут ёсць «Інфармацыйныя сістэмы і кібербяспека», год каштуе 3600 еўраў.

Галоўны будынак Віленскага ўніверсітэту. Фота Raimund Franken / Interfoto / Forum

Філосафам і спецыялістам у міжнародных дачыненнях можна стаць у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, які ў сярэдзіне нулявых пераехаў з Менску ў Вільню і цяпер займае другое месца ў рэйтынгу прыватных ВНУ ў гэтай краіне. Да сёння ўніверсітэт застаецца фактычна беларускім: 95 % студэнтаў тут – нашыя суайчыннікі.

Год навучання на спецыяльнасці «Сусветная палітыка і эканоміка» у ЕГУ абыдзецца ў 1250 еўраў, на «Філасофіі» – усяго 500 еўраў.

Гэта танней, чымся ў БДУ, а праз добрыя адзнакі можна атрымаць грант, які пакрые ад 50 да 100 % выдаткаў на вучобу. Размеркаванне грантаў адбываецца па выніках кожнага семестру.

Да польскіх і латышскіх коштаў наблізілася галоўная ўкраінская вучэльня – Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт імя Тараса Шаўчэнкі.

Год навучання на бакалаўрыяце на любой з трох спецыяльнасцяў абыдзецца беларусам у $ 3000. Каб вучыцца ў КНУ, спачатку трэба авалодаць украінскай: спецыяльнасці «Інфарматыка», «Філасофія» і «Міжнародныя дачыненні» вядуцца на дзяржаўнай мове Украіны.

Масква: бясплатна або вельмі дорага

Згодна з дамоваю 1998 года, беларусы ў расейскіх універсітэтах вучацца бясплатна – пры ўмове, што прайшлі конкурс. Калі не хапае балаў, каб прайсці на бюджэтнае месца ў МДУ імя Ламаносава, можна заключыць дамову з універсітэтам і плаціць. Спецыяльнасці «Прыкладная матэматыка і інфарматыка», «Філасофія» і «Міжнародныя дачыненні» – адныя з самых танных – «усяго» $ 6143 за год.

Гэта ў два разы даражэй, чымся ў адным з найстарэйшых універсітэтаў Еўропы, Падуанскім, дзе вучыліся Капернік, Галілей і Францыск Скарына.

Помнік Міхаілу Ламаносаву перад галоўным будынкам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Фота Anton Novoderezhkin / TASS / Forum

Паводле Святланы Мацкевіч, якая раней выкладала ў Расейскім дзяржаўным сацыяльным універсітэце, расейская сістэма адукацыі радыкальна адрозніваецца ад беларускай, бо нашыя ўсходнія суседзі сапраўды пачалі адаптаваць стандарты адукацыі пад Балонскі працэс.

«Змест адукацыі там рэзка змяніўся. Іншая справа, расейская адукацыя мае іншыя праблемы. Там, як і ў Беларусі, актыўна ўплывае палітычны фактар. Цяпер поспехі, дасягнутыя расейскімі ВНУ ў межах балонскай сістэмы, пачынаюць нівелявацца за кошт негалосных адміністрацыйных установак, якія там цяпер прымаюцца», – дадае Мацкевіч.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў