Аматары «шпіляў» Башыраў, Пятроў ды іхныя кіраўнікі трапілі пад санкцыі ЕЗ


Абмежаванні ўведзеныя супраць кіраўніка Галоўнага ўпраўлення Генштабу расейскай арміі (папярэдняя назва ГРУ), ягонага намесніка і супрацоўнікаў, якія, паводле Еўразвязу, датычныя да атручвання Скрыпаля ў Солсбэры.

Пад санкцыі, уведзеныя Саветам Еўразвязу, за ўжыванне хімічнай зброі трапілі:

  • Ігар Касцюкоў
  • ягоны намеснік Уладзімір Аляксееў
  • Руслан Башыраў
  • Аляксандр Пятроў

Абмежаванні ЕЗ зводзяцца да забароны на ўезд у Еўразвяз і блакаванні актываў расейцаў. А таксама грамадзянам ЕЗ і зарэгістраваным там арганізацыям забаронена весці справы з гэтымі асобамі.

Аб’ектыў
Крэмль «верыць», што Пятроў і Башыраў паехалі ў Солсбэры глядзець шпілі
2018.09.15 20:05

Сяргея і Юлію Скрыпаль знайшлі без прытомнасці на лаўцы ў цэнтры Солсбэры летась 4 сакавіка. Брытанскія ўлады прыйшлі да высновы, што Скрыпалей спрабавалі атруціць нервова-паралітычным рэчывам класа «Навічок», а за нападам з высокай верагоднасцю стаіць Расея.

У атручванні Скрыпалёў брытанскія ўлады абвінавацілі двух супрацоўнікаў ГРУ, якія заехалі ў Брытанію па пашпартах на імёны «Руслан Башыраў» і «Аляксандр Пятроў». Даследчая група Bellingcat і расейскае выданне The Insider ў сумесным расследаванні назвалі сапраўдныя імёны Башырава і Пятрова – Анатоль Чапіга і Аляксандр Мішкін.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў