Крэмль «верыць», што Пятроў і Башыраў паехалі ў Солсбэры глядзець шпілі


Хацелі паглядзець знакаміты сабор, маюць бізнес у галіне фітнесу і, вядома, аніякія не спецслужбісты! У версію Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава не паверыла, калі абапірацца на яе рэакцыю, нават галоўная рэдактарка прапагандысцкага каналу Russia Today Маргарыта Сіманьян, якая і брала інтэрв’ю ў падазраваных у справе Скрыпалёў. Што ўжо тут казаць пра рэакцыю брытанцаў ды іншых еўрапейцаў!

Турысты на словах і спецслужбісты насамрэч? Выданні «The Insider» і «Bellingcat» апублікавалі напярэдадні копію заяўкі на пашпарт Аляксандра Пятрова, якога разам з Русланам Башыравам брытанскія ўлады падазраюць у атручванні былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі. На дакуменце стаіць пячатка «Звестак не даваць» і допіс ад рукі «ёсць ліст С. С». Паводле крыніцы, на якую спасылаюцца расследнікі, пазнакі сведчаць пра датычнасць прынамсі Пятрова да расейскіх спецслужбаў. Адказ Крамля традыцыйны: вы ўсё хлусіце!

«Прынцып «highly likely» не пасуе, хоць нашыя брытанскія калегі карыстаюцца ім выключна з мэтаю абылгаць Расею і падбухторыць супраць нас усіх сваіх еўрапейскіх партнёраў», – кажа Сяргей Лаўроў, міністр замежных справаў Расеі.

Стратэгія Крамлю адмаўляць усялякую датычнасць да скандальнага атручвання працягнецца і надалей, заўважае ў размове з «Белсатам» медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі. Праўда, у залежнасці ад аўдыторыі рыторыка ўсё-ткі будзе крыху адрознівацца.

«Адзін набор – для ўсясветнай супольнасці, дзе будзе спроба паказаць, што не ўсё зразумела ў гэткіх справах, палітыкі традыцыйна хлусяць, спецслужбам верыць нельга – ну і чаму вы верыце ў версію, агучаную Скотлэнд-Ярдам? То бок яны будуць папросту задаваць пытанні і разгойдваць сітуацыю», – адзначае Паўлюк Быкоўскі, медыяэксперт.

А вось для ўласных грамадзянаў ды жыхароў постсавецкай прасторы, дзе медыйныя ўплывы Крамля істотна мацнейшыя, можна абысціся і без пытанняў, якія прадугледжваюць які-ніякі, але самастойны пошук адказаў.

«Вельмі часта будзе навязвацца меркаванне, што, маўляў, мы мелі рацыю, мы паступілі правільна, на нас нагаворваюць, яны хлусяць і г. д. Трэба адзначыць, што для масавай аўдыторыі будуць падобнага кшталту выказванні дастаткова прымальныя, бо ў прапагандзе працуе эмоцыя, а не рацыянальнасць», – кажа Паўлюк Быкоўскі.

Аднак факты – рэч упартая. Заходнія журналісты Патрык Рывэл і Олівэр Кэраль датэлефанаваліся па нумары, пазначаным у апублікаванай заяўцы Аляксандра Пятрова. На іншым канцы проваду адказалі, што журналісты трапілі ў… Міністэрства абароны Расеі.

Валеры Руселік, «Белсат»