Алег ЛСП абвінаваціў Вінсэнта ў спекуляванні моваю. Беларускамоўны рэпер: Алег, ты проста кароль Тулы і Варонежу


Алег Саўчанка, лідар папулярнага на постсавецкай прасторы гурту ЛСП, які паўстаў у Віцебску, у інтэрв’ю «Kyку» раскрытыкаваў беларускамоўнага рэпера Вінсэнта.

На пытанне пра трох найлепшых рэпераў Беларусі, Саўчанка згадаў «Нестандартны варыянт», а пасля назваў імя Вінсэнта.

«Беларускамоўная музыка, у прыватнасці рэп, заўсёды спекулявала на моўнай экзотыцы, за кошт якой не абавязкова рабіць музыку завоблачнай якасці, каб збіраць нейкую аўдыторыю і някепска круціцца ў нашых музычных колах. Вінсэнт – як раз таму доказ. Ён тупа не меў канкурэнцыі, проста выявіўся больш прадпрымальным за іншых у патрэбны час у патрэбным месцы».

Вінсэнт праз некалькі гадзінаў пасля публікацыі інтэрвʼю адказаў Алегу ЛСП

«Я не спекулюю на мове, я гэтым жыву. Такім пасынкам як Алег, гэтага не зразумець. Ён баіцца сказаць слова пра рэальную сітуацыю ў Беларусі, яму пляваць, як называць нашу краіну Беларусь ці Белоруссія. Такія, як Алег, імкнуцца ў Курск і Цюмень, а я туды не імкнуся. Я раблю беларускі рэп, а яны робяць расейскі рэп. Для мяне гэта тое ж самае, што мангольскі рэп, яно ніяк не крыжуецца з беларускай культурай. Таму мне ня важна, што там кажуць пра мяне Алег ці расейскія рэперы.

Вось быў Рома Англічанін, ён зрабіў унёсак у беларускую культуру як мінімум супрацай з Маузерам. Шкада, што ён адышоў ад нас. Прыміце шчырыя спачуванні, блізкія, у тым ліку Алег.

Шчыра кажучы, я ня маю нейкага негатыву, мне не асабліва важны чарговы лямант у мой бок (гэта ж працягваецца ўвесь час). Алег, ты проста кароль Тулы і Варонежу, мне гэта не цікава, як не цікавая твая музыка і ты сам».

У суполцы Арт Сядзібы ў VK вырашылі распытаць, каго падтрымліваюць удзельнікі кам’юніці. Пакуль што перавага за Вінсэнтам.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў