Адсканаваць твар, паразмаўляць з настаўнікам-робатам і злятаць на Марс: школа будучыні ці фантастыка


Праз некалькі дзесяцігоддзяў школы ў развітых краінах будуць нагадваць рэальнасць з фантастычных фільмаў. За дзецьмі будуць сачыць сотні камераў. Яны будуць размаўляць з робатамі, вывучаць астраномію і біялогію пры дапамозе віртуальнай рэальнасці. І ім ніколі не давядзецца адмываць дошку ад крэйды бруднаю анучаю.

Смарт-дошкі: стыкер замест крэйды

Паводле Becta (British Educational Communications and Technology Agency), па стане на 2007 год інтэрактыўныя дошкі былі ў 98 % сярэдніх і 100 % пачатковых школаў Вялікай Брытаніі. У ЗША 71 % класаў забяспечаныя смарт-дошкамі. Інтэрактыўнымі дошкамі называюць вялікія экраны, якія працуюць па тым жа прынцыпе, што і смартфоны. Таксама існуюць гэтак званыя whiteboards (белая дошка, на якой можна пісаць маркерам) і на якой адлюстроўваецца карцінка з праектара. У Беларусі гэтая тэхналогія амаль не выкарыстоўваецца.

Камеры ў класах, каб ведаць, хто сумуе

У 2018 годзе ў якасці эксперыменту ў школе ў кітайскай правінцыі Чжэцзян усталявалі «Smart Classroom Behaviour Management System» (Школьная сістэма распазнавання эмоцыяў). У рэжыме рэальнага часу пры дапамозе камер гэтая сістэма аналізуе выраз твару вучняў. Распрацоўнікі сістэмы закладаюць, што яна дапаможа настаўніку атрымаць інфармацыю пра ўзровень канцэнтрацыі дзяцей падчас уроку.

Hавiны
Беларускіх настаўнікаў вучаць распазнаваць наркатычнае ап’яненне ў падлеткаў
2019.10.30 14:12

Падобная сістэма да канца 2021 года мае з’явіцца ва ўсіх школах Пермскага краю. Распазнаванне твараў дазволіць павялічыць бяспеку ў школе. Камеры будуць сканаваць твар асобы, якая спрабуе ўвайсці ў школу пры дапамозе электроннай карты. Сістэма будзе параўноўваць здымак запісаны на карту, і адсканаваны твар. Магчыма камеры з’явяцца і ў памяшканнях класаў. У гэтым выпадку сістэма будзе працаваць па тым жа прынцыпе, што і ў Кітаі.

Школьная форма з GPS-трэкерам

Летась у 11 школах кітайскай правінцыі Гуйчжоў вырашылі апрануць усіх дзяцей у «разумную форму», якая мае ўбудаваны GPS-трэкер і падключаная да сістэмы распазнавання твараў. Калі дзіцё прыходзіць у школу, сістэма запісвае кароткае відэа з датай і часам.

Бацькі могуць паглядзець відэа праз мабільнае прыкладанне. Калі ж школьнік вырашыць прагуляць урокі і выйдзе са школы, то «разумная форма» паведаміць пра гэта настаўніку і бацькам. Распрацоўнікі формы з фірмы «Guizhou Guanyu Technology» адзначаюць, што форма разлічана на 500 цыклаў прання. Сярэдні кошт формы ў Кітаі – 47 $.

Віртуальная рэальнасць (VR) ужо рэальная

Міжнародная кансалтынгавая кампанія IDC прагназуе, што ў камерцыйным сегменце рынку VR-тэхналогіяў самым перспектыўным у бліжэйшы час будзе адукацыя. Паводле Holon IQ, да 2025 года VR зойме першае месца ў адукацыйных тэхналогіях.

Пры дапамозе матэрыялаў кампаніі ClassVR ужо цяпер можна паляцець на Марс, «патрымаць» у руках 3D-версію чалавечага чэрапа, або сэрца і нават вывучаць ангельскую мову. Выкарыстоўваючы ўрокі ад Mel Science на ўроках хіміі можна залезці ў атам і сабраць малекулу.

Настаўнікі з пластыку і жалеза

Разам з новымі тэхналогіямі ў школах пачынаюць зʼяўляцца і новыя настаўнікі – робаты. Праўда, яны не могуць цалкам замяніць чалавека і выкарыстоўваюцца хутчэй як матыватар для дзяцей. Дарэчы, на дадзены момант у 2000 кітайскіх садках выкарыстоўваюць робатаў, якія правяраюць стан здароўя школьнікаў. І гэта толькі пачатак.

Паводле Міжнароднай федэрацыі робататэхнікі (International Federation of Robotics, IFR) у 2020 годзе Кітай будзе прадукаваць 150 000 прамысловых робатаў (палова сусветнага рынку) і яшчэ 650 000 робатаў, якія выкарыстоўваюцца ў іншых галінах эканомікі. Частка з іх будзе прыпадаць на адукацыю.

Урокі, якія не захочацца прагуляць

На курсы робататэхнікі, абсталяванне класаў і развіццё інжынерных навыкаў у кітайскіх дзяцей КНР выдаткоўвае штогод каля 1 млрд. еўраў. Неўзабаве Кітай збіраецца дадаць у школьную праграму курс «Штучны інтэлект».

У Расеі магчымасць зрабіць робататэхніку часткай школьнай праграмы пакуль толькі абмяркоўваецца. Таксама Мінадукацыі Расеі думае, ці варта вучыць дзяцей 3D-мадэляванню, цыфравой эканоміцы і кіберспорту. Сёлета ў жніўні адмыслоўцы з «Інстытуту развіцця інтэрнэту» прапанавалі Міністэрству асветы Расеі кампʼютарныя гульні, якія варта ўключыць у факультатыўныя заняткі па кіберспорту: Dota 2, Hearthstone, Dota Underlords, FIFA 19, World of Tanks, Minecraft і CodinGame.

Крыніца: ири.рф

З 2015 года тры школы Швецыі пачалі весці заняткі па кіберспорце. У Нарвегіі кіберспорт ёсць толькі ў адной школе, дзе цягам тыдня дзеці займаюцца 5 гадзінаў з Dota 2, League of Legends або Counter-Strike.

У Беларусі, на жаль, усё не так вясёлкава…

Hавiны
Адваротны бок IT-дзяржавы: палова беларускіх школаў нават не карыстаецца хуткасным інтэрнэтам
2019.10.31 15:13

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў