Адкаты і тэхніка пад плотам. Уся Беларусь у 5 цытатах Лукашэнкі


30 лістапада Аляксандр Лукашэнка прыехаў на Аршанскі льнокамбінат. У Менск кіраўнік Беларусі з’ехаў з «паганым настроем», пакінуўшы губернатарам «хатняе заданне».

Прапануем вашай увазе ўрыўкі выказванняў Лукашэнкі з ягонай аршанскай паездкі, якія няблага ілюструюць тое, што адбываецца ў нашай краіне.

Хатняе заданне для губернатараў

«Кожны губернатар у кожнай вобласці возьме поле, падзеліць на тры часткі. І засее 10-20 га імпартным насеннем, побач пасее «дукат», «талер», яшчэ нешта [гаворка пра айчынныя сарты льну. – Заўв. Belsat.eu]. І калі мы паедзем глядзець лён, мы паедзем на гэтае поле».

Тэхніка пад плотам

«Уся неабходная тэхніка з улікам двухзменнай-трохзменнай працы ёсць. Проста яна выкарыстоўваецца бязладна. Трэба аднавіць тое, што пад плотам сёння, і працаваць трэба».

Дынаміка ёсць, але гэта ж слёзы

«Сітуацыя ў льногаліне не радасная. Так, трэба сказаць, што нейкі маленькі-маленькі прырост ёсць, дынаміка ў патрэбным кірунку. Не толькі таму, што рынак сёння дапамог нам, попыт пайшоў, але яшчэ і таму, што неяк заварушыліся, у гаспадарках пачалі больш увагі надаваць лёну. Але гэта ж слёзы».

Замежнае набываюць, бо там адкаты

«Ніякага імпарту. Мы машынабудаўнічая краіна, вырабляем вельмі складаныя машыны. Мы ўсё павінны рабіць у сябе. Бо будуць вазіць з-за мяжы. А чаму возяць – таму што там адкаты. Там так званыя камісійныя – 8-15 %. Днямі вы пачуеце яшчэ адну эпапею. Ужо далажылі мне. Некалькі дзясяткаў кіраўнікоў трапіліся на гэтым самым імпарце».

Лён – «палітычная культура»

«Мала таго, што гэта палітычная культура для Беларусі [лён ёсць на гербе Беларусі. – Заўв. Belsat.eu], у свеце лёну не хапае. Значыць, рынак будзе. Чым далей, тым больш. Ну і калі мы пачалі гэтым займацца і ўклалі вялікія грошы ў вытворчасць і перапрацоўку, трэба далей, паглыбляць гэтую перапрацоўку, каб атрымаць і касметычныя тавары, і для медыцыны… трэба паглыбляцца», – рэзюмаваў кіраўнік Беларусі.

ЮВ, belsat.eu, паводле belta.by

Стужка навінаў