Абаронцы Курапатаў патрабуюць ад Лукашэнкі вярнуць крыжы на месца

ВІДЭА

Абаронцы народнага мемарыялу ў Курапатах, дзе ў савецкі час былі пахаваныя ахвяры масавых рэпрэсіяў, 10 красавіка наведалі адміністрацыю кіраўніка дзяржавы, і перадалі зварот з пратэстам супраць зносу крыжоў ва ўрочышчы.

«Мы панясем Лукашэнку Аляксандру Рыгоравічу адкрыты зварот ад грамадзян Рэспублікі Беларусь. Спачатку яго падпішуць усе тыя, хто сёння будзе, а пасля мы выкладзем яго ў адкрыты доступ для падпісання ўсімі жадаючымі», – распавяла belsat.eu адна з ініцыятарак звароту Ганна Шапуцька.

Дашкевіч паскардзіўся ў пракуратару на акт дзяржаўнага вандалізму і крадзеж маёмасці ў Курапатах

Аўтары звароту абураныя зносам крыжоў у Курапатах і патрабуюць, «пакуль яшчэ не позна, вярнуць крыжы на свае месцы, выправіць страшную памылку, пакаяцца ва ўчыненым», распавяла суразмоўца.

«4 красавіка стаўся трагічным днём для беларускага грамадства. Вы, Аляксандр Рыгоравіч, пайшлі вайной супраць беларускага народу, аддаўшы каманду на знішчэнне курапацкіх крыжоў», – гаворыцца ў дакуменце.

У звароце адзначаецца, што крыжы былі ўсталяваныя на законнай падставе. У прыватнасці, яшчэ ў 2002 годзе было ўзгодненае ўсталяванне крыжоў па перыметры Курапатаў, а ў 2013-ым у пашпарце мемарыялу было запісана, што перыметр урочышча «вызначаны драўлянымі крыжамі, пастаўленымі рытмічна з аднолькавымі інтэрваламі». То бок, адзначаюць аўтары звароту, у 2002 годзе крыжы былі законна ўсталяваныя, а ў 2016-2018 іх замянілі новымі, бо старыя ўжо спарахнелі.

МЗС Польшчы адрэагавала на знішчэнне крыжоў у Курапатах

«Згодна з беларускім заканадаўствам, як на тэрыторыі мемарыялу, так і на тэрыторыі яго ахоўных зонаў, дазваляецца выкананне работ па ўшанаванні памяці ахвяр палітычных рэпрэсій. Замена старых крыжоў новымі драўлянымі – гэта нішто іншае, як працяг працы па ўшанаванні памяці ахвяр палітычных рэпрэсій», – падсумоўваецца ў звароце.

Таксама актывісты плануюць перадаць канцэпцыю народнага мемарыялу ў Курапатах, якая была ўхваленая Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам у 1993 годзе і якая дазваляе кожнаму ўшанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. «І крыж у гэтай канцэпцыі – галоўны сімвал», – дадала Ганна Шапуцька.

Кошт абароны Курапатаў – першыя пастановы судоў

Нагадаем, што раніцай 4 красавіка ў Курапатах былі знесеныя каля 70 крыжоў, усталяваных па перыметры ўрочышча. Таксама былі затрыманыя каля 15 актывістаў, якія пратэставалі супраць гэтага.

Увечары 4 красавіка ў Курапатах адбылася масавая малітва супраць зносу крыжоў, а ў 7 красавіка падобная акцыя прайшла ўжо ў цэнтры Менску.

МГ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары