Аб'ектыў 08.04.2019 Кошт абароны Курапатаў – першыя пастановы судоў


Менш як тыдзень таму ва ўрочышчы Курапаты з’явілася тэхніка і людзі, што пачалі дэмантаж крыжоў. А сёння маем першыя пастановы судоў і тэрміны за абарону месца масавых расстрэлаў. Кошт абароны мемарыялу – у матэрыяле Вольгі Чайчыц.

Актывістку Вольгу Мікалайчык суд Першамайскага раёну аштрафаваў на 35 базавых велічыняў за заклік да несанкцыянаванага мерапрыемства ў сацыяльных сетках. У судзе Менскага раёну палітыка Паўла Севярынца арыштавалі на 15 содняў, яго затрымалі 5 красавіка ў Курапатах разам з Нінаю Багінскаю нібыта для высвятлення асобы, калі ён спрабаваў весці стрым на месцы знесеных крыжоў.

«Я нават дзіўлюся, як могуць цяпер, у нашай краіне, усё ж мы хрысціянскі свет, разумецца з Лукашэнкам. З гэтай не тое што антынароднай, антыхрысціянскай уладаю, дыктатарскай, дэспатычнай. Таму я ў першы дзень і лягла на гэтыя крыжы, яны тады мяне выпусцілі», – распавядае Ніна Багінская, абаронца Курапатаў.

Але пазней ізноў затрымалі. З 5 красавіка ў ізалятары 72-гадовая Ніна Багінская трымала галадаванне, сёння ейную справу спачатку адправілі на дапрацоўванне, але потым усё ж асудзілі за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне міліцыянтам, агулам на 50 базавых.

«Людзям безумоўна патрэбнае падтрыманне. Людзі павінныя разумець, што вялікая колькасць людзей была моцна абураная тым, што адбывалася ў Курапатах, на жаль, трэба канстатаваць, што не так шмат людзей выйшла, гэта балюча», – кажа праваабаронца Алена Танкачова.

Чыняць перашкоды і тым, хто хоча падтрымаць затрыманых, бо не паведамляюць, калі і дзе будуць судзіць. Затрыманы ўчора Мікола Статкевіч застаецца ў ізалятары на Акрэсціна. Падставаю затрымання назвалі заклік да малітвы. Статкевіча прэвентыўна схапілі перад ініцыяванай палітыкам малітваю за Курапаты ў цэнтры Менску 7 красавіка. Жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч:

«Колькі ён там будзе, і на якой падставе яго там трымаюць, і як яны, колькі разоў перавернуцца ў паветры, ці то потым скажуць, што не збіраліся мы яго ў суд везці, а ён адбывае раней прызначанае пакаранне, ці то прывязуць, сёння, заўтра ці праз два дні».

Гэтак званае ўпарадкаванне ў Курапатах распачалі пасля крытычнай ацэнкі Аляксандра Лукашэнкі. 4 красавіка работнікі дэмантавалі 70 крыжоў, якія цягам мінулага года ля месца масавых расстрэлаў паставіў разам са сваймі паплечнікамі Зміцер Дашкевіч.

Працаўнікі ўжо скончылі ўсталёўваць плот, цяпер ён агароджвае ўсю тэрыторыю Курапатаў, міліцыі тут цяпер не заўважна, але застаюцца людзі ў цывільным.

Сёння Зміцер Дашкевіч звярнуўся ў Генеральную пракуратуру, бо не было юрыдычных падставаў зносіць крыжы. 1 красавіка падпісалі прэтэнзію Менскага аблвыканкаму пра знос толькі 13 крыжоў з боку Заслаўскай дарогі. Зміцер Дашкевіч распавядае:

«У іх прэтэнзія да 19-га. Да 19 чысла мы мелі права яе абскардзіць. Больш за тое, мы ж ужо адну пастанову абскардзілі, яе суд адмяніў, і мы маглі далей рухацца ў юрыдычным ключы. Бо там канфліктуе заканадаўства дарожнікаў з заканадаўствам аб культуры. Не 4 красавіка мы бачым гэты акт дзяржаўнага вандалізму».

З парушэннямі адбывалася і ўсталяванне плота. Ніякага археалагічнага нагляду, калі капалі ямы пад слупкі плота, не праводзілі.

Вольга Чайчыц, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары