39-ты дзень пратэстаў. Галоўнае


Belsat.eu падводзіць вынікі 39-га дня супрацьстаяння паміж уладамі і беларускім грамадствам.

Даведка
Шаноўныя чытачы! 16 верасня суд Фрунзенскага раёну Менска пакараў фатографаў Аляксандра Васюковіча і Уладзя Грыдзіна 11 соднямі арышту. На знак салідарнасці з калегамі «Белсат» адмаўляецца ад фотаздымкаў на цэлы дзень.

Пратэсты і рэпрэсіі

У Беларусі 16 верасня некаторыя кампаніі (пераважна ў сталіцы) прыпынілі сваю працу на знак салідарнасці з пратэставым рухам. Сярод іх – кавярні, бары, крамы адзення, друкаваныя цэнтры, турфірмы, фотастудыі і нават IT-кампанія. Наколькі маштабнай была гэтая акцыя, пакуль ацэніць цяжка.

Hавiны
Грамадзянская супольнасць нараджаецца ў дварах. У чым навізна і адметнасць беларускіх пратэстаў?
2020.09.16 22:14

Вулічная актыўнасць 16 верасня пры гэтым была невысокая. Лакальныя нешматлікія акцыі салідарнасці былі заўважаныя ў Лебядзіным, Чыжоўцы, каля кінатэатру «Беларусь», ГЦ «Тытан», парку Чалюскінцаў ды іншых кропках гораду. Пікеты салідарнасці праводзілі студэнты МДЛУ і БДУІР.

Ва Уруччы, на Усходзе-1 і ў Каменнай Горцы мясцовыя жыхары ладзілі канцэрты з пратэставай тэматыкай.

На Нямізе спявалі «Магутны Божа». Днём на праспекце Незалежнасці дзяўчаты з бел-чырвона-белымі парасонамі шпацыравалі пад лозунгам «Я гуляю».

Тым часам, працягваліся затрыманні ўдзельнікаў пратэстаў ды іншадумцаў. Напрыклад, у Менску былі затрыманыя актывісты Зміцер Паліенка і Арсен Бугаенка, у Гомлі – студэнт Аляксей Кашыцкі.

Прэс-служба МУС паведаміла пра затрыманне дзвюх берасцейцаў, якія распаўсюджвалі ўлёткі з персанальнымі дадзенымі міліцыянераў і суддзі, а таксама пра затрыманне жыхара Бабруйску, які расклейваў улёткі з заклікамі да пратэстаў. Акрамя таго, міністэрства абвесціла, што ўжо распачатыя 43 крымінальныя справы за пагрозы гвалту супраць міліцыянтаў.

Таксама працягваліся суды над пратэстоўцамі. Агулам, паводле праваабаронцаў, за тры дні бягучага тыдню па краіне да адміністратыўнай адказнасці прыцягнулі 376 асобаў, затрыманых на акцыях пратэсту ў перыяд з 11 да 13 верасня.

Hавiны
Абаронцы Калеснікавай патрабуюць спыніць ейны пераслед
2020.09.15 19:54

Сябру прэзідыума Каардынацыйнай рады Марыі Калеснікавай 16 верасня была выстаўлена абвінавачванне паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу – «заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаннем СМІ ды сетцы Інтэрнэт». Следчы камітэт пакінуў яе ў жодзінскім СІЗА.

16 верасня сілавікі прыйшлі ў офісы групы кампаніяў «Белцяжмаш», якімі кіруюць бізнесмены Ігар, Аляксандр і Дзмітрый Анішчанка. Менавіта «Белцяжмаш» валодае будынкам, дзе здымаў у арэнду офіс штаб Віктара Бабарыкі і пазней працавала Каардынацыйная рада. Высветлілася, што ДФР Камітэту дзяржаўнага кантролю распачаў крымінальную справу па ч.2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры).

Hавiны
«Людзі пэндзлямі фарбуюць МАЗы». Як у Беларусі ідуць італьянскія забастоўкі
2020.09.16 15:54

Суды над журналістамі

Суд Фрунзенскага раёну пакараў фотакарэспандэнтаў Уладзя Грыдзіна і Аляксандра Васюковіча 11 соднямі арышту кожнага.

Грыдзіна і Васюковіча затрымалі ўвечары 13 верасня ў бары «1067», дзе яны адпраўлялі ў рэдакцыю здымкі з Маршу герояў. Фотакарэспандэнтаў абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і змясцілі ў ЦІП на Акрэсціна.

Суд над імі пачаўся яшчэ 15 верасня, затым пратаколы адпраўлялі на дапрацаванне. Спачатку міліцыя вінаваціла фотакарэспандэнтаў ва ўдзеле ў несанкцыянавай акцыі на вуліцы Раманаўская слабада, а пасля дапрацоўвання пратаколу – ў пратэстах каля станцыі метро «Пушкінская».

Hавiны
Тысячы рублёў штрафаў, дзясяткаў дзён арышту. Вынікі сённяшніх судоў над «белсатаўцамі»
2020.09.15 17:03

Нагадаем, учора гомельскай журналістцы «Белсату» Марыне Драбышэўскай далі 10 дзён арышту. Кацярыне Андрэевай і Максіму Калітоўскаму далі штраф у памеры 50 базавых велічыняў (Br 1375 рублёў), але да гэтага яны 72 гадзіны правялі за кратамі. Справу Яўгена Меркіса адправілі на дапрацоўванне да 17 верасня, аднак ён застаўся за кратамі.

Крэдыт для Лукашэнкі

Расейскі крэдыт у $ 1,5 млрд, які Уладзімір Пуцін у Сочы паабяцаў Аляксандру Лукашэнку, будзе выдадзены ў два этапы і прынамсі першы транш пойдзе на рэфінансаванне папярэдніх даўгоў Беларусі перад РФ.

Лукашэнка падчас сустрэчы з прадстаўнікамі наменклатуры распавёў, што сёлета Беларусь была павінна аддаць РФ $ 1 млрд па старым абавязкам.

«Гэта была мая просьба да кіраўніцтва Расеі аб тым, што мы гэты мільярд сёлета вам не выплачваем, пакідаем у сябе і пераносім на будучы год. Працэнт там прымальны. То бок, гэта пытанне рэфінансавання», – заявіў ён.

Адначасова міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў заявіў, што Расея выдасць Беларусі крэдыт у два этапы – $ 1 млрд у 2020 годзе і $ 500 млн у 2021 годзе. Такім чынам першы транш крэдыту цалкам пойдзе на рэфінансаванне старых даўгоў беларускай дзяржавы.

Hавiны
Спальваць ЗВР доўга не атрымаецца. Куды пойдзе расейскі крэдыт?
2020.09.16 22:33

Лукашэнка і Нарышкін абвінавачваюць ЗША

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з прадстаўнікамі наменклатуры назваў пяць вонкавых агрэсараў, якія на працягу апошніх дзесяці гадоў нібыта рыхтавалі «каляровую рэвалюцыю» ў Беларусі:

«На ўзроўні глабальных цэнтраў гэта перш за ўсё Злучаныя Штаты Амерыкі, больш канкрэтна – іхная сетка фондаў у падтрыманні гэтак званай дэмакратыі. На еўрапейскім кантыненце актыўна дзейнічалі амерыканскія сатэліты: Польшча, Літва, Чэхія і, на жаль, наша Украіна».

У кожнай з гэтых краінаў, на думку Лукашэнкі, была свая роля. Нібыта Чэхія з’яўляецца «рэсурсным хабам», Польшча «інкубатарам медыяканалаў» і «пляцоўкай для альтэрнатыўных органаў у выгнанні», Літва – гэта «таран беларуска-еўрапейскіх стасункаў», а Украіна – «фарпост палітычных правакацыяў».

«Тактыка арганізатараў будавалася паводле класічнага амерыканскага падручніка каляровых рэвалюцыяў. Гэта ўсім вядомы Джын Шарп», – заявіў ён.

Ва ўнісон гэтым словам Лукашэнкі прагучала сённяшняя заява дырэктара Службы вонкавай выведкі РФ Сяргея Нарышкіна, які абвінаваціў ЗША ў падрыхтоўцы пратэстаў у Беларусі.

«Пратэстныя акцыі з самага пачатку носяць добра арганізаваны характар ​​і каардынуюцца з-за мяжы», – адзначыў ён.

Дырэктар Службы вонкавай выведкі кажа, што «фактычна гаворка ідзе пра дрэнна завуаляваную спробу арганізаваць чарговую каляровую рэвалюцыю і антыканстытуцыйны пераварот, мэты і задачы якіх не маюць нічога агульнага з інтарэсамі беларускіх грамадзянаў».

У сваю чаргу Святлана Ціханоўская заявіла, што Сяргей Нарышкін «транслюе нясвежыя прапагандысцкія штампы».

«Прычына пратэстаў у Беларусі адна і ўсім вядомая: Лукашэнка прайграў выбары, але не жадае сыходзіць. Народ, які адмовіў былому прэзідэнту ў даверы і падтрыманні, патрабуе ягонага сыходу».

Размова
Ці Лукашэнка гатовы да перадачы ўлады?
2020.09.16 22:20

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў