У Беларусі пачнуць прымусова спісваць грошы з электронных гаманцоў


Лукашэнка змяніў свой указ «Аб удасканальванні безнаяўных разлікаў». Адпаведны дакумент апублікавалі на Нацыянальным прававым партале. Цяпер прымусова будуць спісваць грошы не толькі з банкаўскіх рахункаў, але і з электронных гаманцоў, адкрытых нябанкаўскімі арганізацыямі. Што гэта значыць, «Белсату» растлумачыла эканамістка Настасся Лузгіна.

Коммунальные услуги, счётчики, кошелёк, коммуналка, деньги, рубли, беларусский рубль, цены, стоимость, калькулятор
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Дзяржава самастойна забірае безнаяўныя грошы беларусаў у шмат якіх выпадках, напрыклад, калі не аплачаны штраф або маецца якая-кольвек запазычанасць згодна з пастановаю суда ці выканаўчым надпісам натарыуса.

Дагэтуль прымусова спагнаць грошы маглі з рахунку, дэпазіту або электроннага гаманца ў банку. Цяпер у гэты пералік дадалі электронныя гаманцы нябанкаўскіх арганізацыяў, што ўлучаныя ў адмысловы рэестр пастаўнікоў плацежных паслугаў. Гэты спіс складае Нацбанк, і з 27 жніўня такія арганізацыі, у тым ліку замежныя, не маюць права працаваць у нашай краіне без рэгістрацыі.

Гаворка ідзе пра грошы, што захоўваюцца, напрыклад, у электронных гаманцах, якія можна адкрыць у мабільных аператараў, растлумачыла «Белсату» старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна.

«Гаманец адкрываецца з ідэнтыфікацыяй, то бок вядома, каму ён належыць. Атрымліваецца, што мабільныя аператары будуць спісваць адтуль грошы на патрабаванне дзяржаўных органаў. Складана сказаць, ці лічыцца электронным гаманцом рахунак, на які кладуць грошы, каб папоўніць баланс. Паводле логікі і агульных правілаў, з гэтага рахунку таксама могуць спісваць, іншае пытанне, што там малыя сумы, і багата з яго не знімуць», – сказала эканамістка.

Усе мабільныя аператары зарэгістраваныя ў якасці пастаўнікоў плацежных паслугаў.

Новае правіла датычыць іншых сэрвісаў, якія працуюць у Беларусі, напрыклад, «QIWI Кошелёк» і «ЮMoney».

Hавiны
У Беларусі плануюць зрабіць больш жорсткім заканадаўства аб прымусовай працы арыштаваных
2023.08.14 14:21

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў