У Беларусі плануюць зрабіць больш жорсткім заканадаўства аб прымусовай працы арыштаваных


Генеральная пракуратура на сваім сайце паведаміла: летась толькі палова арыштаваных за тое, што не пералічваюць дзяржаве грошы за ўтрыманне дзяцей, былі працаўладкаваныя. Ведамства абурылася ды ініцыявала змены ў заканадаўства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Школа-інтэрнат № 10. Менск, Беларусь.
Фота: schi10.minsk.edu.by

У Беларусі спаганяюць грошы з бацькоў, чые дзеці ўтрымліваюцца на дзяржаўным забеспячэнні. У Кодэксе аб адміністратыўных правапарушэннях маецца артыкул аб штрафах і арышце асобаў, якія не плоцяць і не працуюць. Акрамя таго, заканадаўства прадугледжвае абавязковую працу бацькоў падчас арышту.

Генеральная пракуратура праверыла, як гэтае заканадаўства выконваецца, і абурылася:

«Летась з 14 тысяч правапарушэнняў, за якія прызначанае адміністратыўнае спагнанне ў выглядзе арышту, абавязаныя асобы ў выніку неналежнай арганізацыі работы органаў унутраных справаў і мясцовых выканаўчых органаў не былі прыцягнутыя да працы больш як у 50 % выпадкаў».

Акрамя таго, летась бацькі, у якіх забралі дзяцей, «ухіляючыся ад працы, учынілі больш за 78 тысяч прагулаў». У выніку дзяржава «недаатрымала больш за адзін мільён рублёў на ўтрыманне дзяцей на дзяржаўным забеспячэнні».

Паводле звестак на 1 студзеня, у Беларусі больш за 28 тысячаў «абавязаных асобаў». Іхная запазычанасць на дзяцей перавысіла Br 174 млн.

Цяпер Генеральная пракуратура патрабуе «ужыць кардынальныя захады дзеля ўдасканалення заканадаўства» і зліквідавання выяўленых парушэнняў. Плануецца адрэгуляваць парадак абавязковага прыцягнення да працы арыштаваных бацькоў, а таксама механізм спагнання з іх грошай. Адпаведную інфармацыю ўжо перадалі ў Савет Міністраў.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў