У цябе зноў двайняты, Беларусь!

На чацвёртым годзе свайго найбольш масавага ў гісторыі краіны рэлакацыйнага жыцця беларусы працягваюць рухацца ў процілеглы ад аб’яднання бок.

Анонс турніру па пляжным валейболе ў Сопаце, Польшча.
Фота: freesportunity / Instagram

З’яўляюцца быццам бы новыя арганізацыі, якія, па сутнасці, капіююць дзеянні папярэднікаў. Цяпер вось услед за «Байполам»/«Белполам», «Планам В-1» і «Планам В-2» аб’яднанні нашых суайчыннікаў памножыліся і ў галіне спорту. Афіцыйна абвешчана, што створаная новая арганізацыя «FreeSPOrT». Яе заснавалі (пакуль на словах) былыя супрацоўнікі Беларускага фонду спартовай салідарнасці Марыя Журава, Міхаіл Залеўскі і самбіст Сцяпан Папоў. У сваім інаўгурацыйным інтэрв’ю юрыстка і паплечніца палітвязня Аляксандра Данілевіча, выпускніца факультэту міжнародных адносінаў БДУ і пераможца ў двух намінацыях на VII конкурсе Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі «Спартовае права ў Рэспубліцы Беларусь» (2017 год) Журава прызналася, што база яшчэ не створаная:

«FreeSPOrT» мусіць стаць платформай, дзе праз спорт могуць аб’ядноўвацца людзі з рознымі думкамі і меркаваннямі ды знаходзіць паразуменне. Яе стваральнікі-беларусы імкнуцца супрацоўнічаць і з прадстаўнікамі іншых краінаў, мэта – міжкультурны абмен і якасная камунікацыя дзеля сацыялізацыі людзей і развіцця грамадскай супольнасці. Бюджэт арганізацыі яшчэ распрацоўваецца, і з цягам часу НДА плануе займець разнастайныя крыніцы фінансавання для большай устойлівасці. «FreeSPOrT» плануе і камерцыйную актыўнасць».

Таксама, са словаў Журавай, «FreeSPOrT» плануе арганізоўваць аматарскія турніры, – сяброўскія матчы, сямейныя выходныя ды іншыя спартовыя імпрэзы па розных відах спорту (не ўдакладняецца, за чый кошт).

Тут варта прызнаць, што сапраўды ёсць адрозненне ад Беларускага фонду спартовай салідарнасці, які турніры не арганізоўваў у сілу ангажаванасці ў больш глабальныя пытанні. Напрыклад, Фонд займаецца пытаннямі забароны на правядзенне міжнародных спаборніцтваў на тэрыторыі Беларусі, уладкаваннем прафесійных і дзейных вольных спартоўцаў на зборы і кваліфікацыі да Алімпійскіх гульняў ды інш. Вынікі мы бачым: атлеты маюць магчымасць выступаць у спаборніцтвах у Польшчы, краінах Балтыі, ва Украіне.

Анонс турніру па пляжным валейболе ў Сопаце, Польшча.
Фота: freesportunity / Instagram

Тое, што «з цягам часу «FreeSPOrT» плануе займець разнастайныя крыніцы фінансавання», гэта добра. Але трэба ўлічваць, што іншаземцам у той жа Польшчы не так лёгка знайсці падтрыманне спонсараў. Вядомыя кампаніі перш за ўсё дапамагаюць суайчыннікам або іншаземным спартоўцам, якія ў сілу сваёй таленавітасці і працаздольнасці маюць рэальныя шанцы дапамагчы мясцовым камандам як мага лепей выступаць на буйных стартах, у тым ліку і на Алімпійскіх гульнях (Вольга Сафронава, Крысціна Ціманоўская, Карына Казлоўская).

Першае ўражанне ад новага аб’яднання – гэта клон БФСС. Больш ёмістае вызначэнне можна будзе даць пасля таго, як сапраўды здзейсняцца вартыя ўвагі рэчы. Пакуль падаецца, што актывы новай арганізацыі будуць грунтавацца на дубляванні актыўнасцяў БФСС. Беларускі фонд спартовай салідарнасці адпусціў ахвотных самастойна паказаць клас у справе падтрымання вольных спартоўцаў, зрабіць усё па-іншаму, на свой густ і лад, вельмі годна. Тэлеграм-канал «Athletes for Freedom» праводзіў у самастойнае плаванне былых калегаў, а цяпер канкурэнтаў стрымана і дыпламатычна:

«Беларускі фонд спартовай салідарнасці жадае былым калегам поспехаў у новым праекце, які (непублічна. – «Белсат») рыхтаваўся доўгі час, з восені 2022 года. Лічым, што абраны напрамак можа добра дапоўніць дзейнасць BSSF па абароне правоў беларускіх спартоўцаў, якія выказаліся супраць гвалту і вайны, а таксама па падтрымцы Украіны і беларускіх добраахвотнікаў».

У асобным інтэрв’ю «Белсату» Аляксандр Апейкін сумна іранізуе, што беларусаў чамусьці абавязкова павінна быць «па двое»:

«Нас можна было аб’яднаць у выбарчыя або паслявыбарчыя першыя тыдні і, магчыма, месяцы, калі ўлада задрыжала не на жарт. Але пазней беларусы ізноў узяліся за сваё, калі кожны цягне коўдру на сябе і ўпэўнены, што дасць рады з мерай адказнасці. Гэта паказалі і ўжо шматлікія прэзідэнцкія выбары, праз якія даўно скінулі б не ўласцівы Беларусі рэжым, каб не лічылі, што кожная грамадская арганізацыя несумненна вышэйшая за іншую і што менавіта ейны вылучэнец мусіць стаць адзіным кандыдатам на выбарах прэзідэнта».

Паводле кіраўніка міжнароднага дэпартаменту Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатоля Котава, даем волю часта непатрэбным, залішнім эмоцыям:

«Чамусьці ўвесь час беларусам хочацца пагуляцца ў самастойнасць, прасунуцца на нейкія бачныя ролі, забываючыся, што кожны для перамогі павінен рабіць максімум на сваім месцы».

На пытанне, ці ёсць сэнс у гэтых падваеннях, патраеннях, дасць адказ толькі час.

Прынамсі, кіраўнік Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін адначасова і іранізуе і філасофствуе:

«Аб’ектыўна – на гэта няма зараз грамадскага запыту. Калі б гэта была нейкая інавацыйная ідэя, якая штосьці дадавала дэмакратычнаму руху, у нечым дапаўняла, штосьці свежае стварала, – сэнс нейкі быў бы. Але па сутнасці – гэта копіпаст БФСС, які ствараўся ў 2020-м у момант высокай запатрабаванасці. І каманда была моцная. Але з цягам часу грамадская актыўнасць аб’ектыўна знізілася. Агульная, не толькі ў спорце. І многія працэсы запаволіліся. Таму неабходнасці ствараць паралельную структуру, якая ў пэўным сэнсе дублюе гэтую самую тэматыку, прынамсі я не бачу».

Паводле Аляксандра Апейкіна, так працуе грамадства. Хвалямі. Проста цяпер, напрыклад, няма нейкага палітычнага, грамадскага цыклу ў актыўнай фазе. Але не факт, што яго не будзе.

«Ствараць арганізацыі трэба перш за ўсё дзеля таго, каб дапамагаць людзям унутры Беларусі, – дзеліцца сваймі меркаваннямі спадар Апейкін. – У гэтым выпадку такія праекты маюць прагрэсіўны і перспектыўны сэнс, а займацца ўладкаваннем жыцця дыяспары… я не ведаю, ці варта».

Першымі актыўнасцямі «FreeSPOrT» стануць жнівеньскія турніры па футболе – Кубак Івуліна (летась яго праводзіў Беларускі дом у Варшаве) і спаборніцтвы для ўсіх ахвотных па пляжным валейболе ў Сопаце.

А клопаты Беларускага фонду спартовай салідарнасці цяпер скіраваныя на тое, каб беларускія лёгкаатлеты хоць у якой колькасці былі рэпрэзентаваныя на Алімпіядзе ў Парыжы. Кандыдаты, якія пакуль не маюць пропуску на Гульні, але ўжо гатовыя да іх, гэта Крысціна Ціманоўская, Святлана Кудзеліч ды Яна Максімава. Ушчыльную іх справамі БФСС зоймецца адразу пасля чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы ў Будапэшце (19–27 жніўня). Пакуль ідзе ліставанне з Міжнародным алімпійскім камітэтам, дыпламатычнымі структурамі розных краінаў, у прыватнасці, Нямеччыны, Еўразвязу.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў