Сярод загінулых у Аленаўцы былі абаронцы «Азоўсталі»


Міністэрства абароны РФ апублікавала спісы забітых і параненых у Аленаўцы ўкраінскіх ваеннапалонных. Паводле расейскіх звестак, у калоніі загінулі 50 вайскоўцаў. У спісе пазначаны 48 імёнаў, асобы яшчэ дваіх высвятляюцца. Полк «Азоў» не публікуе свае спісы забітых у Аленаўцы і выказвае недавер расейскім, але, паводле звестак «ВоТ Так», некаторыя з загінулых сапраўды служылі ў ім.

Сваякі абаронцаў «Азоўсталі» праводзяць мітынг з патрабаваннем прызнаць Расею дзяржавай-тэрарыстам пасля забойства ўкраінскіх ваеннапалонных у турме ў Аленаўцы пад Данецкам. Кіеў, Украіна. 30 ліпеня 2022 года.
Фота: Валянцін Агірэнкі / Reuters / Forum

«Акупанты выклалі Спіс прозвішчаў параненых і загінулых праз тэрарыстычныя дзеянні ў Аленаўцы. Інфармуем: пакуль што мы — Патранатная служба Азова — не можам пацвердзіць або абвергнуць гэтыя звесткі і правяраем іх на дакладнасць», — пракаментавалі публікацыю «Янголи Азову».

У Патранатнай службе «Азова» таксама дадалі, што будуць паведамляць імёны параненых і загінулых у Аленаўцы сем’ям у індывідуальным парадку. Там удакладняюць, што ні адна ўкраінская або міжнародная інстытуцыя не можа пацвердзіць або абвергнуць спісы, размешчаныя ў расейскіх медыя.

Наяўнасць у Аленаўскай калоніі ваеннапалонных з палку «Азоў» раней пацвярджалі як расейскі бок, так і ўкраінскі. Заснавальнік «Азова» Андрэй Білецкі нават «абвесціў паляванне на датычных да расстрэлу» ўкраінскіх ваеннапалонных у Аленаўцы.

«Гэтай ноччу расейцы забілі частку палонных “азоўцаў”. Расейскае камандаванне абставіла масавае забойства палонных як дзеянні ўкраінскай арміі. Байцы палка былі пераведзены ў асобны будынак. Ужо відавочна, што гэта быў загадзя спланаваны акт краіны, для якой невядома паняцце афіцэрскага гонару, а тым больш — выкананне Жэнеўскіх канвенцый, правілаў, законаў і звычаяў вайны», — напісаў Білецкі ў сваім тэлеграм-канале.

Аналітыка
Міфы і рэальнасць. Што трэба ведаць пра ўкраінскі полк «Азоў»
2022.05.18 18:25

Расейскае вайсковае камандаванне і ўлады абвінавачваюць ЗСУ ў абстрэле калоніі ў Аленаўцы, дзе ўтрымлівалі ўкраінскіх ваеннапалонных. Украінцы заяўляюць, што іх салдат забілі расейцы, каб абвінаваціць Украіну ў здзяйсненні «ваенных злачынстваў», а таксама схаваць катаванні і расстрэлы.

У той жа час украінскі каардынацыйны штаб па абыходжанні з ваеннапалоннымі пры Галоўным упраўленні выведкі заявіў, што Расея абавязаная падаць спісы загінулых і параненых ваеннапалонных у Аленаўцы. Чаму ўкраінскі бок не задаволілі ужо апублікаваныя дадзеныя загінулых, пакуль што не ўдакладняецца.

Расея павінна забяспечыць неабходную медыцынскую дапамогу ўсім пацярпелым у калоніі, а таксама вярнуць для пахавання целы загінулых, сцвярджаюць у штабе. Паводле інфармацыі Мінабароны Украіны, адказу з боку РФ на гэтыя патрабаванні пакуль што не было.

«Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа і Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, якія выступалі гарантамі захавання жыцця і здароўя ўкраінскіх ваеннапалонных, павінны неадкладна ініцыяваць міжнароднае расследаванне злачынства і дамагацца пакарання ўсіх датычных», — адзначылі ў штабе.

Ужо апублікаваныя спісы Мінабароны РФ немагчыма праверыць, ва ўкраінскіх крыніцах іх не пацвярджаюць. Аднак пошук у сацсетках паказаў, што мінімум некалькі чалавек з пераліку загінулых сапраўды служылі ў «Азове», а іншыя як мінімум ваявалі ў шэрагах ЗСУ супраць расейскіх акупантаў.

Кіеў, Украіна. 30 ліпеня 2022 года.
Фота: Валянцін Агірэнка/ Reuters / Forum

Так, у складзе «Азова» служыў Сяргей Хаванскіх з Мелітопаля. Ён быў у ліку абаронцаў «Азоўсталі».

Хаванскіх прызвалі ў сярэдзіне лютага, а ў першы дзень вайны ён выехаў у размяшчэнне часткі. У сваім фэйсбуку ён пісаў выключна па-расейску.

«Дарагія расіянцы. Дрэнныя і добрыя, цалкам усё роўна. Я чакаю, адкрыта чакаю гэтай вайны, каб нарэшце гопнік, які скача з нажом, нарэшце зразумеў, хто ў яго вырас пад бокам за восем гадоў. Нашы вайскоўцы ўжо даўно хаваюць сваіх без слёз. Слёзы даўно высахлі і кулакі сціснуліся. Калі вы зойдзеце сюды, уся ваша армія ператворыцца ў адну велізарную Майкопскую дывізію ў цэнтры Грознага. Вашых бедных тэрміновай службы і бравых дэсантнікаў будуць намотваць на тракі і развешваць іх кішкі па дрэвах. Танкі будуць гарэць разам з буратамі. Вы будзеце збіраць грошы загінулым і пакалечаным выблюдкам, якія зойдуць у маю краіну нарэшце не прыхавана», — пісаў ён 23 лютага.

Служыў у «Азове» і Мікалай Карась з Кіева. З пачатку вайны ён толькі рэпосціў некаторыя публікацыі на ўкраінскай: напрыклад, заклікі дапамагчы абаронцам «Азоўсталі». Мяркуючы па фота ў яго акаўнце, Карась даўно служыў у ЗСУ (мінімум з 2016 года) і на парламенцкіх выбарах 2019 года галасаваў за нацыяналістычную партыю «Свабода».

З 2016 года быў байцом «Азова» і Яраслаў Баіс з Адэсы. Ён раней вучыўся ў Адэскім нацыянальным марскім універсітэце, а да гэтага быў у самаабароне Адэскага майдана і цікавіўся «Правым сектарам». У 2019 годзе Баіс выступаў супраць затрыманняў абаронцаў летняга тэатру ў Адэсе, які тады перавялі з прыналежнасці гарсаду ў тэрыторыю пад будаўніцтва ГЗЦ.

У складзе Збройных Сіл Украіны былі і іншыя загінулыя ў Аленаўцы: сярод іх — заснавальнік спартыўнага клубу SAMURAI JIU-JITSU ACADEMY ў Крывым Рогу Уладыслаў Белы, вайсковец Нацгвардыі Андрэй Бозгдуган, які ажаніўся ў ліпені 2020 года, а таксама Мікалай Аганін, Анатоль Дзянісаў і Багдан Грышкевіч.

Hавiны
«Акт публічнай кары». Полк «Азоў» выступіў з афіцыйнай заявай наконт загінулых у Аленаўцы
2022.07.30 20:58

Іван Аляксееў / Герон «Вот Так»

Стужка навінаў