Самалёт пасадзілі, ХАМАС адхрысціўся, Рыга замяніла беларускі сцяг. Галоўныя падзеі тыдня ў малюнках


Мінулы тыдзень праляцеў хутка – прынамсі, хутчэй за інцыдэнт з самалётам «Ryanair». Самалёт зляцеў, а інцыдэнт коціцца, як снежны ком. «Белсат» перадае, як гэта бачыць мастак Дэ Лёс.

Самалёт пасадзілі, журналіста пасадзілі. Самалёт адпусцілі

Галоўныя падзеі тыдня ў малюнках. Выява: Дэ Лёс

23 траўня самалёт «Ryanair» ляцеў з Афінаў у Вільню, атрымаў ад менскага дыспетчара паведамленне пра бомбу на борце і сеў у Менску, хоць да Вільні было бліжэй. На загад Аляксандра Лукашэнкі ў паветра падымалі самалёт-знішчальнік. На зямлі затрымалі журналіста Рамана Пратасевіча і ягоную сяброўку, грамадзянку Расеі Соф’ю Сапегу. Беларускія ўлады даводзяць, што самалёт цалкам законна пасадзілі ў Менску, і не звязваюць затрыманне Пратасевіча з паведамленнем пра бомбу. Аднак наўпрост нават не кажуць, што нібыта «Пратасевіч выпадкова аказаўся на самалёце». Гэты момант апускаюць.

ХАМАС не хоча псаваць рэпутацыю Беларуссю

Галоўныя падзеі тыдня ў малюнках. Выява: Дэ Лёс

Паводле версіі беларускіх уладаў, паведамленне пра бомбу прыслалі ад імя тэрарыстычнай арганізацыі ХАМАС – тая нібы патрабавала ад менскага аэрапорту, каб Ізраіль спыніў агонь у Сектары Газа (праз два дні, як Ізраіль там спыніў агонь), і каб Еўразвяз адмовіўся ад падтрымкі Ізраілю. Ды ХАМАС заявіў, што гэта «не яго метады». Арганізацыя, якую прызналі тэрарыстычнай у Еўразвязе, ЗША, Ізраілі, Егіпце, Іярданіі і іншых краінах, казала, што да беларускага інцыдэнту яе спрабуюць прывязаць, каб «дэманізаваць». А потым яшчэ раз заявіла пра сваё абурэнне. Пазней выявілася, што «ліст пра бомбу ад ХАМАС» адправілі ўжо пасля таго, як пра яго казаў менскі дыспетчар – беларускія ўлады на гэта заявілі, што гэта другі ліст, а быў яшчэ першы, ды паштовы сэрвіс адказаў, што «ліст ад ХАМАС» быў адзін.

«Белавіі» перакрылі паветра

Галоўныя падзеі тыдня ў малюнках. Выява: Дэ Лёс

У Еўропе і ЗША не паверылі ў афіцыйную беларускую версію. Еўрапейскія палітыкі і сама «Ryanair» назвалі гэта «авіяпірацтвам». Паветраную прастору для беларускіх авіякампаніяў закрылі ўсе суседзі акрамя Расеі, а таксама Францыя, Вялікая Брытанія, Чэхія, Славакія, Фінляндыя, Швецыя, Эстонія. Большасць авіякампаніяў адмовілася ад палётаў над Беларуссю.

Мэр Рыгі замяніў сцяг Беларусі: дзяржаўны на нацыянальны

Галоўныя падзеі тыдня ў малюнках. Выява: Дэ Лёс

У адказ на тое, што Еўропа называе «паветраным пірацтвам», мэр Рыгі і міністр замежных справаў Латвіі 24 траўня знялі чырвона-зялёны сцяг і паднялі бел-чырвона-белы каля гатэлю «Radisson Blu», дзе лунаюць сцягі краінаў – удзельніц хакейнага чэмпіянату свету. Міжнародная федэрацыя хакею пакрыўдзілася – дык мэр Рыгі зняў і яе сцяг. Беларусь абвясціла аб высылцы амбасадара Латвіі і ўсяго персаналу амбасады, Латвія адказала тым жа. А замена дзяржаўнага беларускага сцяга на нацыянальны становіцца міжнароднай акцыяй.

TUT.by заблакавалі, яго супрацоўнікаў пасадзілі, а ён працуе

Галоўныя падзеі тыдня ў малюнках. Выява: Дэ Лёс

Ад 18 траўня самы наведвальны партал Беларусі TUT.by недасяжны, а 15 чалавек затрыманыя ў «справе TUT.by». 28 траўня ўсе яны не выйшлі на волю – то значыць, ім выставілі абвінавачанне. У чым вінавацяць – не вядома дакладна, але ўлады звязвалі гэта з тым, што кампанія «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» нібы ўхілялася ад сплаты падаткаў, бо нібы незаконна была чальцом «Парку высокіх тэхналогіяў» (аж з 2019 году – проста раней гэтага не заўважалі). Але затрымалі не ўсіх супрацоўнікаў TUT.by, а рэдакцыя працягвае публікаваць навіны ў Telegram і ў сацсетках.

АА, малюнкі Дэ Лёс belsat.eu

Стужка навінаў