Ці трапіць Дональд Трамп за краты?


У аўторак, 4 красавіка, былы прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі прыбудзе ў Нью-Ёрк для таго, каб паўстаць перад вярхоўным судом штату ў Мангэтане. Ці надзенуць кайданкі на 45-га прэзідэнта Амерыкі, мы спыталі ў палітолага-амерыканіста Аляксандры Філіпенкі.

Аляксандра адзначыла, што пакуль ніякіх афіцыйных абвінавачанняў Дональду Трампу не выстаўлена. Прад’явяць іх толькі ў аўторак, пасля таго, як сам палітык з’явіцца ў судзе. Менавіта там судовы прэс-сакратар зачытае іх афіцыйна.

У аўторак Трамп, хутчэй за ўсё, пройдзе агульнапрынятую працэдуру: здасць адбіткі пальцаў, сфатаграфуецца, пасля чаго суддзя прызначыць дату наступнага паседжання, на якім ужо адвакаты падабароннага змогуць прадставіць сваё бачанне справы.

«У дадзеным выпадку, – кажа Аляксандра Філіпенка, – Трамп абсалютна дакладна застанецца на свабодзе, бо згодна з законамі штату Нью-Ёрк пракуроры не могуць патрабаваць, каб чалавек, які абвінавачваецца ў негвалтоўных злачынствах, быў узяты пад варту, або быў адпушчаны пад задатак. Хутчэй за ўсё, яго адпусцяць пад падпіску аб нявыездзе».

Дональд Трамп. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: TOM BRENNER / Reuters / Forum

У прэсе зараз асабліва падкрэсліваецца, што гэта першы выпадак у гісторыі ЗША, калі былы прэзідэнт становіцца фігурантам крымінальнай справы. Тым не менш на памяць адразу прыходзіць справа, датычная сувязяў Біла Клінтана з Монікай Левінскі. Розніцу паміж гэтымі працэсамі Аляксандра Філіпенка патлумачыла тым, што справа Клінтана вялася ў рамках расследавання Кангрэсу і мела на мэце імпічмент прэзідэнту, «гэта было не крымінальнае расследаванне». Трампа ж абвінавачваюць у рамках судовай, а не выканаўчай улады. Абвінавачванне заключаецца не ў тым, што Трамп меў сувязь з порнаакторкай Стормі Дэніелс, а ў тым, што ён выкарыстаў сродкі перадвыбарнай кампаніі неналежным чынам.

«Гэта ўжо больш сур’ёзныя абвінавачанні, упершыню прэзідэнт ЗША становіцца фігурантам крымінальнай справы. Гэта ўвогуле ўсю палітычную і прававую сістэму Злучаных Штатаў рухае на нейкую нязведаную тэрыторыю. І далей,  паколькі ў ЗША прэцэдэнтнае права, гэты прэцэдэнт будзе вельмі важны ў амерыканскай юрыдычнай і палітычнай гісторыі», – падкрэсліла экспертка.

На пытанне, ці паўплывае на палітычную кар’еру Трампа гэты выпадак, Аляксандра Філіпенка адказала, што з першага погляду можа падацца, быццам гэта нейкая змова супраць Трампа. Прычым і дэмакраты, і рэспубліканцы абвінавачваюць адно аднаго ў гэтай змове. Так, дэмакраты гавораць, што гэтае абвінавачванне вельмі слабое, і яно згуляе Трампу на руку. З іншага боку, рэспубліканцы заяўляюць, што дэмакраты любымі спосабамі хочуць адхіліць Трампа ад магчымасці ўдзельнічаць у выбарах. Але, адзначае Аляксандра, улічваючы не самы высокі рэйтынг, які сёння мае палітык, у яе няма адчування, што нейкія змовы маюць месца.

Капітолій ЗША.
Фота: David Maiolo / Picasa, CC BY-SA 3.0

Пры гэтым Аляксандра звяртае увагу на тое, што «Трамп невінаваты, пакуль не даказана адваротнае. Таму ён можа гаварыць усё, што заўгодна, даваць любыя інтэрв’ю, як заўгодна выступаць». Адпаведна палітык можа і надалей абсалютна спакойна ўдзельнічаць у прэзідэнцкай гонцы, бо ягоная віна не даказаная.

«Адзінае абмежаванне, якое будзе абвешчана ў аўторак, – адзначае экспертка, – ён павінны будзе заставацца ў штаце Нью-Ёрк. Ён не зможа падарожнічаць па краіне, што, канечне ж, вельмі важна падчас прэзідэнцкай гонкі. Але ніяк гэтае абвінавачванне не будзе абмяжоўваць яго ў выступленнях онлайн, у якіх заўгодна інтэрв’ю і ў падарожжах – праўда, толькі па штаце Нью-Ёрк».

Нагадаем, Вялікае журы ў Нью-Ёрку прагаласавала за тое, каб былому прэзідэнту Злучаных Штатаў Амерыкі Дональду Трампу было прад’яўлена абвінавачанне ў справе аб падробцы фінанасавых дакументаў капаніі Trump Organization. Палітыку пагражае абвінавачанне па 30 пунктах. Сярод іх прэтэнзіі ў выплаце 130 тысяч долараў порназорцы Стормі Дэніелс за маўчанне пра сэксуальную сувязь, што мела месца дзесяццю гадамі раней.

Hавiны
Доналду Трампу выставілі абвінавачанне ў крымінальнай справе
2023.03.31 10:07

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў