Новыя палітычныя прысуды: у Менску – за каментары ў інтэрнэце, у Маладзечне – за акцыю пратэсту


Суды ў Беларусі працягваюць выносіць выракі ўдзельнікам пратэстаў і проста іншадумцам. Пра новыя прысуды паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Суддзя Маскоўскага раённага суда Максім Кацэр пакараў рамесніцу Алену Зборшчыкаву 2 гадамі «хатняй хіміі» паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). З матэрыялаў справы вынікае, што 26 кастрычніка Зборшчыкава размясціла ў «Фэйсбуку» каментар наступнага зместу: «Дробны ІД, трыбунал не за гарамі». Жанчына на судзе патлумачыла, што 27 кастрычніка зайшла ў сацсетку, убачыла фота амапаўца з каментаром накшталт таго, што ён будзе рады забіваць людзей. Пасля чаго на эмоцыях пад нейкім пастом пакінула гэты допіс. Прычым, яна ўвогуле не ведала імя амапаўца. Сваёй віны жанчына не прызнала.

Пацярпелым у справе быў прызнаны Віталь Фёдараў, старшы сяржант АМАПу УУС Менгарвыканкаму. На судзе ён патлумачыў, што спасылку на каментар у «Фэйсбуку» яму скінуў таварыш, і гэты допіс яго моцна абразіў. Алена Зборшчыкава, маці дваіх няпоўнагадовых дзяцей, цяпер абавязаная выплаціць амапаўцу кампенсацыю 1000 рублёў.

Паводле аналагічнага артыкулу ў судзе Фрунзенскага раёну Менску асудзілі Рамана Дворкіна – мужчына нібыта абразіў падпалкоўніка міліцыі Дзмітрыя Кротава.

Раман Дворкін пасля суда.
Фота: spring96.org

Згодна з абвінавачаннем, падсудны размясціў у Тэлеграм-канале каментар, якога прадстаўніца пракуратуры Валерыя Таратынка на судзе нават не агучыла. Каментар, на думку боку абвінавачання, утрымліваў негатыўную ацэнку Кротава, меў ненарматыўную форму маўленчага выказвання, прыніжаў гонар і годнасць сілавіка. Дворкін суду растлумачыў, што прачытаў паведамленне аб тым, што Кротаў штурхнуў цяжарную жанчыну, таму пад уплывам эмоцыяў пакінуў каментар пад постам.

Суддзя Ала Скуратовіч пакарала Рамана Дворкіна 2 гадамі «хатняй хіміі». Таксама ён абавязаны выплаціць палкоўніку Кротаву кампенсацыю маральнай шкоды памерам 2000 рублёў.

Суд Маладзечанскага раёну вынес прысуд у справе шасці маладзечанцаў, якія 21 лістапада на некалькі хвілінаў перакрылі дарогу ў горадзе на знак пратэсту. Суддзя Вікторыя Паляшчук прызнала ўсіх вінаватымі паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»).

Дзмітрыю Карабейніку, Рыгору Саладоўнікаву, Сяргею Сідаровічу і Эліне Карыцьцы прысудзілі 1,5 года «хіміі». Ганне Задорскай і Ігару Сідаровічу – штрафы. Палітвязняў Карабейніка і Саладоўнікава выпусцілі з-пад варты ў зале суда да набыцця прысудам законнай сілы.

Паводле матэрыялаў справы, 21 лістапада 2020 года каля 10-й раніцы некалькі чалавек ва ўзросце ад 20 да 33 гадоў выйшлі на праезную частку вуліцы Вялікі Гасцінец у Маладзечне і расцягнулі плакат «Пока в стране беззаконие, сопротивление – наш долг», перакрыўшы рух аўтамабільнага транспарту. Яны сышлі менш як праз хвіліну: калі запалілася зялёнае святло для транспарту.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў