У Беларусі забараняюць рэкламу працы і навучання за мяжой


Беларускія дэпутаты ўхвалілі законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях рэкламы». Сярод іншага, цяпер забараняецца рэкламаваць працу і навучанне ў замежных краінах.

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: DW

Законапраектам прадугледжаныя тры асноўныя блокі змяненняў, растлумачыў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў. Гаворка ідзе пра ўзмацненне кантролю за рэкламай і забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі, пашырэнне магчымасцяў для рэкламнага бізнесу і СМІ «ва ўмовах санкцыйнай палітыкі заходніх дзяржаваў», а таксама пра абарону правоў спажыўцоў у гэтай галіне.

Уводзіцца забарона на размяшчэнне рэкламы пра працаўладкаванне і навучанне за межамі Беларусі. Выключэнне робіцца толькі для сайтаў, якія ажыццяўляюць дзейнасць, звязаную з працаўладкаваннем за мяжой, ці аказваюць паслугі па накіраванні на навучанне ў іншыя краіны.

Hавiны
У Польшчы стала больш замежных студэнтаў. На другім месцы паводле колькасці – беларусы
2023.06.17 18:20

Сярод іншых новаўвядзенняў – неабходнасць узгаднення рэкламы ў выканаўчых органах улады перад яе размяшчэннем на транспарце. Калі гэта рэклама медычнага характару, яе можна размяшчаць толькі пасля ўзгаднення ў Міністэрстве аховы здароўя.

Размяшчэнне сацыяльнай рэкламы не будзе ўзгадняцца ў выканкамах, таму што яе якасць ацэньвае міжведамасная рада па рэкламе пры МАРГ. Да сацыяльнай рэкламы цяпер будуць адносіцца мерапрыемствы, накіраваныя на прасоўванне нацыянальных фільмаў. Паводле Аляксея Багданава, «гэтая тэма вельмі доўга абмяркоўвалася і было прынятае рашэнне, што такая рэклама павінна прызнавацца сацыяльнай і плата брацца не будзе».

Таксама новым законам уводзіцца абавязак для распаўсюднікаў рэкламы забяспечваць на рэкламных плошчах, якія ім належаць, па патрабаванні дзяржаўных органаў размяшчэнне сацыяльнай рэкламы дзяржаўных святаў і памятных датаў, а таксама сацыяльнай рэкламы ў галіне забеспячэння дзяржаўнай і грамадскай бяспекі.

Дзяржаўным аператарам вонкавай рэкламы прадстаўляецца права на размяшчэнне сродкаў вонкавай рэкламы на дзяржаўнай нерухомай маёмасці без правядзення таргоў.

Раней Лукашэнка казаў, што настаўнікі ў школах абавязаныя арыентаваць моладзь на самарэалізацыю ў Беларусі, а не паступленне ў замежныя ВНУ, а «калі дзеці сыходзяць з гэтага шляху, то ў гэтым вінаватыя дарослыя».

Выданне Hrodna.life распавядала, што некаторыя сем’і, дзеці з якіх вырашылі паступаць вучыцца за мяжу, пасля выпускнога паставілі на ўлік як СНС (якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы). Некаторых дзяцей, якім яшчэ няма 18 гадоў, не выпускалі для навучання за мяжу. Праблемамі таксама пагражалі дырэктарам школаў, вучні якіх сабраліся ехаць вучыцца за мяжу.

Аб’ектыў
Дзе чакаюць беларускіх студэнтаў?
2023.05.18 23:29

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў