Пасля крытыкі афрыканскіх прэзідэнтаў Пуцін распавёў, чаму не будзе іх слухаць


Позна ўвечары 29 ліпеня прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін даў прэс-канферэнцыю пасля саміту «Расея – Афрыка», на якім некаторыя прадстаўнікі афрыканскіх краін заклікалі Маскву і Кіеў рэалізаваць іх мірны план, часткай якога з’яўляецца спыненне агню, а таксама аднавіць збожжавую ўгоду.

Уладзімір Пуцін на саміце «Расея – Афрыка».
Фота: kremlin.ru

У прыватнасці, Пуцін заявіў, што адзін з пунктаў афрыканскай мірнай ініцыятывы нельга рэалізаваць:

«Украінскае войска надыходзіць, яны ў атацы, што называецца. Рэалізуюць буйнамаштабны стратэгічны наступ. Да нас чаго звяртацца па спыненне агню? Мы ж не можам спыніць агонь, калі на нас наступаюць».

Адначасова з гэтым прэзідэнт РФ заявіў, што супернік ва Украіне «паўсюль спынены і адкінуты».

Пуцін таксама заявіў, што Расея «ніколі не адмаўлялася ад мірных перамоваў», але ва Украіне «падпісаны дэкрэт, які забараняе весці перамовы». Хоць ва Украіне забаронена весці перамовы з самім Пуціным, а не з Расеяй у прынцыпе.

Расея не будзе вяртацца ў збожжавую ўгоду

Закрануў прэзідэнт РФ і пытанне выхаду Расеі са збожжавай угоды.

«Мы калі абвясцілі аб тым, што выходзім з збожжавай здзелкі, кошты на сусветным рынку крыху падраслі, крыху. Значыць, нашы кампаніі больш атрымаюць, а значыць, мы атрымаем большыя падаткі. А калі мы атрымаем больш падаткаў, мы падзелімся часткай нашага даходу з найбяднейшымі краінамі і паставім пэўныя абʼёмы харчавання бясплатна», – заявіў Пуцін.

І дадаў, што гэта будзе «не сабе ў шкоду».

Пуцін таксама заявіў, што ў партах краінаў Балтыі ляжаць расейскія ўгнаенні, «мы гатовы іх аддаць бясплатна краінам, якія маюць у гэтым патрэбу, але не адпускаюць».

У росце ж коштаў на харчаванне ў свеце ён абвінаваціў не напад на Украіну, а тое, што «Захад пыласосам пачаў скупляць прадукты харчавання ў свеце падчас пандэміі і кошты ўзляцелі«.

Агулам, сказаў Пуцін, мірны план адносна Украіны і збожжавая ўгода не звязаныя паміж сабой. Паводле яго, спачатку трэба выканаць патрабаванні РФ, а потым яна вернецца ў збожжавую ўгоду – «раніцай грошы, увечары крэслы».

Hавiны
Афрыка хоча, каб Пуцін вярнуўся да збожжавай угоды з Украінай, а не абяцаў «нейкія» дары
2023.07.29 11:26

Прэзідэнт Паўднёваафрыканскай Рэспублікі Сірыл Рамапхоса на сустрэчы 28 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным адносна вайны ва Украіне заклікаў таго аднавіць працу збожжавай угоды.

«Вы казалі аб збожжы. Мы прапаноўвалі рэалізаваць Чарнаморскую збожжавую ініцыятыву, казалі аб неабходнасці адкрыцця Чорнага мора, мы казалі, што хацелі б, каб Чорнае мора было адкрыта для сусветных рынкаў. І мы сюды прыйшлі не для таго, каб прасіць нейкія «дары» для Афрыканскага кантыненту. Мы, вядома, разумеем, што Вы са шчодрасці вырашылі бязвыплатна падаць збожжа некаторым афрыканскім краінам, якія сутыкаюцца з пэўнымі складанасцямі. Мы з вялікай павагай да гэтага ставімся, адзначаем гэта. Аднак гэта не наша асноўная мэта тут, гэта не наша галоўная задача – дабіцца нейкіх паставак такога характару», – заявіў прэзідэнт ПАР.

Паводле яго, афрыканскія лідары хочуць пачуць рэакцыю Пуціна на свае прапановы.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў