«Дзеля выжывання дзяржавы» ў саюзнай Расеі ЦАР скасоўваюць ліміты на прэзідэнцкія тэрміны


30 ліпеня ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы (ЦАР) праходзіць канстытуцыйны рэферэндум, які можа дазволіць прэзідэнту Фастэну-Арканжу Туадэру падоўжыць тэрмін свайго кіравання. Пра гэта піша Aljazeeera.

Прэзідэнт ЦАР Фастэн Туадэра і прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, 28 ліпеня 2023 года.
Фота: kremlin.ru

Упершыню абраны ў 2016 годзе Туадэра, нягледзячы на абвінавачванні ў фальсіфікацыі, здолеў пераабрацца ў 2021 года. Тады ж расейскія найміты, у тым ліку чальцы ПВК Вагнэра, дапамаглі яму адбіць наступ паўстанцаў.

Прэзідэнт яшчэ ў верасні 2022 года стварыў камітэт, які мусіў распрацаваць новую канстытуцыю ЦАР. Туадэра аргументаваў правядзення галасавання тым, што дзейная канстытуцыя нібы не адлюстроўвае «дастаткова глыбокіх спадзяванняў народу Цэнтральнай Афрыкі». У кіраўніцтве ЦАР таксама заяўлялі, што правядзенне рэферэндуму – пытанне выжывання дзяржавы, піша РИА Новости.

Але Канстытуцыйны суд прызнаў гэтае рашэнне неканстытуцыйным і ануляваў яго. Тады ў студзені 2023 года Туадэра звольніў старшыню КС.

Цяпер выбарцам прапанавана вырашыць, ці варта адмовіцца ад дзейнага абмежавання на два прэзідэнцкія тэрміны і фактычна дазволіць Туадэры балатавацца ў трэці раз у 2025 годзе. Таксама прапануецца павялічыць прэзідэнцкі тэрмін з пяці да сямі гадоў і ўвесці пасаду віцэ-прэзідэнта, якога будзе прызначаць прэзідэнт. Новая канстытуцыя таксама дазволіць змяняць склад Вярхоўнага суду, дазволіўшы прэзідэнту прызначаць больш суддзяў.

«Рэферэндум узаконіць аўтарытарны дрэйф, які ўжо пачаўся ў краіне», – мяркуе Энрыка Піка, эксперт у пытаннях ЦАР.

Напярэдадні рэферэндуму Туадара браў удзел у саміце «Расея – Афрыка» ў Санкт-Пецярбургу, дзе сярод іншага дзякаваў Уладзіміру Пуціну «за падтрыманне, што мы [улады ЦАР. – Рэд. belsat.eu] ўвесь час атрымліваем ад Расейскай Федэрацыі».

Вагнэраўцы ў ЦАР

ПВК Вагнэра прысутнічае ў ЦАР прынамсі з сакавіка 2018 года. Уплыў вагнэраўцаў у краіне пашыраўся паступова: спачатку была інфармацыя пра некалькі сотняў наймітаў, а ў 2021 годзе ААН ужо налічвала ў краіне каля 2300 вагнэраўцаў. Падчас выбараў 2020 года найміты не толькі забяспечвалі прапагандысцкую кампанію ў падтрымку Туадэры, але і спрыялі дасягненню дамоўленасцяў з розным узброенымі фармаваннямі апазіцыі. Паводле даследчай суполкі Sentry, ПВК Вагнэра стварыла ў ЦАР паралельную 5-тысячную армію, куды яны вербавалі мясцовых жыхароў. Гэтая армія праводзіла кампанію тэрору ў краіне, якая ўключала ў сябе масавыя забойствы, катаванні і згвалтаванні.

Паралельна з агрэсіўнай эканамічнай экспансіяй вагнэраўцы дэ-факта падмялі пад сябе ўсю палітычную і вайсковую сістэму ў краіне, сталі ўдзельнічаюць у выкананні розных дзяржаўных функцыяў і ахоўваюць прэзідэнта Туадэру. Паводле «Sentry», апошнімі гадамі большасць падраздзяленняў узброеных сілаў ЦАР «дзейнічаюць пад непасрэдным камандаваннем або наглядам наймітаў Вагнэра».

Робіцца гэта нібыта са згоды самога Туадэры, бо прэзідэнт не надта давярае сваёй уласнай арміі і баіцца перавароту. Аднак у выніку Туадэра апынуўся ў сітуацыі, калі на Захадзе яго адкрыта называюць «закладнікам» ПВК Вагнэра – настолькі вялікі ўплыў найміты маюць у краіне. Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у справах замежнай палітыкі Жузэп Бурэль у пачатку 2022 года заяўляў, што ПВК Вагнэра ў ЦАР «вельмі шчыльна кантралююць усе асноўныя сферы бяспекі, у тым ліку абарону прадстаўнікоў улады».

Культ наймітаў у ЦАР дасягнуў такіх маштабаў, што ў краіне ўсталявалі манумент у гонар «расейскіх дарадцаў», а некаторыя міністры ходзяць у цішотках «Je suis Wagner» («Я – Вагнэр»).

Аналітыка
Як Прыгожын браў пад кантроль краіны Афрыкі і ці можа такі сцэнар паўтарыцца ў Беларусі
2023.07.21 10:00

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў