Як МУС Беларусі падставіў Лукашэнку заявамі пра сімволіку калабарантаў


Здымак Надзеі Бужан – фіналісткі «World Press Photo». Мужчына з бел-чырвона-белым сцягам на спіне стаіць перад вадамётам. Вадамёт сапсаваўся падчас спробы разгону ўдзельнікаў мірнага нядзельнага маршу нязгодных з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. Менск, Беларусь. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: Надзея Бужан / Наша нiва

МУС Беларусі прапаноўвае ўнесці бел-чырвона-белы сцяг і покліч «Жыве Беларусь!» у спіс нацысцкай (калабарацыянісцкай) сімволікі ды атрыбутыкі. Гэта выклікала дыскусію ў грамадстве, якая можа прывесці да вельмі непрыемных для Лукашэнкі высноваў.

Раней покліч «Жыве Беларусь!» лукашэнкаўскі рэжым лічыў проста «антыдзяржаўным лозунгам», за які можна было атрымаць адміністратыўны штраф. Цяпер МУС РБ прапаноўвае запісаць покліч «Жыве Беларусь!» у атрыбуты калабарантаў і забараніць ягонае публічнае выкарыстанне. Ці ёсць для гэтага падставы?

Сталінскія цэнзары не лічылі «Жыве Беларусь!» крычалкаю калабарантаў

Гэта праўда, што калабаранты выкарыстоўвалі словы «Жыве Беларусь!», у прыватнасці Саюз беларускай моладзі (СБМ). Гэтымі словамі віталіся сябры СБМ, «Жыве Беларусь!» называўся часопіс гэтае арганізацыі.

З іншага боку, «Жыве Беларусь!» ужывалі і камуністы. Хрэстаматыйны прыклад – «Партызанскі марш» («Марш віцебскіх партызанаў») Пімена Панчанкі. Гэты марш быў апублікаваны ў сталінскім СССР падчас нямецка-савецкай вайны 1941–1945 гг., калі ну ніякая калабарацыянісцкая атрыбутыка не прайшла б цэнзуры.

Партызанскі марш з поклічам «Жыве Беларусь!». Улётка, 1941–1944. Віцебскі абласны краязнаўчы музей / commons.wikimedia.org

Выкарыстанне калабарантамі сімвалаў сведчыць пра іх агульнанацыянальную значнасць

Ці няма тут супярэчнасці? Няма. Усё гранічна проста. «Жыве Беларусь!» – адзін з сапраўдных нацыянальных сімвалаў. Таму яго ахвотна выкарыстоўвалі беларусы самых розных палітычных перакананняў. На думку прафесара гісторыі Юрыя Грыбоўскага, якраз выкарыстанне беларускімі калабарантамі пэўных сімвалаў сведчыць пра іх агульнанацыянальную значнасць.

«Я пачытаў артыкул, які яшчэ рыхтуецца да публікацыі, прафесара Юрыя Грыбоўскага, спецыяліста па Другой сусветнай вайне, – сказаў доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч у ток-шоу «Кожны з нас», прысвечанаму беларускай нацыянальнай сімволіцы. – Ён выказаў вельмі цікавую думку, што сам факт выкарыстання беларускімі калабарантамі сімвалаў, у тым ліку бел-чырвона-белага сцяга, сведчыць пра іх агульнанацыянальную значнасць, што не было тады іншых сімвалаў агульнанацыянальнай значнасці».

Гітлераўцы не бачылі патрэбы ў новых, прыдуманых сімвалах для калабарантаў і заўсёды карысталіся тымі, якія паспелі замацавацца за пэўным народам (скажам, за грузінамі) або за пэўнаю супольнасцю (скажам, за данскімі казакамі).

Цікава, што ўласна нямецкія нацыянальныя сімвалы не маюць нічога супольнага з нацызмам, таму што нацысты навязалі Нямеччыне новую сімволіку. Таксама і камуністы адрынулі ўсе нацыянальныя сімвалы «саветызаваных народаў». Таму пытанні ёсць якраз да сучаснага чырвона-зялёнага сцяга РБ, прамога наступніка сцяга БССР, які быў створаны камуністамі для камуністаў. Стаўленне да гэтага сцяга залежыць ад стаўлення да загінулай савецкай дзяржавы.

1 – сцяг Германскай імперыі (1871–1918); 2 – сцяг Ваймарскай рэспублікі (1919–1933); 3 – сцяг нацысцкае Нямеччыны са змененай свастыкаю (1935–1945); 4 – сцяг БНР (з 1918); 5 – сцяг БССР (1951–1991); 6 – сучасны сцяг РБ. Калаж з малюнкаў / commons.wikimedia.org

«Жыве Беларусь!» дакладна не нясе негатыўнага сэнсу. Пра гэта ўжо шмат напісана і сказана. Яшчэ ў 2007 годзе «Советская Белоруссия» паспрабавала гэта растлумачыць.

Тое, што калабаранты карысталіся гэтымі словамі, – вынік папулярнасці выразу, а не яго нацысцкай сутнасці.

Фільмы
Беларусь пад нямецкай акупацыяй, дак. фільм, ч. 1–3
2014.07.28 17:59

Лукашэнкаўскі рэжым спасылаецца на гісторыю, каб змагацца з апазіцыяй

На думку Андрэя Катлерчука, доктара гістарычных навук, выканальніка абавязкаў дырэктара Цэнтру сучаснай гісторыі ва Універсітэце Сёдэртэрну (Швецыя), рэжым Лукашэнкі праз Другую сусветную вайну змагаецца з сучаснай дэмакратычнай апазіцыяй.

«Праз вайну ідзе дыскрэдытацыя дэмакратычнай апазіцыі. Гэта значыць, што прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі малююцца як нашчадкі паліцаяў, як лёкаі Захаду. Пры гэтым Захад – як бы спадкаемца нацызму. Я скажу, што гэта смеху варта, калі выстаўляюць узорныя дэмакратычныя краіны, як Нямеччына ці Літва, нашчадкамі нацысцкіх рэжымаў, – лічыць Андрэй Катлярчук. – Мы бачым унікальную з’яву. Рэжым кінуў усіх прапагандыстаў на змаганне са сцягам. Чаму? Бо гэты сцяг сімвалізуе рэвалюцыйныя падзеі, сімвалізуе дэмакратыю. Пад гэтым сцягам беларусы два разы ў ХХ стагоддзі прыходзілі да дэмакратыі – у 1918 годзе і 1991-м. Два разы ён быў сімвалам дэмакратычнай рэвалюцыі. І цяпер гэта трэці раз. І таму ўрад робіць усё, каб запляміць гэты сцяг, прыдумаць усё, што заўгодна».

ВІДЭА
Шоу на касцях беларусаў. Ці пераможа Лукашэнка бел-чырвона-белы сцяг?
2021.03.26 12:50

Калабаранты, якіх ушанавалі ў СССР

Часам нават у СССР калабарантаў маглі прызнаць героямі. У 1968 годзе студыя «Грузія-фільм» зняла фільм «Укрыжаваны востраў». Галоўныя героі – грузіны, якія ў ноч з 5 на 6 красавіка 1945 года паднялі паўстанне на востраве Тэсэл (Texel, Нідэрланды).

Грузіны трапілі туды ў якасці жаўнераў Грузінскага легіёну. Легіён быў сфармаваны ў 1942 годзе з грузінаў-чырвонаармейцаў, якія трапілі ў палон да немцаў. Спярша гэтае вайсковае злучэнне білася з Чырвонаю Арміяй, але ў 1943 годзе страціла давер нямецкага камандавання і было накіраванае на абарону Атлантычнага валу – умацаванняў, якія меліся перадухіліць высадку англічанаў і амерыканцаў у Францыі.

Расейскамоўны плакат фільму «Укрыжаваны востраў» (1968) / kinopoisk.ru

На нарукаўнай нашыўцы Грузінскага легіёну быў сцяг… Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі (1918–1921). Такі самы, як той, што быў прыняты дзяржаўным сцягам ГССР у 1990 годзе, а потым зрабіўся сцягам незалежнай Грузіі. Толькі ў 2004 годзе быў прыняты сучасны сцяг з чырвонымі крыжамі. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

1 – сцяг Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі (1918–1921); 2 – нарукаўная нашыўка Грузінскага легіёну (1942–1945); 3 – сцяг ГССР (1990–1991) і незалежнай Грузіі (1991–2004). Калаж з малюнкаў / commons.wikimedia.org

Грузія паказала адметны ад беларускага падыход да тэмы калабарантаў і да сімвалаў, якія яны выкарыстоўвалі.

АВ belsat.eu

Стужка навінаў