Палітычных рычагоў спыніць расейскіх акупантаў няма. Як рэалізаваць «Формулу міру Зяленскага»?

Апошні час на фоне вельмі цяжкай сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны ўсё часцей сталі гучаць галасы аб перамовах двух бакоў – Украіны і Расеі. На сённяшні момант па ўсёй лініі фронту ініцыятыва на баку расейскага войска. Кіраўнік украінскай выведкі Кірыл Буданаў заявіў аб падрыхтоўцы Крамлём новага маштабнага наступу на ўкраінскія тэрыторыі на самым пачатку чэрвеня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наведвае друкарню, разбураную напярэдадні расейскім абстрэлам. Харкаў, Украіна. 24 траўня 2024 года.
Фота: ABACA / Abaca Press / Forum

Перамовы? Такія спробы мірнага ўрэгулявання рабіліся адразу ў першыя дні пасля поўнамаштабнага ўварвання. Першыя дэлегацыі сустракаліся на тэрыторыі Беларусі. Але пазней пляцоўкай для перамоваў стаў Стамбул. І тады нават ледзь не дайшло да рамачнай дамовы, але неўзабаве ўсе кантакты спыніліся.

А ці магло быць інакш, калі адкрылася страшная праўда аб зверствах захопнікаў у акупаванай Бучы і іншых украінскіх гарадах? Пры гэтым, на фоне ўзаемнага недаверу супернікаў, ва Украіны не было гарантый з боку трэціх краінаў, што тыя падтрымаюць яе ў пагадненнях, якія былі прынятыя без іх непасрэднага ўдзелу. З лета 2022 года кантакты спыніліся. Засталіся толькі нефармальныя выключна ў гуманітарных пытаннях – абмен палоннымі і целамі загінулых, а таксама вяртанне дзяцей, якіх расейскія вайскоўцы вывезлі з Украіны ў Расею.

Уладзімір Зяленскі ад самага пачатку казаў, што перамовы стануць магчымымі толькі пасля таго, як украінскае войска вернецца да межаў сваёй краіны. Ён лічыць, што тады Пуцін страціць падтрыманне ўнутры Расеі і будзе гатовы да дыялогу. Але, каб тое здарылася, неабходныя ваеннае падтрыманне ЗСУ і гандлёвая блакада Расеі, якую павінны забяспечыць усе краіны свету.

Але ж не ўсе падзяляюць такую пазіцыю. Кітай настойвае на тым, што Захад мусіць спыніць пастаўкі зброі Украіне, баявыя дзеянні павінны быць замарожаныя на цяперашняй лініі агню, павінны пачацца «мірныя» перамовы паміж Кіевам і Масквой. Але хіба спыненне агню не будзе азначаць легітымізацыю захопу тэрыторый Расеяй і паўстанне новага замарожанага канфлікту?

А тут і турэцкі лідар Рэджэп Эрдаган ва ўнісон прапанаваў арганізаваць канферэнцыю, каб такім чынам аднавіць перамоўны працэс, які раней зайшоў у тупік. Ён прапанаваў правесці сустрэчу прадстаўнікоў Расеі і Украіны. Рэакцыя Зяленскага была імгненная. Ён сказаў, што не лічыць прымальным запрашаць людзей, якія «ўсё блакуюць, знішчаюць і забіваюць». Кіраўнік Украіны заявіў, што ўкраінцы жадаюць атрымаць вынік. «Вынік – справядлівы свет для Украіны. Таму спачатку цывілізаваныя дзяржавы распрацуюць план, а ўжо потым будуць прыцягваць прадстаўнікоў Расеі, якія захочуць справядлівага свету».

Украінскія ўлады шмат чакаюць ад мірнага саміту ў Швейцарыі, які павінен пачацца 15–16 чэрвеня на курорце Бюргеншток. Хутчэй за ўсё прадстаўнікі Украіны разлічваюць, што ў саміце возьмуць удзел першыя асобы ад дзяржаваў-удзельніц. Тым больш, што за пару дзён да гэтага ў Італіі пройдзе саміт «Вялікай сямёркі», у якім прыме ўдзел прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Гэта, вядома, надасць мерапрыемству большую важнасць. Але невядома, ці прыедуць на саміт лідары ЗША і Кітаю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія салдаты падчас вучэнняў у Данецкай вобласці, Украіна. 28 траўня 2024 года.
Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Няпростая сітуацыя. Некаторыя заходнія эксперты лічаць, што ўкраінская формула міру вельмі падобная да ўмоваў капітуляцыі Расеі. А гэта тое, што не дазволіць Пуціну выйсці з канфлікту, «захаваўшы твар», таму ён на яго не пагодзіцца.

«Формула міру Зяленскага» ўключае ў сябе вывад расейскіх войскаў і спыненне баявых дзеянняў, выкананне Статуту ААН і аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці і міжнароднага парадку, процідзеянне экацыду і недапушчэнне эскалацыі. Акрамя таго, краіна павінна мець радыяцыйную, ядравую, энергетычную і харчовую бяспеку. Мусяць быць вызваленыя ўсе палонныя. Мае быць зафіксаванае заканчэнне вайны. І асобны пункт – вяртанне справядлівасці.

Менавіта справядлівасці хочуць украінцы, а гэта і пакаранне злачынцаў за забойствы мірных жыхароў, за знішчаныя гарады і вёскі. Як можна гэтую формулу ўжыць на практыцы? Кіраўнік Офісу прэзідэнта Андрэй Ярмак вядзе працу на трох кірунках – сустрэчы з амбасадарамі ў Кіеве, сустрэчы на самітах з дарадцамі кіраўнікоў іншых краінаў, і вось цяпер кульмінацыяй павінен стаць «Глабальны саміт міру», на якім будуць прадстаўнікі краінаў, якія падтрымліваюць формулу міру Зяленскага.

Запрашэнні на саміт будуць высланыя мінімум у 160 краінаў. Усе разумеюць, што Расея будзе аказваць максімальны ціск на некаторыя з іх, каб знізіць колькасць удзельнікаў. Найперш гэта датычыць краінаў Глабальнага Поўдня.

Шмат якія эксперты лічаць, што на сустрэчы павінна прысутнічаць Расея, бо яна ўдзельніца канфлікту. Але тады давайце ўспомнім Тэгеранскую канферэнцыю 1943 года. Ніхто на яе прадстаўнікоў Нямеччыны не запрашаў, а як хацелі гітлераўцы сарваць тую сустрэчу лідараў ЗША, Вялікай Брытаніі і СССР, напісана ў мемуарах разведчыкаў і паказана з цудоўнай музыкай у мастацкіх фільмах.

Украінцы дакладна ведаюць, з кім маюць справу, і таму яны разлічваюць толькі на ваенную дапамогу. Палітычны аглядальнік Віталь Портнікаў тлумачыць гэтую пазіцыю: «Мы можам нават не сумнявацца, што ў планах Пуціна як мінімум акупацыя ўсяго ўсходу і поўдня Украіны з далейшай анексіяй гэтых тэрыторыяў. Менавіта такім быў план пуцінскага бліцкрыгу: урад ва ўкраінскай сталіцы, які павінен быў стварыць Януковіч пры падтрыманні Медвядчука, павінен быў забяспечыць правядзенне фіктыўных рэферэндумаў на тэрыторыі паўднёвых і ўсходніх рэгіёнаў Украіны, пасля чаго Федэральны сход РФ прыняў бы рашэнне аб іх анексіі. Як мы бачым, усяго гэтага не адбылося менавіта таму, што адзіная рэальная магчымасць спыніць агрэсіўныя планы Пуціна – гэта аказваць супраціўленне агрэсару: ніякіх палітычных інструментаў, каб спыніць расейскіх акупантаў, не існуе ў прыродзе».

Ці прыслухаюцца да словаў Уладзіміра Зяленскага? У інтэрвʼю Fox News ён сказаў: «Мы павінны перамагчы. У нас няма альтэрнатывы. Я не ведаю, якой будзе гэтая перамога, я не ведаю канкрэтнага дня. Я не ведаю, як менавіта гэта адбудзецца… Але я ведаю, што ў нас няма альтэрнатывы. Таму мы павінны перамагчы. І мы пераможам».

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў