Расея, Беларусь і Ангола ўвядуць адзіную валюту. Ці не ўвядуць

Старшыня Банку Расеі Эльвіра Набіуліна наведала дружалюбную Беларусь і сустрэлася з [усё ж такі жывым] Лукашэнкам. Той рассыпаўся ў ласках, выпраменьваў прыязнасць і паводзіў сябе выключна прыстойна. Як і прыстала даўжніку, які прымае прадстаўніка галоўнага і адзінага крэдытора, што прыехаў з рэвізіяй.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кіраўнік КНР Сі Цзін Пін сустракаецца з прэзідэнтам Бразіліі Жаірам Балсанару, прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, прэм’ер-міністрам Індыі Нарэндрам Модзі і прэзідэнтам ПАР Сірылам Рамапхосанам на сустрэчы лідараў БРЫКС саміту G20. Осака, Японія. 28 чэрвеня 2019 года.
Фота: Li Tao / Xinhua / East News

Абмяркоўвалі… ды хто ж іх ведае, што яны там абмяркоўвалі? Публіцы нічога, акрамя ўзаемных усмешак, не паказалі. Развагі аб лічбавым рублі, агульнай сістэме ўзаемадзеяння банкаў і адсутнасці ўмоваў для ўвядзення агульнай валюты нічога не дадалі ў разуменні сітуацыі нават для зацікаўленага гледача.

Між тым гісторыя размоваў пра тое, што ледзь-ледзь, вось яшчэ вось-вось і абрынецца на беларусаў шчасце ў выглядзе паўнавартаснага ўвядзення ці то расейскага рубля, ці то нейкага гібрыднага агульнага тугрыка, налічвае ўжо чвэрць стагоддзя. Ну вось, яшчэ крыху…

У шараговых беларусаў былі свае рацыі. Узровень жыцця ў суседняй краіне заўсёды быў на 20-30% вышэй, зарплата весялейшай, стаўкі крэдытаў ніжэйшымі і, натуральна, грамадзяне, што глядзяць у расейскі тэлевізар, разлічвалі ў рэшце рэшт адчуць гэтае яднанне ва ўласных гаманцах. Пры гэтым арыентавалася насельніцтва неяк больш на ўзровень Масквы і Санкт-Пецярбургу, забываючы пра Махачкалу, Сызрань і Пензу. Такія вось асаблівасці ўспрымання, і калі б было трэба правесці рэферэндум аб пераходзе на адзіную валюту, у яго выніках сумнявацца не даводзілася. Нават без выкарыстання «калькулятара Ярмошынай».

Hавiны
Лукашэнка не зразумеў, якую рэзервовую валюту ад яго хоча Масква. Спрабуем патлумачыць
2023.05.30 10:00

Сам жа Лукашэнка заўсёды быў супраць.

Гэта значыць на публіцы ён – самы галоўны інтэгратар, які доўгія гады паспяхова прадаваў суседу надзею на паглынанне Беларусі. Але ён жа заўсёды быў за тое, каб працэс быў як мага больш доўгім. Спяшацца не было куды. Тым больш, што нягледзячы на асаблівасці адукацыі, думка аб адмове ў магчымасці самастойна друкаваць грошы прама прыводзіла і яго да высновы аб страце ўлады. Не ўсёй улады, але – страты. А гэта ўжо дзесьці побач з самагубствам. І навошта яму гэта?

Таму і 25 гадоў таму гэты праект быў ілюзіяй, і сёння для яго няма ніякіх умоў. Асабліва калі ўспомніць суадносіны памераў двух «брацкіх» эканомік – 1 да 30. Ніяк не на карысць Лукашэнкі.

Ужываючы тую ж логіку ў любым з пытанняў, якія могуць быць у працэсе (фінансавага і не толькі) яднання краін, мы прыйдзем да тых жа высноў. Абмяркоўваць няма чаго.

Здавалася б, пры чым тут Ангола?

У гэтыя ж дні светач расейскай дэмакратыі, глыбокі спецыяліст у вытанчанай славеснасці Сяргей Лаўроў, пасля наведвання Анголы (туды яго яшчэ пускаюць) і сустрэчы з тамтэйшым прэзідэнтам, заявіў, што на саміце БРЫКС будзе абмяркоўвацца стварэнне новай валюты. Маўляў, немагчыма далей трываць гегемонію «гаспадароў» і гэтак далей. Што-небудзь пра «дэбілаў» у гэты раз у кадр не патрапіла, але сутнасць, тым не менш, была аналагічнай.

Ці магчымае стварэнне такой валюты і… ну добра, не канкурэнцыі з доларамі і еўра, да гэтага мы, відавочна, не дажывем, а хаця б рэальнае фармаванне нейкай альтэрнатыўнай фінансавай апоры?

Доля кітайскіх юаняў у сусветных разліках (а таксама – валютных рэзервах) сёння на ўзроўні статыстычнай хібнасці, каля 3%. Валют астатніх краін згаданага абʼяднання не разглядзець у статыстыцы наогул, нават з выкарыстаннем павелічальных прыбораў.

ВУП краін БРЫКС сапраўды значны (у тых самых доларах, 2021 год): Кітай – 18 трлн, Індыя – 3,2 трлн, Расея – 1,8 трлн, Бразілія – 1,6 трлн, пар – 0,4 трлн. Разам – $25 трлн, 26% сусветнай эканомікі або… памер эканомікі ЗША.

Вось такое глабальнае абʼяднанне.

Пры гэтым лідары па колькасці насельніцтва, Кітай і Індыя, значна больш звязаныя гандлёвымі адносінамі з ЗША і Еўразвязам, чым з іншымі гульцамі сусветнага рынку. Можна меркаваць, што гэтыя краіны запатрабуюць аплаты за свой экспарт у Вашынгтоне і Бруселі, у нейкай іншай форме, чым долары і еўра, але нешта зусім не верыцца. Навошта?

І самае галоўнае. ЕЗ ішоў да абʼяднання, у тым ліку і фінансавых сістэм, доўгім і цярністым шляхам, праз збліжэнне эканамічных стандартаў, працэдур краін-удзельніц. Уявіць сабе сёння, каб такія разнастайныя краіны як удзельніцы БРЫКС раптам вырашылі ўзгадніць паміж сабой унутраную эканамічную палітыку, стварыць нейкія агульныя правілы, цалкам немагчыма.

Ды і хто захоча падзяліць з сённяшняй Расеяй яе рызыкі? Акрамя аднаго вусатага і ўсмешлівага суседа, якому проста няма куды дзявацца. На яго надзей больш, але і ён актыўна супраціўляецца.

Розныя краіны, розныя інтэграцыйныя абʼяднанні. Няісны саюз Расеі і Беларусі і такі ж эфемерны БРЫКС, але вынік адзін. Да агульнай валюты яшчэ так далёка, што можна і не загадваць. І прычына адна – аўтакраты не згодныя дзяліцца ўладай. Незалежна ад нацыянальнасці, мовы ці колеру скуры. Грошы – гэта ўлада.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў