Навошта айцішніку бел-чырвона-белы сцяг. Стартап-канферэнцыю правялі ў статусе «пагрозы рэжыму»


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя салідарнасці каля Парку высокіх тэхналогіяў. Менск, Белаурсь. 14 жніўня 2020 года.
Фота: Святлана Фар / Белсат

Між гісторыямі поспеху і парадамі маладым бізнесоўцам гучалі заклікі выступаць за справядлівыя выбары ды спадзяванні на тое, што палітычны крызіс зробіць Беларусь лічбаваю дзяржаваю.

Штогадовая канферэнцыя «Venture Day Minsk» у 2021 годзе прайшла ў онлайн-фармаце. Як і звычайна на такіх імпрэзах, паспяховыя IT-бізнесоўцы расказвалі свае гісторыі і давалі парады маладым, а маладыя паказвалі свае праекты патэнцыйным інвестарам. Але абставіны для айцішнікаў цяпер зусім не звычайныя.

Напружаная атмасфера

Сёлета канферэнцыя праходзіла на фоне масавага ад’езду IT-спецыялістаў за мяжу (у Польшчы нядаўна заявілі, што туды з’ехалі ўжо 10 % беларускіх айцішнікаў), рэлакацыяў цэлых кампаніяў, скасавання падатковых ільготаў для Парку высокіх тэхналогіяў, эканамічнага і палітычнага крызісу ў краіне. У часе прамоваў і дыскусіяў не раз гучалі разважанні аб праектах і сустрэчах ужо ў новай Беларусі.

З вітальнымі словамі 29 красавіка выступілі заснавальніца закрытага дзяржаваю стартап-хабу «Imaguru» Таццяна Марыніч і амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр, якой з пачатку года так і не далі беларускай візы.

Рэпартаж
З бізнес-цэнтру «Імагуру» выносяць мэблю і плачуць
2021.04.20 16:51

Чаму стартапы – «пагроза рэжыму»

Таццяна Марыніч.
Фота: трансляцыя канферэнцыі «Venture Day Minsk 2021»
Даведка
Стартап – маладая кампанія, якая толькі стартавала. Слова звычайна ўжываюць для кампаніяў, звязаных з высокімі тэхналогіямі, што ствараюць новыя прадукты ці паслугі без вялікага стартавага капіталу і без гарантыі поспеху. Стартапамі калісьці былі і «Apple», і «EPAM Systems». Каля 90 % стартапаў канчаюцца правалам.
Таццяна Марыніч распавяла, што сем гадоў таму, калі адкрылі «Imaguru», самыя словы «стартап» ці «каўоркінг» былі новымі для Беларусі, і тады здавалася, што ніводная гатовая мадэль развіцця не будзе працаваць у Беларусі, бо ў краіне проста не было рынку для стартапаў. Яна згадала гісторыі поспеху беларускіх IT-стартапаў (як «MSQRD», «OneSoil», «PandaDoc» і шмат іншых), некаторыя з якіх пачаліся з хакатонаў у «Imaguru», але заявіла, што асноўнае дасягненне хабу – не гэтыя асобныя гісторыі.

«Гэта новае пакаленне вольных вынаходнікаў, якія прагнуць ствараць новыя прадукты, ісці на глабальны рынак. Гэта зусім іншая ментальнасць: стварэнне пераменаў, – казала Марыніч. – Гэта нашае асноўнае дасягненне і гэта тое, чаму нас закрывае сёння рэжым. Бо насамрэч ключавая перашкода рэжыму – гэта вальнадумныя, адукаваныя, незалежныя, паспяховыя людзі».

Таццяна згадала, што ў жніўні 2020 года арыштоўвалі, білі і катавалі ў тым ліку інвестараў ды заснавальнікаў кампаніяў, таму «Imaguru» не магло заставацца ўбаку: «Маўчаць – значыць прымаць такія ненармальныя рэчы».

Джулі Фішэр.
Фота: трансляцыя канферэнцыі «Venture Day Minsk 2021»

Джулі Фішэр пачала зварот з выказвання глыбокай занепакоенасці закрыццём «Imaguru»:

«Гэтае дзеянне пралівае больш святла на шмат якія выклікі, з якімі сутыкаецца прыватны сектар у Беларусі. І гэтае закрыццё – яшчэ адзін прыклад няздольнасці ўладаў Беларусі дазволіць існаванне галасоў нязгоды ў Беларусі. Такія дзеянні, як закрыццё «Imaguru», адлюстроўваюць страхі мінулага».

Амбасадарка дадала, што была вельмі ўражаная здольнасцямі і навыкамі беларусаў, асабліва ў IT-сектары, і сказала, што такія таленты нельга губляць.

Варта згадваць, што вы з Беларусі, і адстойваць правы чалавека

Майк Бутчэр.
Фота: трансляцыя канферэнцыі «Venture Day Minsk 2021»

Рэдактар папулярнага выдання пра стартапы «TechCrunch» Майк Бутчэр заклікаў беларускія кампаніі ісці на міжнародны рынак і не хаваць перад замежнікамі таго факту, што яны з Беларусі і месцяцца ў Беларусі: маўляў, усе разумеюць, што адбываецца. Галоўнае, адзначыў ён, казаць: «у нас выдатны прадукт», «у нас цудоўная каманда». Тэхнічныя журналісты знаёмыя з падзеямі ў Беларусі, таму згадка пра краіну паходжання дасць асаблівы ракурс навінам пра кампанію. Наступныя выступоўцы тлумачылі: інвестара цікавіць не толькі тэхналогія стартапу, але і чалавечыя якасці тых, хто абяцае зрабіць з тэхналогіі паспяховы прадукт.

Бутчэр заклікаў «з гонарам насіць ваш бел-чырвона-белы сцяг». Шмат якія кампаніі лічаць, што не варта выражаць палітычных поглядаў, бо бізнес можа аказацца пад пагрозай, але гэта няправільна. Маўчанне будзе не нейтральнасцю, а падтрыманнем рэжыму і прывядзе толькі да таго, што кіраўніцтва краіны «будзе як мафія, як у Расеі». Адна рэч – партыйная палітыка, а іншая – адстойванне базавай нармальнай грамадзянскай супольнасці.

«Гэта не палітызавана – патрабаваць ад міліцыі дзеяць паводле закону і дзеяць негвалтоўнымі шляхамі, гэта не палітызавана – адстойваць справядлівасць паводле закону і доступ да справядлівага суда, гэта не палітызавана – адстойваць свабодныя і справядлівыя выбары. Гэта тое, што адбываецца ў дэмакратычных краінах», – растлумачыў Бутчэр.

Улады, адзначае адмысловец, раней ці пазней зменяцца на дэмакратычна выбраныя, а гісторыя запомніць, хто падтрымліваў рэпрэсіўныя ўлады, а хто адстойваў дэмакратычныя каштоўнасці ці прынамсі дапамагаў тым, хто іх адстойваў.

Шчыра кажучы
«Прававы дэфолт азначае, што закон нас не абараняе». Як Лукашэнка знішчае ІТ-краіну
2021.03.03 18:30

Салідарнасць – «пытанне выжывання» для бізнесу

Яраслаў Ліхачэўскі.
Фота: трансляцыя канферэнцыі «Venture Day Minsk 2021»

Сярод выступоўцаў у секцыі натхняльных людзей быў Яраслаў Ліхачэўскі, дырэктар IT-кампаніі «Deepdee» (яе праграма з дапамогаю штучнага інтэлекту распазнае хваробы праз здымак вачэй) і сузаснавальнік фонду «BySol», які дапамагае звольненым з палітычных прычынаў. Ён распавёў, што фонд стаўся інструментам, які даў «сустрэцца» людзям у патрэбе і тысячам ахвочых ім дапамагчы: фонды кшталту «BySol» і «BY_help» сабралі каля 8-9 мільёнаў долараў.

«Гэта пытанне выжывання для нас – змяніць Беларусь, – кажа Ліхачэўскі. – Усё, што мы пабудавалі, грунтуецца на беларускіх экспертах, беларускіх інжынерах і беларускіх лекарах. Калі мы іх згубім, мы страцім шмат, давядзецца пачынаць новае жыццё».

Цяпер ён займаецца таксама і праграмаю «Digital Solidarity», якая яднае ў адзіную сетку фонды дапамогі пацярпелым ад беларускага рэжыму, дазваляе наладзіць рэгулярныя ахвяраванні фондам. Паводле Ліхачэўскага, гэтая праграма стане ўжо інструментам для пабудовы новай Беларусі і новых інстытутаў лічбавай эканомікі, бо будзе развівацца ў нешта шырэйшае за збор грошай і заявак на дапамогу. Ужо бліжэйшымі тыднямі ў звязку з «Digital Solidarity» мае з’явіцца інструмент для лічбавай медыцыны.

Палітычны крызіс – гэта перашкода ці карысны выклік?

У адной з дыскусіяў інвестар Міхаіл Румянцаў, заснавальнік кампаніі «Narrative BI», заявіў: пакуль у Беларусі не будуць адноўленыя законнасць і справядлівасць, не будзе перспектываў для беларускіх стартапаў. Для інвестараў ёсць два шляхі: інвеставаць у рызыкоўную бізнес-мадэль у стабільным бізнес-асяроддзі або інвеставаць у штосьці традыцыйнае ў рызыкоўным асяроддзі. У беларускіх стартапаў цяпер падвоеная рызыка. Сам Румянцаў інвеставаў у менскую кампанію «MakeML», а яе заснавальнік Аляксей Караткоў з мінулага жніўня – за кратамі за нязгоду з тым, што адбываецца ў Беларусі (Караткова прызналі палітычным вязнем, яго судзяць за групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і масавыя беспарадкі). Але такія думкі, якія выказаў Румянцаў, агучвалі нямногія на канферэнцыі.

Інвестар і сузаснавальнік Tut.by Кірыл Валошын згадаў, што з тых, з кім ён працаваў, два заснавальнікі стартапаў з’ехалі з Беларусі, адзін – паўгода ў турме, адна давала «прымусовае інтэрв’ю» дзяржаўнаму тэлебачанню, калі ейны муж быў у турме… Але пры гэтым людзі ў Беларусі аптымістычныя і вераць, што ў краіне можна будзе працаваць. А заснавальнік «Maps.me» і «AIMatter», інвестар Юрый Мельнічак разважаў: нягледзячы на ўсе сумныя падзеі, дух вынаходніцтва беларускай індустрыі значна мацнейшы, чым большасць думае.

Павел Лібер.
Фота: трансляцыя канферэнцыі «Venture Day Minsk 2021»

Заснавальнік платформы «Голас» Павел Лібер разважаў: падчас і пасля выбараў 2020 года шмат якія лічбавыя інструменты, як той жа «Голас», нарадзіліся з неабходнасці, рабіліся валанцёрамі і вымушаныя былі дзеяць як стартапы, а ў выніку стварылі прадукты, якія будуць запатрабаванымі і ў іншых краінах. Цяпер можна чакаць стварэння яшчэ большай колькасці такіх інструментаў, а значыць, хутчэйшага ператварэння ў лічбавую дзяржаву.

А Максім Баграцоў, сябра Каардынацыйнай рады і былы старэйшы віцэ-прэзідэнт «EPAM Systems», дадаў, што ніхто не хацеў бы аказацца ў цяперашніх беларускіх умовах, але пераказаў прымаўку, якую чуў ад амерыканцаў:

«Ніколі не давай добраму крызісу прайсці марна».

АА belsat.eu

Стужка навінаў