«Пазіцыя ЗША толькі ўзмацнілася». Дарадца Ціханоўскай падвёў вынікі візіту


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская разам з прадстаўнікамі Аб’яднанага пераходнага кабінету завяршыла свой афіцыйны візіт у ЗША. Вынікі паездкі ў каментары «Белсату» падвёў яе дарадца ў пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі.

Выступ Святланы Ціханоўскай на мітынгу беларусаў ля Белага Дому з нагоды Дня Волі.
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

Прадстаўнік Офісу Святланы Ціханоўскай нагадаў, што гэта быў другі яе поўнамаштабны візіт у Вашынгтон, які «закрануў усе сферы ўлады і грамадскага сектару». Першы быў у ліпені 2021 года. Апроч таго, у красавіку 2022 года абраная прэзідэнтка наведвала ЗША на пахаванне былой дзяржсакратаркі ЗША Мадлен Олбрайт.

«Пазіцыя ЗША адносна Беларусі за апошні год, за апошнія месяцы не змянілася. Яна толькі ўзмацнілася, у параўнанні з першым візітам у 2021 годзе і агулам з першымі кантактамі, якія беларускі прэзідэнт-элект Святлана Ціханоўская ўсталявала са Злучанымі Штатамі», – распавёў Дзяніс Кучынскі.

У якасці канкрэтных вынікаў візіту ён прывёў заявы дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена пра тое, што ў вельмі хуткім часе мусіць быць вырашанае пытанне прызначэння спецпрадстаўніка ЗША для кантактаў з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. А таксама намер стварыць комплексны стратэгічны дыялог з дэмакратычнай Беларуссю, што «яшчэ больш узмоцніць у практычным сэнсе нашыя ўзаемаадносіны», падкрэсліў дарадца Святланы Ціханоўскай.

Hавiны
ЗША пачнуць усёабдымны стратэгічны дыялог з беларускім дэмакратычным рухам
2023.03.23 08:50

З дарадцам жа прэзідэнта Злучаных Штатаў Джо Байдэна ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Джэйкам Саліванам абраная прэзідэнтка абмяркоўвала нядаўнюю заяву Уладзіміра Пуціна пра размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі і пра канкрэтныя крокі, якія трэба зрабіць, каб Аляксандр Лукашэнка панёс адказнасць за свае незаконныя дзеянні.

Шмат было ўпершыню

Дзяніс Кучынскі адзначыў, што падчас гэтага візіту адбылося шмат розных падзеяў, якіх у стасунках Беларусі і ЗША раней не было.

Гэтак, Святлана Ціханоўская ўпершыню ўжывую выступіла на слуханнях у Камітэце замежных справаў Сенату ЗША. Там, сярод іншага, яна падкрэсліла важнасць змагання беларусаў за незалежную і суверэнную Беларусь, якая ў інтарэсах сусветнага грамадства і дэмакратычных краінаў.  Таксама яна заклікала ЗША падтрымаць беларусаў у гэтым змаганні. Асобную ўвагу звярнула на сітуацыю з Нобэлеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім, палітвязнямі Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам і іншымі, і прапанавала шэраг канкрэтных крокаў, якімі ЗША могуць дапамагчы Беларусі проста зараз, заявіў Дзяніс Кучынскі.

Святлана Ціханоўская выступіла на слуханнях у Кангрэсе ЗША.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Таксама ўпершыню ў Вашынгтоне адбылася Канферэнцыя Кастуся Каліноўскага, якая раней праходзіла ў Вільні і Бруселі. Канферэнцыю адкрыла былая спікерка Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлоўзі. Удзел у ёй таксама ўзялі парламентары з Польшчы, Чэхіі, Іспаніі, ЗША, Літвы і іншых краін.

«Было вельмі захапляльна чуць ад аднаго з найбольш уплывовых, легендарных – жывой легенды Нэнсі Пэлоўзі параўнанні 25-гадовага Каліноўскага з барацьбой беларусаў зараз. І пра тое, як і 160 гадоў таму, беларусы мужна змагаюцца супраць Расейскай імперыі», – адзначыў суразмоўца.

Таксама Святлана Ціханоўская ўпершыню сустрэлася з новаабраным спікерам Палаты прадстаўнікоў Кевінам МакКарці, пераемніка Нэнсі Пэлоўзі з Рэспубліканскай партыі. Абраная прэзідэнтка Ціханоўская распавяла яму пра цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі, пра беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне і пра ўзаемазалежнасць лёсаў Беларусі і Украіны і неабходнасць працягваць падтрымліваць як Украіну, так і незалежную дэмакратычную Беларусь.

«Было вельмі важна атрымаць словы падтрымання ад новага кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў», – сказаў Дзяніс Кучынскі.

Таксама ў першы раз Святлана Ціханоўская ўдзельнічала ў святкаванні Дня Волі ў Вашынгтоне. Перад Белым Домам адбыўся мітынг салідарнасці з Беларуссю, арганізаваны дыяспарай. На акцыі прысутнічаў прадстаўнік Дзярждэпартаменту, які выступіў з прамовай і словамі падтрымкі, распавёў пра апошнія дзеянні ЗША, уключаючы абвешчаныя перад Днём Волі санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

Аналітыка
Візіт Ціханоўскай у ЗША. Ці дапаможа Захад дастаць ножку з-пад крэсла Лукашэнкі?
2023.03.24 22:19

У Бостане каля мэрыі ў першы раз быў узняты беларускі бел-чырвона-белы сцяг у дзень салідарнасці з Беларуссю.  Святлана Ціханоўская разам з прэзідэнткай Еўрапарламенту Рабэртай Мэтсоляй упершыню выступіла ў Гарвардзе, абмеркавала падтрыманне беларускіх студэнтаў, адукацыйныя праграмы і праграмы трэнінгу.

Апроч таго, упершыню з візітам у ЗША былі прадстаўнікі Аб’яданага пераходнага кабінету Аліна Коўшык і Вольга Гарбунова, у якіх была свая праграма.

«Таму тэма палітвязняў і важнасці нацыянальнага адраджэння ва ўмовах прарасейскай прапаганды, русіфікацыі і лукашэнкаўскай саветызацыі таксама гучала падчас візіту», – распавёў Дзяніс Кучынскі.

Амерыка, ды не тая

Апроч таго, падчас візіту ў ЗША Святлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі лацінаамерыканскіх і карыбскіх краінаў і з кіраўніком Арганізацыі Лацінаамерыканскіх дзяржаваў – «аналагам Рады Еўропы ў Амерыках» – Люісам Альмаграм. Там падкрэслівалася, што Беларусі важна мець падтрыманне не толькі ў Еўропе і ЗША, але і ў больш шырокім рэгіёне, у тым ліку ў ААН і на двухбаковым узроўні.

«Мы ведаем, што расейская прапаганда вельмі моцна працуе таксама ў гэтых краінах. Святлана Ціханоўская данесла пазіцыю Беларусі і важнасць таго, каб не было ніякіх дамоваў з рэжымам, бо гэта будзе ўплываць на лёсы беларусаў і лёсы беларускіх палітвязняў», – адзначыў Дзяніс Кучынскі.

Hавiны
Кавалеўскі: У Кангрэсе ЗША рыхтуецца новы закон аб дэмакратыі ў Беларусі
2023.03.29 15:24

Нагадаем, што намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі таксама назваў візіт «вельмі паспяховым».

«З вынікаў паездкі можна назваць тое, што Злучаныя Штаты запусцілі стратэгічны дыялог з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Гэта дазволіць нам распрацаваць механізм, які будзе дазваляць узаемадзейнічаць на пастаяннай аснове, рабіць больш практычнай дзейнасць Злучаных Штатаў на карысць Беларусі.

Мы таксама даведаліся, што ў Кангрэсе вядзецца падрыхтоўка новага закону аб дэмакратыі, суверэнітэце і правах чалавека ў Беларусі, які будзе ў большай ступені адлюстроўваць ролю Лукашэнкі ў вайне і тыя негатыўныя наступствы, якія гэта нясе для ўсяго свету. І, канечне, будуць распрацаваныя новыя палітычныя рэкамендацыі для ўраду Злучаных Штатаў», – распавёў ён.

Паводле Кавалеўскага, візіт паказаў, што Злучаныя Штаты «застаюцца з беларусамі, нас падтрымліваюць і вельмі прыхільна ставяцца да дэмакратычнага руху».

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў