Палітвязень Рыгор Кастусёў даслаў ліст з калоніі, у якім скардзіцца на пагаршэнне здароўя


Ад былога кіраўніка Партыі БНФ, палітзняволенага Рыгора Кастусёва прыйшоў першы ліст з ПКТ (памяшкання камернага тыпу), у якое яго перавялі ў пачатку месяца. Аб гэтым расказаў выданню «Свабода» зяць Кастусёва Зміцер Антончык.

Рыгор Кастусёў. Крыніца: Алесь Соболевский / Facebook

У сваім лісце Кастусёў вельмі непакоіцца пра лекі, якія яму перадаюць з волі. Яго хвалюе, што яны могуць не дайсці, бо палітвязень «адчувае пагаршэнне стану ў сувязі з анкалагічнай хваробай», адзначае Антончык.

«Паводле плану, які склалі дактары падчас абследавання, у лістападзе – снежні яму павінны рабіць аналіз крыві. Але ці будзе ён, невядома. Вынікаў абследавання дагэтуль не паведамляюць. Ён арыентуецца на самаадчуванне, а яно не робіцца лепшым. Яшчэ вельмі спадзяецца на медычную бандэроль», – адзначае зяць палітзняволенага.

Таксама палітыка вельмі турбуе тое, што запланаванае на 29 лістапада спатканне са сваякамі не адбылося, хоць «усе паперы былі падпісаныя».

«Вельмі шкадуе, што не ўбачыўся з роднымі. Шмат асабістых зваротаў напісаў з гэтай прычыны. Зразумелы настрой, калі чалавек у такім фізічным стане, гэтак спадзяваўся на сустрэчу, а яна не адбылася. На маю думку, гэта таксама здзек», – адзначае Зміцер Антончык.

Нагадаем, што лідара партыі БНФ Рыгора Кастусёва змясцілі ў памяшканне камернага тыпу прыкладна 11 лістапада, а да гэтага чатыры разы кідалі ў ШІЗА.

Палітык знаходзіцца ў няволі з 12 красавіка 2021 года. 5 верасня 2022 года Менскі абласны суд прыгаварыў яго да 10 гадоў пазбаўлення волі «за спробу дзяржаўнага перавароту з мэтай зрынання ўлады неканстытуцыйным шляхам».

Яшчэ ў СІЗА ў Кастусёва была выяўленае анкалагічнае захворванне. За кратамі экс-старшыня Партыі БНФ перанёс яшчэ і інфаркт.

Са снежня 2022 года Рыгор Кастусёў знаходзіцца ў папраўчай калоніі № 22 («Воўчыя норы»).

Hавiны
Хворага на анкалогію Рыгора Кастусёва чатыры разы кідалі ў ШІЗА, цяпер пасадзілі ў ПКТ
2023.11.19 09:32

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў