Хворага на рак Рыгора Кастусёва чатыры разы кідалі ў ШІЗА, цяпер пасадзілі ў ПКТ


Палітвязень, лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў быў змешчаны ў памяшканне камернага тыпу, расказаў на Facebook ягоны зяць Дзмітрый Антончык. Адбылося гэта, як лічыць Антончык, 11 кастрычніка.

Рыгор Кастусёў.
Фота: Рыгор Кастусёў / Facebook

Рыгор Кастусёў у няволі з 12 красавіка 2021 года. 5 верасня 2022 года Менскі абласны суд прыгаварыў Рыгора Кастусёва на 10 гадоў пазбаўлення волі нібыта за спробу дзяржаўнага перавароту з мэтай зрынання ўлады неканстытуцыйным шляхам. Паводле «справы аб змове» асудзілі таксама юрыста Юрася Зянковіча (11 гадоў калоніі), літаратуразнаўцу і палітолага Аляксандра Фядуту (10 гадоў калоніі), працаўніцу офісу Зянковіча Вольгу Галубовіч (2,5 года калоніі) і актывіста Дзяніса Краўчука (2,5 года калоніі). Рыгор Кастусёў быў адзіным з іх, хто не прызнаў віны.

Анкалагічную хваробу ў Рыгора Кастусёва выявілі яшчэ тады, калі ён быў у СІЗА КДБ.  У снежні 2022 года Кастусёва этапавалі ў папраўчую калонію № 22 («Воўчыя норы»). Чарговае абследаванне праходзіў у жніўні 2023 года. За кратамі экс-старшыня Партыі БНФ перанёс яшчэ і інфаркт.

Нягледзячы на гэта, палітвязня раз за разам кідаюць у штрафны ізалятар. Паводле падлікаў сваякоў, у сярэдзіне верасня яго змяшчалі ў штрафны ізалятар чацвёрты раз. За што – невядома. Пасля ШІЗА 66-гадоваму палітвязню не паведамляюць вынікі анкалагічнага абследавання. Па вызваленні з ШІЗА Кастусёў меў магчымасць пазваніць сваякам – расказаў, што яму вельмі баляць ногі.

ШІЗА – камера ў калоніі, куды адпраўляюць за «парушэнні рэжыму» (напрыклад, за «няправільна» засланы ложак). Змешчаным туды забараняюць спатканні, тэлефанаванні, ліставанне, не даюць пасцельнай бялізны, не водзяць на прагулкі, забараняюць паліць і гуляць у настольныя гульні. ПКТ фармальна мае мякчэйшыя ўмовы – мусяць выдаваць матрац, коўдру і бялізну, мусяць выводзіць на прагулку, дазваляць ліставанне і карыстанне бібліятэкай (ды не факт, што гэта выконваюць).

Агляд
Васіль Бераснеў у шпіталі, хворую на рак пенсіянерку кінуць у калонію. Рэжым здзекуецца над палітвязнямі
2023.10.06 23:34

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў