Армянскі палітык: Пачаўся шлюбаразводны працэс Арменіі ды Расеі


Чорную труну з абрэвіятурай АДКБ (Арганізацыя дамовы калектыўнай бяспекі) насілі пратэстоўцы ў сталіцы Арменіі, Ерэване. Туды прыляцелі кіраўнікі гэтага пракрамлёўскага альянсу. У тым ліку Пуцін і Лукашэнка. Прыляцелі і паляцелі. АДКБ не будзе стрымліваць Азербайджану, з якім у армянаў цягнецца канфлікт прынамсі з часу падзення СССР. Чаму Пуцін не дапамагае свайму хаўрусніку абараніцца? У інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Тыгранам Хзмальянам, адным з лідараў пратэстаў супраць АДКБ і візіту Пуціна ў Ерэван.

Сяргей Пеляса: У Ерэване на вашай акцыі пратэсту была труна з надпісам АДКБ. Чорная труна. Тое, што крамлёўскае псеўда-NATO мёртвае, нам даўно зразумела, але ці могуць армяне з гэтай труны выцягнуць хоць штось карыснае для развязання канфлікту з Баку?

Тыгран Хзмалян: Па-першае, вядома, не. Не забудзем: за дзень да нападу на Украіну Пуцін у Крамлі прыняў прэзідэнта Азербайджану Ільхама Аліева. Цяпер цалкам зразумела, што вайна 2020 года, калі пры поўным ваенным, палітычным, інфармацыйным, выведным падтрыманні Расеі Азербайджан напаў на армянскі анклаў Нагорнага Карабаху, Арцах, – усё гэта было рыхтаваннем вайны з Украінай. І вось чаму. Яны разумеюць, што санкцыі непазбежныя і трэба будзе абмінуць з іхным газам і нафтай Украіну. Пуцін не толькі «Паўночную плынь» будаваў. Ён яшчэ хацеў расейскі газ праз Азербайджан і поўдзень Арменіі пусціць у Турцыю пад соусам азербайджанскага. Вось навошта патрэбная была гэтая вайна, каб пасля Арцаху прабіцца ў Сюнік, паўднёвую правінцыю Арменіі на турэцкай мяжы. Гэта стогадовай даўнасці план, які ўпершыню Ленін з Кемалем паспрабавалі зрабіць. Тады не выйшла, а цяпер да гэтага прыступілі Пуцін, Эрдаган і Аліеў. Не выйшла зноў.

Што датычыць АДКБ, пакуль Пуцін быў у Ерэване, Парламенцкая асамблея Еўропы і NATO абвясцілі яго тэрарыстам, а Расею – тэрарыстычнаю краінаю. Тэрарысты заўсёды бяруць закладнікаў. Гэтак жа, як і Беларусь, Арменія – закладнік пуцінскай Расеі. У Арменіі варта расейская – 102-ая база. Яна стаіць на межах, і акрамя гэтага армянскі Арцах цяпер акупаваны азербайджанскімі, расейскімі войскамі і турэцкімі разам. Акрамя таго, у Баку ўтрымліваюцца дзясяткі ваеннапалонных. Упершыню Нікол Пашыньян у твар Пуціну сказаў: гэта вашыя міратворцы перадавалі армянскіх ваеннапалонных Азербайджану. І бацькі гэтых ваеннапалонных сустракалі Пуціна з плакатамі «Пуцін, вярні нашых сыноў». У армянскім грамадстве няма ілюзіяў, што мы закладнікі Расеі. І вось чаму Арменія з АДКБ паводзіцца так далікатна. Пашыньян спрабуе давесці да таго, каб не Арменія выйшла з АДКБ, а АДКБ выйшла з Арменіі. І Лукашэнка, у прынцыпе, заявіў ужо пра тое, што АДКБ не для таго створаная, каб падтрымліваць Арменію ў канфлікце з Азербайджанам. Учора было аформленае разжэнства па-армянску. Без афіцыйнага абвяшчэння Арменія разышлася з АДКБ, і такім чынам пачаўся шлюбаразводны працэс Арменіі ды Расеі. Мы гэта бачылі ў жывым эфіры.

Аляксандр Лукашэнка на саміце АДКБ заявіў: не нашая справа кагосьці стрымліваць. У адказ на крытыку ў кірунку АДКБ, якую агучыў Пашыньян. Навошта яны збіраліся, калі сустрэліся ў Ерэване з нагоды развязання канфлікту паміж Баку і Ерэванам, але стрымліваць Баку не будуць? А навошта яны сустрэліся там?

Гэта вельмі цікавае пытанне, бо гэта збольшага пралівае святло і на такія, здавалася б, незвязаныя рэчы, як пачатак вайны з Украінаю. Пуцін з Лукашэнкам не прыехалі б, калі б былі ўпэўненыя, што нічога не будзе падпісана. А Пашыньян адмовіўся ўсё гэта падпісваць. І што ў жывым эфіры адбудзецца скандал. Значыць, у іх была інфармацыя, што ўсё пройдзе выдатна, што іх будуць сустракаць кветкамі, пачысцяць боты і ўсё будзе так, як яны хочуць. Я хачу засяродзіцца на гэтым, бо паглядзіце, гэта ўзровень і якасць прыняцця рашэнняў. Яны ўварваліся ва Украіну, бо былі ўпэўненыя, што іх будуць сустракаць кветкамі і кіеўскімі тартамі з катлетамі. Прыблізна той жа ўзровень рашэнняў, хоць і ў іншым, не ваенным, а палітычным пытанні адбыўся ўчора. Дыктатары не прыязджаюць, каб іх аскандалілі. Яны прыязджаюць дзеля трыумфу. Трыумфу не выйшла. Выйшаў скандал.

У жывым эфіры нейкая знішчаная і лядашчая Арменія кідае ім у твар абвінавачанні ды заяўляе, што нічога падпісваць не будзе. Закладнік паўстаў. І яны з’язджалі ў лютасці. Яны з’язджалі, разумеючы, што ім спальваюць апошнія масты. Але як яны апраставалосіліся… Паўтараю: гэта той узровень прыняцця рашэнняў, ад якіх залежыць лёс мільёнаў. Вось чаму і вайна пайшла не паводле плану Пуціна ды Лукашэнкі. Яны ж за два дні ўсё збіраліся скончыць.

ВІДЭА
Ці баіцца Лукашэнка «шалёных» ракетаў?
2022.11.25 17:35

Гэта неймаверны скандал. Я думаю, што Нікол Пашыньян, якога некалькі гадоў папракалі ў тым, што ён ідзе на павадку ў Масквы… Але тут, мабыць, армянаў так дастала, груба кажучы, вось гэтая сітуацыя, што яны прыязджаюць у Ерэван і нахабна на месцы кажуць, што яны не будуць стрымліваць Баку. Вось што заявіў Нікол Пашыньян: Дэкларацыя АДКБ не была прынятая, мы не падпісалі, не была прынятая пастанова АДКБ аб адказе на эскалацыю 13 верасня. Што будзе далей з Ніколам Пашыньянам? Ці варта чакаць нейкай рэакцыі – калі не сказаць помсты – Крамля на такія дзёрзкія ягоныя заявы і паводзіны ў Ерэване?

Пуцін некалькі разоў памыляўся з Пашыньянам. Ён памыляўся ў 2018 годзе, калі разлічваў, што Сэрж Саргсьян перадасць уладу таму чалавеку, якога яны прызначылі. Гэта быў газпромаўскі чыноўнік Карэн Карапэт’ян. Сэрж Саргсьян ухіліўся, узяў нейкую пэўную частку ўдару на сябе, і выбары прайшлі свабодна. Быў абраны Пашыньян. Пасля вайны Пуцін пастанавіў, што Пашыньян не будзе пераабраны, што армяне не даруюць яму паразы, і зноў памыліўся. Замест Пашыньяна ён паставіў таго чалавека, якога тут ненавідзяць больш за ўсё. Гэта не армянскі прэзідэнт другі, а расейскі рэзідэнт – Робэрт Качар’ян. Менавіта дзякуючы гэтаму армяне зноў абралі Пашыньяна як меншую з дзвюх бедаў. Яны аддалі перавагу слабому, разбітаму, зняважанаму, але чалавеку, якога яны выбіралі. Яны аддалі перавагу яму, а не крэатуры Пуціна. Цяпер яны зноў памыляюцца. Яны думалі, што Пашыньян зазнаў паразу і здасца, аднак у Пашыньяна ёсць усяго адзін рэсурс. Хоць ён і не папулярны цяпер так, як некалі, тым не менш у яго за спінаю падтрыманне тых людзей, якія яго выбіралі. І таму ён ідзе на рызыку і гэтым разам зноў, як ні дзіўна, абгульвае Пуціна. І вядома, мы не забываем ні на секунду, што калі б не вайна ва Украіне, не беспрэцэдэнтнае падтрыманне ўсяго свету, калі б не ўсведамленне таго, што Арменія – гэта адзін з франтоў антыкаланіяльнай вайны, галоўным фронтам якога ёсць Украіна… Калі б не разуменне таго, што мы ў адной траншэі з беларусамі, украінцамі, грузінамі і малдаванамі, а на другім канцы – дыктатура Пуціна і Лукашэнкі, то мы б не выграблі. Але мы адчуваем, што мы разам. Нават калі гэта не заўсёды разумеюць у Кіеве, Менску, Тбілісі, але гэта так. Гэта лепш за ўсё разумеюць на Захадзе, як ні дзіўна. Нядаўна, будучы ў Ерэване, Нэнсі Пэлоўсі сказала: ад Амерыкі да Тайваню, ад Украіны да Арменіі праходзіць фронт барацьбы дэмакратыі супраць дыктатуры. І таму мы пераможам, бо мы на баку дэмакратыі, а яны на баку дыктатуры.

Гэта дзіўна, што Арменія – адзіная дзяржава ў гэтым клубе дыктатараў, у якой ужо некалькі гадоў пануе дэмакратыя. Я быў на выбарах у 2018 годзе, бачыў, як праходзіла рэвалюцыя. Ніводная міжнародная арганізацыя не мела ніякіх прэтэнзіяў да гэтых выбараў. Вы параўналі сітуацыю Арменіі ды Беларусі з закладнікам у тэрарыстаў. Мы ведаем з гісторыі і фільмаў, што ў такіх сітуацыях прыходзяць антытэрарысты, спецпадраздзяленні або паліцыя, якая развязвае праблему. Часцей за ўсё бывае так. У выпадку Беларусі мы ўсё часцей гаворым пра магчымую інтэрвенцыю ўкраінцаў ці беларускіх добраахвотнікаў, якіх пакуль яшчэ мала, супраць рэжыму Лукашэнкі, калі ён можа адкрыта ўмяшацца ў вайну. Ці можа Арменія разлічваць на такіх «паліцыянтаў», якія ўмяшаюцца ў гэтую праблему і пазбавяць Арменію тэрарыстаў?  Я маю на ўвазе апошні год, асабліва падчас вайны даволі інтэнсіўна паводзіла сябе заходняя дыпламатыя. Прайшоў шэраг сустрэчаў з удзелам армянскага кіраўніцтва. Ёсць нейкая надзея ў гэтых сустрэчах ці гэта, хутчэй, цырыманіяльная сустрэча і руцінная дыпламатыя?

Яны ўжо тут. У пачатку кастрычніка сёлета 40 назіральнікаў з Еўрапейскага Звязу сталі на ўсходнюю мяжу Арменіі. Такім чынам, усходняя мяжа Арменіі ды Азербайджану зрабілася мяжою Еўразвязу. Вядома, гэта неафіцыйна. Вядома, мы яшчэ нават не абвяшчалі таго, што Еўрапейскі Звяз прапанаваў Арменіі кандыдацтва ў сяброўства гэтак сама, як і Грузіі. У нас гэта пакуль трымаецца ў сакрэце, але я ведаю, што 1 ліпеня Еўразвяз праз афіцыйныя каналы, хоць і непублічна, заявіў, што разглядае Арменію, як і Грузію, кандыдатамі ў сяброўства ў Еўразвязе. Таму Еўропа ўжо тут. З гэтай восені, з кастрычніка, калі еўрапейскія сцягі падняліся на ўсходніх межах Арменіі, Арменія робіцца паўднёва-ўсходнім ускрайкам Еўропы, еўрапейскай цывілізацыі. Цывілізацыйна так было заўсёды, тысячы гадоў. Цяпер гэта пачынае афармляцца юрыдычна і палітычна. Таму мы і зрабілі труну з надпісам АДКБ. Таму мы і думаем, што пачалося афіцыйнае разжэнства Арменіі з усімі расейскімі, пуцінскімі капканамі, цэнтрамі сілы эканомікі, палітыкі і войска, а таксама спецслужбаў. Саміт АДКБ быў першым цвіком у яго труну.

Я думаю, адзін з апошніх, але адзін з самых сур’ёзных і тоўстых цвікоў. Лукашэнка ў Ерэване з вялікаю цяжкасцю выходзіў з самалёта. Відэа таго, як ён ступае з прыступкі на прыступку на трапе, зʼявілася ў армянскіх крыніцах. Прэс-служба Лукашэнкі схавала гэты момант. Гэтая паездка і тое, што ён пачуў у Ерэване ад Нікола Пашыньяна ў тым ліку, настолькі паўплывала на яго, што ён заявіў дзіўную рэч.

Цытую: «Адчуваю, што мы прыйшлі да адзінага меркавання. Калі не дай бог абрынецца Расея, то пад гэтымі абломкамі – нашае месца. Таму мы павінны не толькі адно аднаго абараняць, але разумець, што не павінна быць такіх размоваў». Але ў Ерэване яны не дамовіліся. Як вы думаеце: наколькі магчымае паражэнне Расеі ў вайне супраць Украіны – такое або іншае – можа дапамагчы Арменіі вырвацца з путаў Расеі, у якіх яе ўжо трымаюць дзясяткі, калі не некалькі сотняў гадоў?

Прэс-службы схавалі яшчэ адно відэа, якое ёсць нават на маёй старонцы ў Facebook. У пуцінскім аўце, якое стала ў Ерэване, ніяк не маглі адчыніць дзвярэй. Іх некалькі хвілінаў упяцёх спрабавалі адчыніць. Гэта таксама вельмі характэрная дэталь. Вы бачыце, што карма вяртаецца вельмі хутка і лёс іранізуе вельмі жорстка. Я не сумняюся, што Расея зазнала паразу ў гэтай вайне. Еўрапейская партыя Арменіі, якую я ўзначальваю, з першага дня вайны, а 12:00 24 лютага, са сцягамі Украіны ды Арменіі стала ў пікет пратэсту ля расейскай амбасады ў Ерэване. Мы ні на хвіліну не сумняваліся, і мы цяпер таксама ўпэўненыя ў тым, што Расея зазнае паразу. Мы таксама ўпэўненыя, што і Арменія, і Беларусь, і ўся гэтая постсавецкая каланіяльная імперыя здабудзе свабоду акурат тады, калі пераможа Украіна. Бо ва Украіне ўвесь цывілізаваны свет змагаецца супраць пуцінскай дыктатуры. Усе імперыі бурацца, у тым ліку з прычыны ваенных паразаў. Вар’яцкая вайна ва Украіне разбурыць Расею трэці раз пасля 1917 года, 1991 года, калі бурыліся Расейская імперыя, савецкая імперыя. Цяпер бурыцца пуцінская імперыя. Лукашэнка мае на ўвазе не Беларусь, а сябе. Ён будзе пад абломкамі, і ён там загіне. Загінуць усе дыктатары. Дэмакратыя пераможа, бо мы за свабоду. За нашу і вашу свабоду. Дыктатары змагаюцца толькі за сябе.

Вам як армяніну выдатна вядома, што такое разбурэнне імперыі, бо армянскі народ у сваёй гісторыі перажыў многія імперыі.

Пятнаццаць.

Вы нават палічылі. Выдатна. Я думаю, што мала хто з сусветных народаў змог перажыць такую колькасць імперыяў. Вялікі дзякуй за інтэрвʼю і ўдачы армянскаму народу на складаным шляху збавення ад ролі закладніка. А таксама і нам, беларусам, хацелася б гэтага пажадаць.

Слава Украіне! Жыве Беларусь! Няхай жыве нашая свабода.

Героям слава! Жыве вечна! Дзякуй.

Інтэрв’ю з праграмы «ПраСвет» ад 24.11.2022

 

Стужка навінаў