«Мая краіна апускаецца на ўзровень тэрарыстаў». Юрыст НАУ пра завочныя суды над палітуцекачамі


Беларускія ўлады маюць разгледзіць папраўкі ў законы, якія б дазвалялі судзіць палітычных эмігрантаў завочна – без іх удзелу ў працэсе. Дзяржсакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што гэта практыкуецца ў Нямеччыне, Францыі, Нідэрландах. Адказны за пытанні юстыцыі ў Народным антыкрызісным упраўленні Міхаіл Кірылюк сцвярджае, што пакуль не знайшоў «прыстойнай юрысдыкцыі, дзе б такая практыка існавала». Кажа, што адзіная паралель – гэта практыка радыкальных тэрарыстычных арганізацый.

Адвакат Міхаіл Кірылюк. Фота з асабістага архіва Міхаіла Кірылюка

«Я не знайшоў ніякай прыстойнай юрысдыкцыі, дзе такое практыкуецца. Можам параўнаць толькі з заявамі нейкіх крайне радыкальных тэрарыстычных арганізацый, калі яны заяўляць, што вось мы прысуджаем вось гэтага палітыка да смяротнага пакарання і любы з нашых паплечнікаў абавязаны яго забіць.

На жаль, зараз мая краіна апускаецца на такі ўзровень. Гэта не пра права – гэта пра запалохванне», – мяркуе юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк.

Наш суразмоўца ўпэўнены, што завочныя суды над людзьмі, якія знаходзяцца ў іншай краіне і не змогуць удзельнічаць у судовых працэсах, будуць груба парушаць прынцып прэзумпцыі невінаватасці. Чалавек не будзе мець магчымасці сябе абараніць.

Аналітыка
Топ-10 дзікунскіх ініцыятываў рэжыму Лукашэнкі
2021.11.27 07:30

«Якіх мэтаў яны хочуць дасягнуць? Па-першае хочуць, каб тыя, хто вымушана, пад пагрозай арышту, пакінуў Беларусь, жылі пад страхам, каб баяліся выказвацца публічна, каб не адчувалі сябе ў бяспецы. І, па-другое, гэта такі сігнал для беларусаў, якія засталіся на радзіме. Маўляў, калі вы пакінеце Беларусь, мы ўсё роўна можам вас знайсці, можам канфіскаваць вашую маёмасць і г.д.», – мяркуе наш суразмоўца.

Кірылюк кажа, што толькі ад саміх беларусаў залежыць, ці дойдзе да канфіскацыі іхнай маёмасці.

«Наўрад ці трэба чакаць, што ў кожнага, хто з’ехаў з Беларусі, змогуць канфіскаваць машыну ці кватэру. Фізічна гэта цяжка зрабіць. І яны да гэтага часу баяцца гэта рабіць, хоць маюць для гэтага ўсю інфармацыю.

Ідзе праверка нас на тое, наколькі мы будзем супрацьстаяць гэтым дзеянням. І калі не будзем нічога рабіць – могуць пачаць і канфіскоўваць», – кажа Міхаіл Кірылюк.

Аб’ектыў
«Пры гэтай уладзе беларус не можа адчуваць сябе ў бяспецы». Хто сапраўдны экстрэміст?
2021.11.03 22:12

Наш эксперт цалкам згаджаецца з выказваннем Вальфовіча наконт таго, што ў Беларусі не выконваецца прынцып непазбежнасці пакарання.

«Безумоўна, гэты прынцып не выконваецца. Бо дагэтуль ніхто не пакараны за забойства Бандарэнкі, дагэтуль нікога не пакаралі за не аказанне медычнай дапамогі Ашурку, не пакараныя дзясяткі тысяч прадстаўнікоў сілавых структур за злачынствы супраць чалавецтва.

Таму Вальфовіч мае рацыю. У тым ліку – і ў дачыненні да сябе. Бо тое, што ён на свабодзе і размаўляе не праз краты, а са сваёй пасады – гэта якраз яскравая дэманстрацыя таго, што ў нашай краіне не выконваецца гэты прынцып. Як і іншыя юрыдычныя прынцыпы», – лічыць Міхаіл Кірылюк.

На ягоны погляд, ніякіх абʼектыўнах юрыдычных падстаў для змены заканадаўства, якое, па словах Вальфовіча, ініцыюе СК, няма.

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў