У грамадскіх СМІ Латвіі забароняць расейскую мову


Дэпутаты Сейму Латвіі ўхвалілі праект Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, адзін з пунктаў якой прадугледжвае забарону расейскай мовы ў латвійскіх грамадскіх СМІ з 2026 года, піша Delfi.

Сцяг Латвіі.
Фота: depositphotos.com

За праект прагаласавалі 68 парламентарыяў, супраць выступілі 10 дэпутатаў. У адным з раздзелаў канцэпцыі, якую падтрымаў латвійскі парламент, гаворыцца, што з 2026 года грамадскія медыі можна будзе выдаваць толькі на латышскай мове або на іншых мовах ЕЗ, Еўрапейскай эканамічнай зоны і мовах краінаў – кандыдатаў на ўступленне ў ЕЗ.

«Дзяржава, спыніўшы фінансаванне падтрымкі на расейскай мове, завершыць працэс стварэння адзінай інфармацыйнай прасторы. У сваю чаргу, утрыманне на расейскай мове ў камерцыйных медыях за прыватныя сродкі працягне прысутнічаць», – гаворыцца ў канцэпцыі.

Hавiны
Латвія можа забараніць аўтамабілям з беларускімі і расейскімі нумарамі заставацца ў краіне
2023.09.22 16:45

Латвійскае радыё і Латвійскае тэлебачанне (LTV) раней выступілі супраць уключанай у праект канцэпцыі забароны на стварэнне расейскамоўнага кантэнту ў грамадскіх медыях. У LTV такую прапанову назвалі «блізарукай» і дыяметральна процілеглай пастаўленай мэце – умацаванню бяспекі інфармацыйнай прасторы.

«Спадзявацца, што ўсе людзі, якія штодня спажываюць медыякантэнт на расейскай мове, 1 студзеня 2026 года пераключацца на медыі, якія вяшчаюць на латышскай мове, – гэта мысленне жаданняў, а не рашэнне, заснаванае на даследаваннях пра звычкі спажывання прадукцыі медыя», – сказана ў публічнай заяве для СМІ.

Рада грамадскіх электронных СМІ таксама заклікала ўлады адмовіцца ад забароны, падкрэсліўшы, што якасны кантэнт на расейскай мове патрэбны для ахопу расейскамоўных людзей, якія жывуць у краіне «з мэтай умацавання пачуцця прыналежнасці да Латвіі».

Згодна са статыстыкай, па стане на 2023 год, рускіх у Латвіі – 23%, найбольш у Рызе – 34%.

Hавiны
У менскім метро з’явяцца ўказальнікі на расейскай мове
2023.09.19 16:35

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў