Латвія можа забараніць аўтамабілям з беларускімі і расейскімі нумарамі заставацца ў краіне


Міністэрства юстыцыі Латвіі рыхтуе законапраект, згодна з якім можа быць забароненае перабыванне транспарту з беларускімі і расейскімі нумарамі на тэрыторыі краіны. Пра гэта паведаміла міністарка юстыцыі Латвіі Інэсэ Лыбіня-Эгнэрэ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейска-латвійская мяжа. Крыніца: W0zny / wikipedia.org

Інэсэ Лыбіня-Эгнэрэ паведаміла, што ейнае ведамства рыхтуе для падачы ў Сойм папраўкі, якія будуць прадугледжваць канфіскацыю аўтамабіляў на расейскіх і беларускіх нумарах:

«Міністэрства юстыцыі адправіць у Сойм законапраект з мэтаю перадухіліць перабыванне зарэгістраваных транспартавых сродкаў у Латвіі з Расеі і Беларусі. Калі на працягу трох месяцаў не будзе перарэгістрацыі або выезду з Латвіі, транспартавы сродак сканфіскуюць».

Калі папраўкі прымуць, такія аўтамабілі неабходна будзе тэрмінова перарэгістраваць або вывезці з краіны, у адваротным выпадку іх будуць адбіраць у ўладальнікаў «на карысць Украіны».

«Любы госць, які прыязджае ў Латвію, павінен паважаць законы і парадак нашай краіны. Мінанне мяжы Еўразвязу транспартавым сродкам, зарэгістраваным у Расеі, а значыць, і перабыванне ў Латвіі, ёсць парушэннем санкцыяў. Калі аўтамабілі з расейскімі і беларускімі нумарамі не будуць своечасова перарэгістраваныя, іх могуць сканфіскаваць на карысць Украіны, якая падтрымлівае сваё войска на перадавой. У той жа час грамадзянаў Расеі і Беларусі, краіны якіх вядуць незаконную і крывавую вайну ва Украіне, і якія ўсё яшчэ хочуць перамяшчацца па тэрыторыі Латвіі, запрашаю рабіць гэта з нумарамі, зарэгістраванымі ў Латвіі, пешшу або грамадскім транспартам, выконваючы закон і правілы дарожнага руху», – дадае міністарка Інэсэ Лыбіня-Эгнэрэ.

Раней краіны Еўразвязу, якія суседнічаюць з Расеяй, забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю транспартавых сродкаў з расейскімі нумарамі. Пра намер закрыць межы для машынаў з расейскай рэгістрацыяй Літва і Латвія паведамілі 12 верасня, а 13 верасня пра гэта заявілі і ўлады Эстоніі. Фінляндыя далучылася да забароны 15 верасня, а Польшча – 17 верасня.

Забарона распаўсюджваецца на ўсе аўтамабілі, камерцыйныя і прыватныя, незалежна ад таго, грамадзянінам якой краіны ёсць кіроўца.

Hавiны
Польшча ўводзіць забарону на ўезд для аўтамабіляў на расейскіх нумарах
2023.09.16 16:45

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў