На волю выйшаў былы кіраўнік «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Віктар Фянчук


Цалкам адбыўшы свой тэрмін пакарання, на волю выйшаў экс-кіраўнік грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Віктар Фянчук, паведамляе «Еўрарадыё».

Віктар Фянчук.
Фота: Еўрарадыё

Фянчук быў асуджаны да двух з паловаю гадоў зняволення за ўдзел у пратэстах. Прысуд выносіла суддзя суду Маскоўскага раёну Менску Кацярына Мурашка.

Арнітолага і грамадскага дзеяча затрымалі 1 верасня 2021 года. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ – «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзел у іх». Нагодай для абвінавачання сталі некалькі фотаздымкаў з пратэставых маршаў 2020 года, на якіх ёсць Фянчук. Гэтыя фота былі далучаныя да матэрыялаў справы як доказы віны Фенчука.

18 сакавіка 2022 года Вярхоўны Суд Беларусі зліквідаваў «Ахову птушак Бацькаўшчыны», якую некалі ўзначальваў Віктар Фянчук. Гэтая прыродаахоўная грамадская арганізацыя працавала ў Беларусі амаль 25 гадоў.

Таксама 29 верасня стала вядома, што на волю выйшаў палітвязень Яўген Календа. Ён адбываў пакаранне за каментары ў «справе Зельцара». Яўгена затрымалі 29 верасня 2021 года ў Берасці і прысудзілі 2,5 года калоніі. Палітвязень цалкам адбыў пакаранне ў полацкай папраўчай калоніі і быў вызвалены 30 жніўня.

Паводле праваабаронцаў, у Беларусі на 29 верасня 2023 года 1491 палітвязень.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў